Святая, якая дапамагае ў безнадзейных справах

22 мая Каталіцкі Касцёл успамінае святую Рыту з Касіі, каштоўную перліну сярод святых. Яна з’яўляецца адной з самых папулярных святых на працягу некалькіх стагоддзяў. Людзі моляцца да яе ў самых розных інтэнцыях, просяць дапамогі ад хваробы і ранаў, у стратах, у вырашэнні шлюбных праблем, у немагчымых і безнадзейных сітуацыях, у складаных і адчайных выпадках.

Будучая святая нарадзілася каля 1380 г. непадалёк ад Касіі (Умбрыя, Італія). Яе жыццё ад самага пачатку было прасякнута цудамі і дзіўнымі падзеямі. Яна была адзіным і познім дзіцём у сям’і, вымаленым бацькамі ў Бога.

Чаму святая Рыта лічыцца святой “безнадзейных выпадкаў”?

Біёграфы святой Рыты распавядаюць, што, калі яе маці была цяжарнай, да яе ў сне з’явіўся анёл, які абвясціў, што жанчына чакае нараджэнне дачкі, і загадаў назваць дзяўчынку Рытай. Нараджэнне Рыты – правобраз нараджэння святога Яна Хрысціцеля, таксама адзінага сына пажылых бацькоў, якія ўжо страцілі надзею мець дзяцей. Магчыма, ад самага нараджэння Рыце было наканавана стаць святой “безнадзейных выпадкаў”.

Цуды з дзяцінства

Існуе таксама паданне, якое расказвае, што пасля хросту маленькай Рыты, калі яна спала ў калысцы, некалькі дзён запар белыя пчолы збіраліся ў яе на вуснах і адкладалі ў яе рот салодкі мёд. Пры гэтым не чынячы ніякай крыўды дзяўчынцы. Адзін з жыхароў вёскі, які ўбачыў як гэта адбывалася, паспрабаваў сваёй параненай рукой адагнаць пчол ад дзіцяці. У гэты момант яго параненая рука цудоўным чынам аздаравілася.

Сямейнае жыццё незвычайнай святой

З чатырнаццаці гадоў Рыта марыла пайсці ў кляштар. Аднак будучы паслухмянаю волі бацькоў, каб зноў жа стаць прыкладам для замужніх жанчын і маці, яна выйшла замуж за жыхара іх горада Паола Манчыні, які належаў да ваяўнічага і магутнага сямейнага клану. У мужа Рыты быў жахлівы характар, яго баялася ўся ваколіца, але жонка сваёю пяшчотаю і дабрынёю змяніла сэрца мужчыны, з якім пражыла васямнаццаць гадоў. У шлюбе ў іх нарадзілася двое дзяцей-блізнят – Джакома і Паола Марыя.

Муж прычыняў Рыце шмат пакутаў тым, што ўвесь час забіваў людзей на загад клану. Часам быў жорсткі з ёй, але яна суцяшалася малітвай і адказвала яму дабром на яго жорсткасць, працягваючы быць вернай Хрысту на працягу ўсіх гадоў шлюбнага жыцця. Яна ўвесь час спрабавала спыніць варожасць, якая панавала паміж мужчынамі клану мужа, але толькі свайго сужэнца змагла ў рэшце рэшт схіліць да веры, дабра і даравання.

Мужа Рыты забілі тады, калі ён паспеў ужо паяднацца з Богам. На пахаванні сужэнца святая публічна прабачыла забойцам і абяцала за іх маліцца, за што наклікала на сябе гнеў з боку помслівай сям’і Манчыні. Сям’я мужа сілком забрала сыноў Рыты да сябе, каб падрыхтаваць хлопчыкаў да вендэты за бацьку. Але маці малілася, каб лепш яны самі загінулі, чым пралілі чужую кроў. І сапраўды, абодва юнакі неўзабаве памерлі падчас эпідэміі.

Застаўшыся адна, няшчасная маці вырашыла аддаць і сябе ў рукі Бога, падаўшы прашэнне аб уступленні ў жаночы манастыр св. Аўгусціна. Але ёй зноў было адмоўлена. Сумныя падзеі працягвалі вісець над Рытай. Прыняць “крывавую ўдаву” азначала ўцягнуць у права помсты і манастыр, і яго насельнікаў, непазбежна звязаных па нараджэнні або па сваяцтве з тым ці іншым варожым бокам. Рыта зразумела, што гэтыя дзверы не адчыняцца, пакуль не будзе дасягнутае прымірэнне паміж раднёй забойцы і забітага. І яна сама ўзяла на сябе абавязак наладжваць сувязі прабачэння, убачыўшы ў гэтым волю Бога і сваю місію. Колькі нянавісці і злосці, колькі пагарды і адмоваў давялося ёй вынесці, перш чым растаялі разлютаваныя сэрцы! Гэта была доўгая і цяжкая праца, аднак вынік аказаўся цудам. Фактычна Рыта спыніла кровапралітную вайну ў цэлым горадзе, вайну, якая цягнулася пакаленнямі.

Жыццё ў кляштары

Святая Рыта ўступіла ў кляштар аўгусцінаў св. Марыі Магдалены ў Касіі. Тут, адасобіўшыся ад свету, яна вяла жыццё, напоўненае пакаяннем і духоўнай любоўю да Укрыжаванага Збаўцы. Штодня паглыблялася ў разважанне над Мукай Хрыстовай. Яна мела шмат містычных аб’яўленняў.

Жанчына не ўмела ні чытаць, ні пісаць, таму ёй у кляштары даручалі вельмі простыя паслугі, якія тая ахвотна выконвала. Падчас працы Рыта часта цалавала пярсцёнак – знак сваёй сувязі з Езусам Абраннікам.

Стыгматы

Святая шмат малілася. Вымаліла сабе дар стыгматаў. На галаве манахіня адчувала рану ад аднаго з шыпоў з вянка Езуса, што нагадвала ёй пра Мукі Збаўцы. Паводле падання, у 1428 годзе аднойчы раніцай Рыта атрымала з рук Хрыста вялікі драўляны шып, які аказаўся ўбiты ёй у косць ілба. Гэта быў адбітак цярновага вянка, які быў на Езусе Хрысце ў дзень Яго ўкрыжавання. Аскепак шыпа вынялі з яе ілба і пакінулі ў якасці рэліквіі. Кожную раніцу рана адкрывалася сама па сабе, пакуль не пачаў струменіць моцны пах, які пратрымаўся цудоўным чынам да канца яе дзён.

Як гэта адбывалася

Была Вялікая Пятніца. Рыта слухала кранальнае казанне пра мукі Хрыста. Вярнуўшыся ў манастыр, яна зараз жа ўпала на калені перад Крыжом, молячыся і разважаючы з любоўю ў сэрцы… Яна маліла Яго, абліваючыся слязьмі, і прасіла Езуса Хрыста пра адну міласць: даць ёй адчуць і выпрабаваць на сваім целе такі ж боль, які Ён адчуў ад шыпа на Сваім святым цярновым вянку… І яе просьба была выканана: у сярэдзіне ілба яна адчула не толькі боль ад вострых шыпоў, але адзін шып застаўся, зрабіўшы рану, пераўтвораную ў язву, якая засталася ў яе на ўсё жыццё.

Гэтая містычная з’ява працягвалася пятнаццаць гадоў. Рыта таксама прасіла Бога, каб рану не бачыў ніхто навокал. І была пачутая.

Апошнія гады жыцця жанчына правяла ў адзіноце, несучы на чале знак церня Мукі Пана. Рана загаілася толькі адзін раз, калі яна вырашыла накіравацца ў Рым, каб удзельнічаць у юбілейным адпусце.

Ружа сярод зімы

Пазней ужо невылечна хворая Рыта папрасіла знаёмую, якая захацела хоць чым-небудзь дапамагчы ёй, прынесці для яе ружу. Нягледзячы на тое, што гэта быў марозны зімовы дзень, у садзе заквітнела незвычайнай прыгажосці ружа. Ашаломленая жанчына, убачыўшы кветку і цудоўныя плады, якія з’явіліся сярод зімы, на марозе, сарвала іх і прынесла Рыце. Такім чынам Госпад выказваў відавочныя знакі Сваёй любові да ўлюбёнай нявесты. Рыта з радасцю ўзяла гэтую кветку як сімвал любові свайго Нябеснага Абранніка. З тых часоў на абразах святая Рыта намалявана з ружамі.

Смерць

Рыта памерла 22 мая 1457 года ад сухотаў. Адразу пасля смерці святой праз яе заступніцтва пачало адбывацца шмат цудаў, якія садзейнічалі распаўсюджванню яе культу. Праз дзесяць гадоў пасля смерці некранутае распадам цела святой паклалі ў прыгожы шкляны саркафаг. Беатыфікацыя Рыты адбылася ў 1628 г., а ў 1900 г. Папа Леў ХІІІ абвясціў яе святою. Цяпер яе цела спачывае ў санктуарыі ў Касіі, куды прыходзіць шмат пілігрымаў. У памяць пра святую ў дзень яе ўспаміну (22 мая) у Італіі асвячаюцца «ружы святой Рыты».

Цуды пасля смерці

Праз дзвесце гадоў пасля смерці святой Рыты ў манастыры Касіі адбылося нешта незвычайнае. Белыя пчолы, якія насяляюць сцены манастыра і якія паводле падання аб нараджэнні святой называюцца “пчоламі святой Рыты”, сталі вылятаць са сцен кляштара на працягу ўсяго Вялікага Тыдня (Вялікадня) кожны год і працягвалі лётаць у паветры аж да дня святой Рыты, да 22 мая. Пасля чаго яны вярталіся ў свае цясніны да наступнага Вялікадня. Цясніны ў сценах, якія пчолы традыцыйна насяляюць, можна добра ўбачыць і сёння, калі прыехаць у кляштар.

Літанія да св. Рыты
(для прыватнага чытання)

Кiрые, элейсон,
Хрыстэ, элейсон, Кiрые, элейсон.
Хрыстэ, пачуй нас, Хрыстэ, выслухай нас.
Ойча з неба, Божа, – змiлуйся над намi.
Сыне, Адкупіцель свету, Божа, – змiлуйся над намi.
Духу Святы, Божа, – змiлуйся над намi.
Святая Тройца, Адзiны Божа, – змiлуйся над намi.
Святая Марыя, Маці Добрай Рады, – маліся за нас.
Святы Юзэфе,
Святы Аўгусціне,
Святая Моніка,
Святая Рыта –
Заступніца ў безнадзейных справах,
Суцяшальніца засмучаных,
Прытулак і абарона пакінутых,
Верная заступніца ва ўсіх патрэбах,
Прыклад лагоды і пакоры,
Узор паслухмянасці і адрачэння,
Узор цярплівасці і прысвячэння сябе Богу,
Аздоба ордэна аўгусцінаў,
Ружа любові,
Шанавальніца Езуса Укрыжаванага,
Абранніца Езуса ў цярпенні,
Святая Рыта, параненая цернем з цярнёвай кароны Хрыста,
Святая Рыта, ранаю на чале ўпрыгожаная,
Святая Рыта, поўная даверу да Божага Провіду,
Святая Рыта, цалкам прысвечаная Богу,
Святая Рыта, магутная заступніца перад Езусам,
Святая Рыта, праслаўленая Богам праз цуды,
Святая Рыта, заўсёды выслуханая Богам, – маліся за нас.
Каб мы выракліся ўласнай любові, – выпрасі для нас, святая Рыта.
Каб мы ўдасканальваліся ў пакоры,
Каб мы цярпліва неслі свой крыж,
Каб мы любілі Бога па-над усім,
Каб мы заўсёды выконвалі Яго волю,
Каб мы ахвотна прабачалі вінаватым нашым,
Каб мы любілі бліжніх, як саміх сябе,
Каб мы наследавалі Твае цноты, – выпрасі для нас, святая Рыта.
У кожным выпрабаванні, – падтрымлівай нас, святая Рыта.
У кожнай небяспецы,
У кожнай патрэбе і ўціску,
У кожным засмучэнні і няшчасці,
У пакутах і цярпенні,
У хвіліну смерці, – падтрымлівай нас, святая Рыта.
Баранку Божы, які бярэш на сябе грахі свету, – даруй нам, Пане.
Баранку Божы, які бярэш на сябе грахі свету, – выслухай нас, Пане.
Баранку Божы, які бярэш на сябе грахі свету,– змілуйся над намі.

С.: Маліся за нас, святая Рыта.
Усе: Каб сталiся мы годнымi абяцанняў Хрыстовых.

Молімся. Ойча Нябесны, Ты дазволіў святой Рыце прыняць удзел у Муцы Хрыстовай. Удзялі нам ласку і сілу, каб годна перажыць уласныя цярпенні і прымаць больш глыбокі ўдзел у Пасхальнай таямніцы Твайго Сына, Які з Табою жыве і валадарыць у еднасці Духа Святога, Бог праз усе вякі вечныя. Амэн.

Малітва да святой Рыты

Святая Рыта, апякунка ў цяжкіх справах, заступніца ў безнадзейных сітуацыях, цудоўная зорка святога Касцёла, люстра цярплівасці, пераможца злога духа, лекарка хворых, суцяшэнне засмучаных, узор сапраўднай святасці, любімая абранніца Хрыста, пазначаная цернем з цярнёвай кароны Укрыжаванага.

Усім сэрцам ушаноўваю цябе і прашу, маліся за мяне, каб ва ўсіх жыццёвых сітуацыях я навучыўся прымаць Божую волю. О святая Рыта, прыйдзі мне на дапамогу і ўчыні, каб я спазнаў вынік тваёй апекі, каб былі пачутыя мае малітвы каля трона Божага. Выпрасі для мяне ласку ўмацавання ў веры, надзеі і любові, шчырага праслаўлення Марыі, а таксама ласку (назваць).

Учыні, каб, перамогшы ўсялякія перашкоды і спакусы, я змог калісьці дасягнуць неба і там дзякаваць табе і вечна радавацца разам з Айцом, Сынам і Духам Святым. Амэн.

Падрыхтавала Вікторыя Арфеева

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі