Святы Барнаба. Сябра апостала Пятра і апостал Кіпра

11 чэрвеня Каталіцкі Касцёл успамінае Святога апостала Барнабу. Кім быў гэты чалавек і чаму ён стаў адным з самых блізкіх сяброў апостала Пятра? Прапануем вам пазнаёіцца з гэтай гістарычнай асобай бліжэй.

Барнаба, які Юзаф

Святы апостал Барнаба нарадзіўся ў пачатку І ст. на Кіпры ў сям’і багатых габрэяў і быў названы Юзафам. Адукацыю ён атрымаў у Ерусаліме, выхоўваючыся разам са сваім сябрам і аднагодкам Саулам (будучым апосталам Паўлам) у знакамітага ў той час настаўніка Гамалііла. Юзаф быў пабожны, часта наведваў храм, строга прытрымліваўся посту, захоўваў сябе ад юнацкіх захапленняў.

У той час Езус Хрыстус распачаў абвяшчэнне Евангелля. Убачыўшы Госпада і пачуўшы Яго словы, Юзаф паверыў у Яго як у Збаўцу, загарэўся да Яго любоўю і рушыў услед за Ім. Госпад абраў яго ў ліку 70-ці вучняў.

Сярод вучняў Хрыста Юзаф атрымаў новае імя – Барнаба, што па-габрэйску значыць «сын суцяшэння». Пасля Унебаўшэсця Госпада на Неба ён прадаў маёмасць, якая належала яму блізу Ерусаліма, зямлю і прынёс грошы да ног апосталаў, нічога не пакінуўшы сабе (Дз 4, 36- 37).

Сяброўства з апосталам Паўлам і апостальскае служэнне

Калі Саул (апостал Павел) пасля свайго навяртання ў 37 годзе прыйшоў у Ерусалім і хацеў далучыцца да вучняў Хрыстовых, усе асцерагаліся яго як нядаўняга ганіцеля. Барнаба ж прыйшоў з ім да апосталаў і расказаў, як Госпад з’явіўся Саулу на шляху ў Дамаск (Дз 9:26-28). З гэтага часу ён стаў спадарожнікам і блізкім супрацоўнікам у справе абвяшчэння Евангелля падчас першага місіянерскага падарожжа Апостала народаў.

Па даручэнні апосталаў святы Барнаба прапаведаваў у Антыёхіі разам з апосталам Паўлам. Разам яны каля года вучылі народ у адным з мясцовых касцёлаў. Менавіта тады людзі ўпершыню сталі звацца хрысціянамі. Неўзабаве яны вярнуліся ў Ерусалім. Калі цар Ірад забіў апостала Якава Зеведзеева і ва ўгоду юдэям узяў пад варту апостала Пятра, святыя апосталы Барнаба і Павел, выведзеныя з вязніцы Анёлам Гасподнім, схаваліся ў доме цёткі Барнабы, Марыі. І як толькі ганенне сціхла, яны вярнуліся ў Антыёхію, узяўшы з сабой сына Марыі Яна, празванага Маркам.

Пазней яны адплылі на Кіпр, дзе ў горадзе Саламін прапаведавалі Слова Божае ў іудзейскіх сінагогах.

Апосталы пабывалі ў Пергіі Памфілійскай, а затым прапаведавалі юдэям і язычнікам у Антыёхіі Пісідыйскай. Юдэі выгналі Паўла і Барнабу. Тады апосталы прыйшлі ў Іканію, але даведаўшыся пра тое, што юдэі хочуць пабіць іх камянямі, адышлі ў Лістру і Дэрвію. Там апостал Павел аздаравіў чалавека, які ад нараджэння не варушыў нагамі. Народ прыняў іх за багоў Зеўса і Гермеса і хацеў прынесці ім ахвяру. Апосталы ледзь пераканалі людзей не рабіць гэтага.

Акрамя Антыёхіі і Кіпра, Барнаба першым прапаведаваў вучэнне Хрыста ў Рыме і заснаваў біскупскую катэдру ў Мілане, а пасля вяртання на востраў працягнуў несці Слова Божае народу Кіпра.

Мучаніцкая смерць Барнабы

Аднак не ўсім прыйшліся даспадобы прамовы Святога Апостала. Разлютаваныя юдэі паднялі язычнікаў супраць Барнабы. Яго вывелі з горада і забілі камянямі. Язычнікі распалілі вогнішча, каб спаліць цела, але гэта ім не ўдалося. Пазней, прыйшоўшы на гэтае месца, Марк узяў цела Апостала, якое засталося цэлым, і пахаваў у пячоры. Паводле яго запавету, Марк паклаў на грудзі Апостала перапісанае яго ўласнай рукой Евангелле ад Мацвея.

Памёр апостал Барнаба каля 62 г., на 76 годзе жыцця. З цягам часу месца пахавання Апостала ў пячоры было забыта. Але адбываліся шматлікія з’явы на гэтым месцы. У 448 годзе пры імператару Зянону апостал Барнаба тройчы з’яўляўся ў сне арцыбіскупу Кіпра Анфіму і паказаў месца пахавання сваіх мошчаў. Пачаўшы капаць ва ўказаным месцы, хрысціяне знайшлі нятленнае цела Апостала і святое Евангелле, якое ляжала на яго грудзях.

Святога Барнабу называюць «Апосталам Кіпра» і просяць у яго абароны ад сварак, ад смутку і ад граду.

Падрыхтавала Вікторыя Арфеева

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі