6 студзеня Папа Францішак прызначыў сястру Сымону Брамбілу на пасаду прэфекта Дыкастэрыі па справах інстытутаў кансэкраванага жыцця і таварыстваў апостальскага жыцця. Яна стала першай жанчынай у гісторыі, якая заняла такую высокую пасаду ў Рымскай курыі.
Заснаваная ў 1586 годзе Дыкастэрыя апякуецца прыблізна 700 000 асобаў, якія належаць да розных рэлігійных супольнасцей ва ўсім свеце. Пры гэтым колькасць законніц ужо даўно значна перавышае колькасць законнікаў. Станам на 2024 год іх суадносіны складалі 559 228 супраць 128 559.
Хто такая Сымона Брамбіла
59-гадовая Сымона Брамбіла належыць да Кангрэгацыі сясцёр-місіянерак Найсвяцейшай Панны Марыі Суцяшальніцы.
Некаторы час яна служыла на місіі ў Мазамбіку, на падставе чаго напісала дысертацыю па евангелізацыю і інкультурацыю ў афрыканскай краіне і атрымала ступень доктара псіхалогіі ў 2008 годзе ў Грыгарыянскім інстытуце псіхалогіі, дзе яна таксама выкладала. Як прафесійная медсястра Брамбіла практыкавала ў бальніцы італьянскага горада Мератэ.
У 2011 годзе яна была абраная Генеральнай настаяцельніцай сваёй манаскай супольнасці, а ў 2017 годзе пераабраная на гэту пасаду, якую займала да мая 2023 года. З 2019 года законніца ўваходзіць у Дыкастэрыю па справах інстытутаў кансэкраванага жыцця і таварыстваў апостальскага жыцця, з кастрычніка 2023 года была сакратаром гэтага ведамства, а цяпер і ўзначаліла яго.
У кастрычніку 2023 года ў інтэрв’ю італьянскаму выданню «Stampa» яна казала, што «досвед плённага кантакту з рознымі рэаліямі, народамі, культурамі, асобнымі Касцёламі, формамі кансэкраванага жыцця ў Афрыцы, Амерыцы, Азіі і Еўропа» перамяніў яе і ўмацаваў у тым, што «сустрэча з іншымі з’яўляецца крыніцай росту, абмену дарамі, ласкай» з заклікам «сеяць Евангелле» і прымусіць яго прарастаць паўсюль.
Сястра падкрэслівала ў сабе «патрэбу і жаданне вучыцца ў тых, хто мае значна больш ведаў і мудрасці» і хто «даўно прапануе свае здольнасці і энергію розуму, сэрца і душы, каб суправаджаць шляхі кансэкраваных мужчын і жанчын у розных сферах». Яна адзначала, што зможа лепш дапамагаць іншым, таксама прымаючы пад увагу важнасць слухання «кожнага, яго рознага вопыту і шляху», «каб дазволіць Духу весці нас, каб адкрыць нашы сэрцы, нашы ўнутраныя пачуцці да яго святла», «паказаць нам свае шляхі».
У студзені 2024 годзе ў інтэрв’ю італьянскай газеце «Avvenire» Брамбіла сказала, што яе прызначэнне сакратаром Дыкастэрыі кансэкраванага жыцця «знаходзіць сваё месца на касцельным шляху, які становіцца ўсё больш сінадальным, адкрытым, інклюзіўным, дыялагічным і евангельскім». Яна падкрэсліла важнасць «большага ўдзелу жанчын на розных узроўнях жыцця Касцёла», а таксама «ўважлівага вывучэння жаночага вымярэння Касцёла і місіі ў самым шырокім сэнсе: мадэляў і дынамікі мыслення, любові, адчувальнасці, духоўнасці, дзеянняў, місіі, якія ўвасабляюць два жыццёвыя вымярэнні, жаночае і мужчынскае, і прыняцця да ўвагі неабходнага, карыснага і блаславёнага ўзаемадзеяння паміж імі».
13 снежня 2024 года Брамбіла таксама была прызначаная ў Звычайную Раду Генеральнага сакратарыята Сінода, «адказную за падрыхтоўку і правядзенне Звычайнай Генеральнай Асамблеі» Сінода Біскупаў.
Роля і колькасць жанчын у Ватыкане расце
Сястра Брамбіла ў сваім першым афіцыйным дакуменце выкарыстала жаночую форму тытула «прэфектка» («prefetta» – па-італьянску). Афіцыйны сайт Дыкастэрыі таксама прадстаўляе яе як «прэфектку».
«Гістарычнае рашэнне італьянскай законніцы, прызначанай Папам Францішкам 6 студзеня 2025 года, адлюстроўвае значныя змены ў Рымскай курыі і падкрэслівае ўзрастальную ролю жанчын у кіраўніцтве Каталіцкага Касцёла», – адзначае «Vatican News».
Прызначэнне Брамбілы – адно са шматлікіх рашэнняў Папы Францішка, накіраваных на пашырэнне ўдзелу жанчын у структурах Касцёла.
У 2016 годзе Барбара Ята стала першай жанчынай-дырэктарам музеяў Ватыкана. Габрыэла Гамбіна і Лінда Гізоні з’яўляюцца намесніцамі сакратара Дыкастэрыі па справах свецкіх, сям’і і жыцця, а сястра Кармэн Рос Нортэс – Дыкастэрыі па справах кансэкраванага жыцця. У 2021 годзе Папа прызначыў сястру Наталі Бекар намесніцай сакратара Сінода біскупаў – першай жанчынай з правам голасу ў гэтым органе. У тым жа годзе сястра Алесандра Смерылі стала «нумарам два» ў Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека, а сястра Рафаэла Петрыні – генеральным сакратаром Губернатарата Дзяржавы Ватыкан. У 2023 годзе сястра Хелен Алфард узначаліла Папскую акадэмію сацыяльных навук. Яшчэ тры жанчыны былі ўключаныя ў працэс прызначэння біскупаў, стаўшы чальцамі Дыкастэрыі біскупаў.
У 2023 годзе з нагоды Міжнароднага жаночага дня «Vatican News» паведамляла, што за дзесяць гадоў доля жанчын у структурах Рымскай курыі ўзрасла з 19,3% да 26,1%. На той момант 812 з 3114 супрацоўнікаў Святога Пасада былі жанчынамі. У агульным штаце супрацоўнікаў Святога Пасада і Дзяржавы Ватыкан разам узятых колькасць жанчын вырасла з 846 на момант пачатку пантыфікату Францішка ў 2013 годзе да 1165 у 2023-м, або з 19,2% да 23,4%.
А прынятая ў 2022 годзе апостальская канстытуцыя «Praedicate Evangelium», якая дазволіла свецкім, у тым ліку жанчынам, узначальваць дыкастэрыі Рымскай курыі, адкрыла шлях да далейшага павелічэння іх прысутнасці на самых высокіх узроўнях.
Навошта прэфектцы прапрэфект?
Адначасова з прызначэннем сястры Брамбілы было абвешчана, што 65-гадовы іспанскі кардынал Анхель Фернандэс Арцімэ, былы генеральны настаяцель салезіянаў святога Яна Боска, прызначаны прапрэфектам той самай Дыкастэрыі. Пры гэтым не тлумачыцца дакладна яго роля. Калі ў верасні 2023 года Папа Рымскі ўручыў яму чырвоную шапачку, многія чакалі, што ён сам стане прэфектам. Замест гэтага яго прызначылі на пасаду, ніжэйшую, чым у законніцы.
Ды і ўвогуле прызначэнне прапрэфекта з’яўляецца навінкай для Дыкастэрыі па справах інстытутаў кансэкраванага жыцця і таварыстваў апостальскага жыцця. Гэты тытул традыцыйна надаецца асобе, якая пасля мае ўзяць на сябе ролю прэфекта або, з 2022 года, чалавеку, які дэ-факта кіруе ведамствам, дзе сам Папа тэхнічна з’яўляецца прэфектам. Апошняе ўласціва, напрыклад, Дыкастэрыі па справах евангелізацыі. Але ў выпадку з Дыкастэрыяй па справах інстытутаў кансэкраванага жыцця гэта не так.
Брытанскі «Catholic Herald» тлумачыць гэтае двайное прызначэнне наступным чынам. На думку экспертаў кананічнага права, кіраўнікі некаторых ватыканскіх дыкастэрый, якія прымаюць абавязковыя рашэнні ад імя Папы, удзельнічаючы ў выкананні яго паўнамоцтваў, павінны быць высвечанымі святарамі. Аднак сястра Брамбіла тэхнічна з’яўляецца свецкай жанчынай, таму існуе занепакоенасць, што некаторыя яе рашэнні могуць прызнаць несапраўднымі. Хоць у «Predicate Evangelium» Папа Францішак і абвяшчае, што «ў сілу паўнамоцтваў, атрыманых ад Рымскага Пантыфіка», «любы вернік можа ўзначальваць дыкастэрыю або ведамства».
«Прызначэнне Арцімэ прапрэфектам, верагодна, зʼяўляецца спробай Францішка гарантаваць, што не будзе ніякіх сумненняў аб абгрунтаванасці яе рашэнняў цяпер ці падчас будучага пантыфікату», – піша «Catholic Herald».
Выданне параўноўвае гэта з тым, што зрабіў Папа Ян Павел ІІ, калі прызначыў у 2004 годзе сястру Энрыку Разану намеснікам сакратара Кангрэгацыі па справах інстытутаў кансэкраванага жыцця і таварыстваў апостальскага жыцця. Разам з ёй тады намеснікам сакратара стаў айцец Вінчэнца Бэрталонэ, каб не было сумневаў у сапраўднасці дэкрэтаў, падпісаных Разанай.
Як адзначае іспанамоўнае каталіцкае выданне «ACI Prensa», «нягледзячы на пытанні, якія гэта магло выклікаць, прызначэнне Брамбілы не супярэчыць вучэнню Касцёла». Хоць святарскае служэнне належыць мужчынам, Касцёл прызнае роўную годнасць і ўзаемадапаўняльнасць мужчын і жанчын, дадае «ACI Prensa». Яно падкрэслівае: прызначэнне Брамбілы не прадугледжвае выканання сакрамантальных функцый, зарэзерваваных для святарства, «а хутчэй, адміністрацыйную і пастырскую ролю кіраўніцтва, якая адлюстроўвае багацце дароў і здольнасцей, каторыя жанчыны прыўносяць у Касцёл, як паказвае доўгая гісторыя ўплывовых жанчын у каталіцтве».
Мечыслаў Гапановіч
