16 мая ў полацкай парафіі адбыўся фэст у гонар святога Андрэя Баболі. Святкаванне распачалося з адарацыі Найсвяцейшага Сакраманту, падчас якой усе сабраныя ўзнеслі свае малітвы да Бога праз заступніцтва святога Андрэя і ўшанавалі спевам Літаніі Найсвяцейшую Панну Марыю.
Святую Імшу з нагоды ўрачыстасці ўзначаліў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. Разам з ім літургію цэлебравалі святары Полацкага дэканату, а таксама Апостальскі адміністратар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек.
Казанне прамовіў айцец Віктар Жук SJ. Святар звярнуў увагу сабраных на прыклад руплівасці святога Андрэя Баболі ў справе евангелізацыі, а таксама на прыклад мучаніка ў тым, каб быць сапраўдным сведкам Хрыста, сведчыць аб сваёй веры ажно да праліцця крыві.
Напрыканцы святой Імшы вернікі з удзячнасцю Богу за заступніцтва Андрэя Баболі праспявалі гімн “Te Deum” і ўшанавалі рэліквіі святога апекуна парафіі.
Марыя Ганчаронак, facebook.com
