“Сведкі веры ў нованароджанага Езуса Хрыста”. У Мёрах адбыўся фестываль каляднай песні “Зорка Бэтлеема” (+відэа)

У Віцебскай дыяцэзіі ёсць добрая традыцыя: збірацца на пачатку года, каб разам радавацца нараджэнню Езуса Хрыста і праслаўляць Яго сваімі талентамі. Гаворка пра ўсім вядомы фестываль “Зорка Бэтлеема”, які сёлета ХХІ раз прайшоў у Мёрах.

Раніцай 3 студзеня ўдзельнікаў з Браслава і Полацка, Варапаева і Мінска, Глыбокага і Пастаў гасцінна прымалі ў мясцовым доме культуры. Да конкурснай праграмы падрыхтаваліся таксама і гаспадары фестывалю.

З прывітальным словам да гасцей і ўдзельнікаў звярнуўся мясцовы пробашч ксёндз Андрэй Кулік. Ён звярнуў увагу, што кожны прысутны складае вялікае сведчанне веры, адзінства і радасці ад прыйсця Бога на Зямлю.

“Сёння галоўнае не перамагчы, а добра правесці час, пабыць разам і шчырым сэрцам праславіць Езуса Хрыста.” – зазначыў святар.

Таксама да прысутных звярнуўся старшыня Мёрскага раёна Савета дэпутатаў Драба Валерый Анатольевіч.

Конкурсную праграму распачалі ўдзельнікі з Браслаўскай парафіі Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі. Удзельнікі гурта Браслаўскай дзіцячай школы мастацтваў “Акварэль” выканалі традыцыйны  спеў “А ўчора з вячора”, а таксама сучасны “Яркая зорачка”. Моладзевы гурт парадаваў гледачоў гучнай калядкай “Як прыбеглі пастухі ў Бэтлеем”, якую аздобілі харэаграфічнай пастаноўкай.

Драбовіч Сафія, удзельніца з Полацкай парафіі святога Андрэя Баболі прадставіла музычную кампазіцыю П’етра Бенчыні “Арыета” і заспявала калядку “Свеціць нам зорка”.

Наступныя выступоўцы былі з Варапаеўскай парафіі святога Міхала Арханёла. Халдзей Макар зайграў “Паланез” Агінскага. Маленькія ўдзельніцы конкурсу Волк Арына і Млечко Міраслава прадставілі калядку “Спяваюць званочкі”, аздобіўшы яе ігрой на трохвугольніку і званочку. Мацкевіч Кіра і Кузьміч Алёна заспявалі “Нарадзіўся цар”, а Казаровец Ульяна захапіла гледачоў выкананнем лірычных твораў “Неба ў маіх абдымках” і “Цар нарадзіўся нам”.

З Мінскай парафіі Святога Духа на фестываль завітаў таленавіты Корабаў Давід. Хлопчык зайграў “Менуэт” І.С.Баха, “Смелы вершнік” Р.Шумана, а таксама заспяваў калядкі “Нова радасць” і “Вясёлае Раство”.

Калі на сцэну выйшлі прадстаўнікі Пастаўскай парафіі святога Антонія Падуанскага, адразу стала светла і весела ад яркіх касцюмаў ды запальных танцаў. Дзеці выканалі шмат прыгожых калядак. Дашчынскі Данііл заспяваў “Босы пастушок”, Ксенія Коваль – “На Зямлю ідзе Езусік”, Татарчук Вікторыя — “Звёздочки ярко сияли”, Трушчына Майя  — “Ты нарадзіўся, Пане”, Вярцінскі Даніла і Дашчынскі Данііл — “Нябесная навіна”. Дуэт Шырокая Анастасія і Прэдкель Анастасія парадавалі выкананнем калядкі “Вітай, зорка залатая”. Сольны спеў “Божае Дзіцятка” прадставіла гледачам Шырокая Аляксандра, а Пракоф’ева Паліна заспявала калядку “Белая зямля”.

Каб крыху падсілкавацца, пацешыць гледачоў і паварушыцца, вядучыя прапанавалі перапынак у конкурснай праграме. Прысутныя маглі выпіць цёплых напояў, паласавацца смачным печывам. А сапраўдным падарункам для ўсіх сталі інтэграцыйныя танцы, якія арганізавала сястра Мар’яны Гроць з Варапаева.

Другое аддзяленне конкурснай праграмы распачалося выступленнем дзяцей і моладзі з Глыбоцкай парафіі Святой Тройцы. Трэба сказаць, што гэта былі не проста спевы, а маленькі “канцэрт у канцэрце”. Яго вядучымі сталі Бажэна Бервячонак і Антон Згірскі. У выкананні Дзіяны Раманчук прагучала калядка “Поклонись Царю”. Сапраўдным упрыгожваннем нумара стала харэаграфічная кампазіцыя гурта “Крылатыя сэрцы”. Сольны спеў «В эту ночь» выканала Елізавета Бука, а моладзевы гурт  уразіў спевам “Чуеш гучыць”. Глыбачане завяршылі праграму інструментальнай кампазіцыяй “Аve Maria”, якую на трубе выканаў Аркадзій Рабкоўскі. Аздобіла нумар драматычная харэаграфічная пастаноўка.

Завяршылі конкурсную праграму прадстаўнікі Мёрскай парафіі. Бондар Вольга заспявала калядку на польскай мове “Zlota gwiazdka”, Дана Падзява прадставіла спеў “Найсвяцейшая зорка”. Кулеш Захар выканаў на гітары твор С.Калганава “У чаканні Раства“. “Калядку прама з неба” выканала Бунта Караліна, а “Калядку для Немаўляці” – Анастасія Кунцэвіч. Дзіцячы гурт прадставіў вясёлы спеў “Едуць музыкі”.

Пасля завяршэння конкурснай праграмы удзельнікаў чакаў смачны абед а журы – нялёгкая праца вызначэнне пераможцаў.

Перад тым як абвесціць вынікі, галоўны арганізатар фестывалю Ксёндз Андрэй Кулік шчыра падзякаваў усім удзельнікам, а таксама арганізатарам і спонсарам: біскупу Віцебскаму Алегу Буткевічу, дабрачыннаму каталіцкаму таварыству Карытас Віцебскай дыяцэзіі,  супрацоўнікам Мёрскага гарадскога выканаўчага камітэту, выдавецкаму дому Молпрэс.

А вынікі конкурсу такія :

Малодшая група намінацыя “Сола ”:

  1. Корабаў Давід – Мінск;
  2. Бондар Вольга  — Мёры.

Малодшая група намінацыя “Гурт”:

  1. хор “Акварэль” – Браслаў;
  2. — Вярцінскі Даніла і Дашчынскі Данііл – Паставы
    — дзіцячы гурт з Мёр;
  3. Волк Арына і Млечко Міраслава – Варапаева.

Малодшая група намінацыя інструментальная творчасць:

  1. Корабаў Давід – Мінск.

Сярэдняя група намінацыя  “Сола”:

  1. Раманчук Дзіяна – Глыбокае;
  2. – Кунцэвіч Анастасія – Мёры;
    – Падзява Дана – Мёры;
  3. Трушчына Мая – Паставы.

Сярэдняя група намінацыя “Гурт”:

2 — моладзь з Браслава;

3 – моладзь з Варапаева.

Сярэдняя група намінацыя  “Інструментальная творчасць”:

  1. Кулеш Захар – Мёры;
  2. Халдзей Макар – Варапаева.

Старэйшая група намінацыя “Сола”

  1. — Бука Елізавета – Глыбокае;
    — Казаровец Ульяна – Варапаева;
  2. Драбовіч Сафія – Полацк;
  3. Бунта Караліна – Мёры.

Старэйшая група намінацыя “Гурт”:

  1. моладзь з Глыбокага;
  2. моладзь з Пастаў.

Старэйшая група намінацыя “Інструментальная творчасць”

  1. Рабкоўскі Аркадзій —  Глыбокае;
  2. Драбовіч Сафія – Полацк.

Закончыўся фестываль калядкай “Зорка Бэтлеемска”, якую разам з гледачамі выканалі ўсе ўдзельнікі.

Вікторыя Філіпенка, тэкст
Марына Сінкевіч, фота
Леанід Юрык, відэа

для друку для друку