Урачыстасць адбылася ў чацвер 4 кастрычніка, калі Каталіцкі Касцёл адзначае ўспамін святога Францішка Асізскага.
На ўрачыстасць у Удзела прыбылі ксёндз Мікалай Ціхановіч, дэкан Глыбоцкі, святары з Глыбокага
Іван Кароткін і Віталь Бяленік, дыякан Уладзіслаў Шарковіч, ксёндз Пётр Пятрага з Касцяневічаў, сёстры законныя з Глыбокага і Варапаева, а таксама айцы-аблаты Анджэй Юхневіч і Дзмітрый Занямонскі. Год таму айцы праводзілі тут святыя Місіі, а ў гэты дзень распачалі іх аднаўленне.
Таксама на ўрачыстасці прысутнічалі свецкія францішкане з Глыбоцкага дэканату, якія на сённяшняй урачыстасці меліся аднавіць свае абяцанні.
Адпустовую святую Імшу ўзначаліў ксёндз Мікалай Ціхановіч. На пачатку богаслужэння ўсіх прывітаў пробашч парафіі ў Удзеле айцец Яраслаў Банасяк. Ад сябе і ад айца Вальдэмара Куявы ён падзякаваў святарам і вернікам за прысутнасць на гэтай урачыстасці і заклікаў да малітвы за айца Яна Херніка, які таксама служыць у Удзеле, а зараз знаходзіцца ў шпіталі.
Мясцовы пробашч распавёў пра значэнне дзесяці Божых запаведзяў у жыцці чалавека. Падчас гэтага айцы-місіянеры прынеслі да алтара сімвалічныя каменныя скрыжалі ў памяць таго, што некалі іх атрымаў ад Бога прарок Маісей на гары Сінай. Год таму, калі Удзелаўская парафія адзначала сваё трохсотгоддзе, айцы Анджэй і Дзмітрый праводзілі тут святыя Місіі, а зараз зноў прыехалі, каб іх аднавіць.
Слова да вернікаў прамовіў айцец Анджэй. Напачатку сваёй гаміліі святар спыніўся на асобе святога Францішка, заснавальніка трох манаскіх ордэнаў, а таксама Трэцяга закона, які ахоплівае свецкіх людзей, што прагнуць жыць паводле прынцыпаў, абвешчаных бедняком з Асізі. Трэці закон быў заснаваны ў 1221 годзе, таму праз тры гады яго ўдзельнікі будуць святкаваць свой васьмісотгадовы юбілей.
Святар-місіянер параўнаў Божыя запаведзі з дарожнымі знакамі, якія ставяцца для таго, каб нам бяспечна дасягнуць мэты нашага падарожжа. Таму і Пан Бог дае нам свае запаведзі, каб мы бяспечна дасягнулі мэты нашага падарожжа – жыцця вечнага.
Таксама айцец Анджэй паразважаў на тэму свабоды і абмежаванняў. “Кожная рака мае сваё рэчышча, мае сваё абмежаванне. І гэтае рэчышча не спыняе раку. Калі яна плыве ў сваіх межах, то яна спакойна дасягае мэты свабоды – акіяну. Так і наша свабода, калі яна накіравана праз дзесяць Божых запаведзяў, то яна даходзіць да сапраўднай вольнасці.”
Калі рака пераходзіць свае межы, то пачынаецца бедства – паводкі. Так адбываецца і з намі – калі мы пераходзім межы, што нам вызначыў Бог, то ў нашым жыцці таксама ўсё разбураецца.
Напрыканцы гаміліі айцец Анджэй заклікаў маліцца да святога Францішка, каб той дапамог зразумець значэнне Божых запаведзяў у нашым жыцці.
Далей распачаўся абрад аднаўлення абяцанняў сярод удзельнікаў супольнасці свецкіх францішканаў. Свае абяцанні аднавілі пяць чальцоў закону: адзін брат і чатыры сястры.
На заканчэнне Імшы вернікі з Удзелаўскай парафіі выказалі падзяку сваім святарам – айцам Яраславу і Вальдэмару – і падаравалі ім кветкі. Падзяка святарам была выказаная і з боку свецкіх францішканаў.
Далей вернікі памаліліся Літаніяй да святога Францішка і прайшлі працэсіяй вакол святыні, пасля чаго атрымалі бласлаўленне Найсвяцейшым Сакрамантам.
А закончылася ўрачыстасць ушанаваннем рэліквій святога Францішка.
Зміцер Лупач, тэкст;
Леанід Юрык, фота
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!


































