“Сусвет ёсць, але мяне ў ім няма”. Псіхолаг пра рэаліі дэпрэсіі

У лютым польскую інтэрнэт-прастору ўскалыхнула навіна, што біскуп Эдвард Дайчак адмаўляецца ад сваёй пасады ў тым ліку па прычыне дэпрэсіі. Разам з тым, калі ў беларускіх сацсетках даецца анонс духоўных практыкаванняў на тэму змагання з дэпрэсіяй, месцы на ўдзел разлятаюцца з хуткасцю святла. Аднак у каталіцкай супольнасці дагэтуль можна пачуць недарэчныя адносна хворага парады: “табе проста трэба больш маліцца” або “пачні спавядацца часцей”. А псіхічная немач сярод духоўных асобаў – увогуле “табу”.

Анжаліка Кузікевіч

Чаму дэпрэсія – гэта сур’ёзна і для выйсця з яе недастаткова духоўных практык, разбіраемся з траўматэрапеўтам, псіхолагам і каталічкай спадарыняй Анжалікай Кузікевіч.

– Спадарыня Анжаліка, якія праблемы бяруць свой пачатак у псіхіцы, а якія – у духоўнасці?

– Вельмі добра можна ўбачыць гэтую розніцу на прыкладзе сямі смяротных грахоў. Узяць хаця б нястрыманасць у ежы і піцці. Калі ў чалавека перыядычна ў моманты стрэсу здараюцца пераяданні, то такім чынам ён намагаецца атрымаць задавальненне, зняць напружанне. І гэта псіхічная праблема, якая патрабуе іншага вырашэння. Калі ж чалавек звычайна пераядае пры кожнай нагодзе – гэта абжорства, духоўная загана.

Або разгледзім ляноту. Калі псуюцца адносіны ў сужэнстве, а напрыклад, муж не хоча прыкласці найменшае намаганне, каб іх палепшыць, то гэта духоўная лянота – грэх. Аднак калі чалавек пакутуе праз пэўныя страхі і трывогі, што апанавалі ягоныя думкі, то гэта псіхічная праблема – дэпрэсіўны стан.

– Калі проста, чым з’яўляецца дэпрэсія? Па якіх прыкметах яе можна заўважыць?

– Дэпрэсія – гэта хвароба, якая дыягнастуецца медыцынскім псіхатэрапеўтам і для лячэння якой неабходна медыкаментознае ўмяшальніцтва, спалучанае з псіхатэрапіяй. Гэта не дрэнны настрой, выкліканы сваркай з блізкім чалавекам (бо ён зменіцца, як толькі наступіць прымірэнне). Гэта стан, з якім асоба не можа справіцца самастойна.

Прыгнечанасць цягам месяца, бяссілле, страта сэнсу жыцця, плаксівасць, парушаны сон – вось толькі некаторыя з доўгага спісу прыкмет дэпрэсіі. Вельмі дапамагчы ў вызначэнні наяўнасці сімптомаў можа быць апытанка Бэка, каторая паказвае, на якой стадыі знаходзіцца чалавек: прыгнечаны настрой, дэпрэсіўны стан ці непасрэдна дэпрэсія.

– Ці можа хворы дапамагчы сабе самастойна?

– Самае галоўнае ў выпадку дэпрэсіі – пагадзіцца прыняць дапамогу.

Медыкаментозную, каб прыбраць сімптомы. А таксама псіхалагічную, каб разабрацца, што справакавала гэты стан, і больш не вяртацца да яго. Калі чалавек ведае, што існуе такі дыягназ, або ён назіраў яго ў блізкіх, яму будзе прасцей зразумець сваю сітуацыю. Аднак часта хворы проста не мае сілы, каб змагацца самастойна. Або адмаўляецца прызнаваць гэтую немач.

– Што прадпрымаць і чаго пазбягаць у стаўленні да чалавека з дэпрэсіяй?

– Думка, якая дамінуе ў галаве хворага, – што ён ніхто. Таму трэба бясконца нагадваць чалавеку пра яго добрыя справы, пра яго важнасць і каштоўнасць. Не крытыкаваць. Атачаць пашанай і клопатам. Прапаноўваць дапамогу, але не ціснуць. Мякка казаць пра тое, што варта было б праверыць, паставіць дыягназ. Існуе шмат фраз, да якіх хворы можа прыслухацца і пачаць дзейнічаць: “Так не можа больш працягвацца”; “Мне вельмі балюча глядзець на цябе, калі я бачу, як табе цяжка”; “Я адчуваю, што цябе нешта турбуе. Давай паспрабуем разабрацца разам”; “Можа, варта звярнуцца да доктара? Я суправаджу цябе на прыём”.

Дэпрэсія ўзнікае таму, што ў чалавека штосьці здарылася. І ў ніякім разе нельга абясцэньваць ягоныя праблемы. “Вазьмі сябе ў рукі”, “Не грузіся”, “Усё пройдзе”, “Падумаеш! Гэта ўсё глупства”, “Ды якія ў цябе праблемы?! Вось паглядзі, у іншых – праблемы! У каго дзеці хворыя, у каго рук, ног няма”. Згаданыя фразы ці рэзкі тон толькі пагоршаць стан таго, хто пакутуе, таму лепш іх не выкарыстоўваць.

– Падчас псіхічнай немачы бяссілле прыходзіць у кожную сферу жыцця, нават у падтрыманне адносін з Богам. Як захаваць гэтую крыніцу моцы?

– Любоў Хрыста не залежыць ад таго, наколькі якасна чалавек практыкуе веру. Напрыклад, калі хтосьці ляжыць без прытомнасці пасля аварыі і не можа звярнуцца да Бога, Ён усё роўна побач. Дэпрэсія – гэта хвароба, падчас якой вельмі складана адэкватна ўспрымаць рэальнасць. Таму трэба даць сабе час і не прымушаць рабіць больш, чым можаш. Бог усё роўна не пакіне.

– Існуе падабенства ў апісанні дэпрэсіі і “ночы духа” – паняцця з каталіцкай духоўнасці, якое таксама характарызуе змрочныя думкі. Мы пачалі з адрозненняў паміж псіхічнымі і духоўнымі праблемамі, а як не блытаць згаданыя вышэй станы?

– На маю думку, дэпрэсія – гэта калі раствараецца “я”. Чалавек усведамляе існаванне свету, людзей навокал, Бога. Але ён страчвае сябе, страчвае сэнс уласнага жыцця. У сваю чаргу “ноч духа” – гэта адчуванне, нібы Бог раствараецца. Чалавек працягвае ўсведамляць сябе як асобу, але асоба Бога губляецца. Вернік хоча быць побач з Госпадам, але больш не бачыць Яго святла і блукае ў цемры. Падобнае адчуванне ўплывае на псіхічнае самапачуццё, але чалавек дастаткова добра функцыянуе ў атачэнні.

Іншае адрозненне – што “ноч духа” правакуюць прычыны, звязаныя з развіццём духоўнасці. Напрыклад, чалавек думаў, што святары бязгрэшныя, а аказалася інакш. Або пачалася вайна, і ён ад жаху абвінавачвае Бога. Падмурак веры парушаны, і гэта выклікае духоўны крызіс.

І апошняе: у выніку “ночы духа” наступае шмат пераасэнсавання таго, на чым будавалася вера, і чалавек расшыраецца духоўна, дапаўняе вобраз Госпада. Дэпрэсія ж проста вымотвае асобу.

 “Я заклікала на дапамогу ўсіх святых, але і звярталася да кампетэнтных людзей”.
Ананімнае сведчанне манахіні

Дэпрэсіўныя станы з’явіліся ў мяне пасля першых манаскіх шлюбаў. Узяла на сябе зашмат абавязкаў і пачала адчуваць эмацыянальную ды фізічную перагрузку. Бяссілле ішло нароўні з няўседлівасцю. Напрыклад, падчас св. Імшы я трымалася за лаўку, каб застацца на месцы – настолькі моцна хацелася кудысьці бегчы. Паступова ўва мне пасяліўся невытлумачальны смутак. І нецікавасць да ўсяго. Памятаю, сабраліся з сёстрамі кіно паглядзець – камедыю. Яны рагочуць, а мне маркотна. З’явіліся таксама дрыжыкі ў целе, трывога і страх, якія асабліва моцна даймалі мяне раніцай. Амаль знік сон. Дайшло да таго, што я была больш не ў стане выконваць свае абавязкі.

Знайсці зразуменне ў кляштары было складана нават пасля таго, як доктар прапісаў мне лекі для супакойвання нервовага напружання. Сястра, што мела пэўны кантроль над сітуацыяй, не хацела ані купляць таблеткі, ані даваць адпаведныя дозы. У выніку мяне проста адпусцілі дадому адпачыць. Аднак нават там, дзе я мела больш свабоднага часу і спакою, мой стан толькі пагоршыўся. Пачалі атакаваць думкі, што ад мяне няма ніякага толку, што няма сэнсу ў маім існаванні. А калі няма сэнсу ў жыцці, то навошта яго працягваць…  І мяне так моцна спалохалі гэтыя разважанні, што я пачала актыўна шукаць дапамогу.

Зноў звярнулася да доктара. І гэтым разам пагадзілася легчы на лячэнне ў аддзел неўрозу, пачала рэгулярна прымаць таблеткі. Пакрысе мне станавілася лепш. Разам з тым распачала кансультацыі ў псіхолага, які ўжо працаваў са мной не над сімптомамі, але над прычынай дэпрэсіўнага стану. Спецыяліст дапамог навучыцца ставіць асабістыя межы, рацыянальна ацэньваць свае магчымасці. Я працягвала разбірацца з уласнымі ўнутранымі праблемамі ўсімі даступнымі спосабамі. Напрыклад, пачала ўдзельнічаць у сустрэчах для сузалежных, бо мой бацька быў алкаголікам.

У нашым асяроддзі тэма дэпрэсіі застаецца даволі закрытай. Калі б я не прайшла праз гэты складаны перыяд, не сутыкнулася з высмейваннямі, мне было б вельмі складана зразумець чалавека, які гаворыць пра падобныя перажыванні. І я вельмі рада, што цяпер маю дастаткова пашаны і спагады да людзей з якімі заўгодна ўнутранымі праблемамі. Хачу толькі папярэдзіць: калі заўважаеш у сябе ці ў бліжняга прыкметы дэпрэсіі, нельга зацягваць з лячэннем. Атрымай я своечасовую тэрапію, мой стан не зацягнуўся б на дзесяць гадоў.

Напрыканцы адзначу, што падчас гэтага балючага досведу ў мяне атрымалася яшчэ больш зблізіцца з Богам. Я навучылася абурацца перад Ім, канфліктаваць з Ім, запрашаць у свае праблемы. І ўпэўнілася, што Ён заўсёды мяне разумее і падтрымлівае.

Як спавядацца падчас дэпрэсіі

  • Пашукаць добрага спаведніка. Важна, каб ксёндз добра ўспрымаў хворага, не казаў лішняга і не абцяжарваў занадта пакутай. Можна нават звярнуцца да ксяндза-тэрапеўта, які растлумачыць розніцу паміж грахом і псіхічнай заганай.
  • Звяртацца да маладых святароў. Ёсць шанс, што яны больш зарыентаваныя ў тэме дэпрэсіі, мелі адпаведныя лекцыі і з большым разуменнем будуць ставіцца да пенітэнта.
  • Падрыхтавацца да споведзі ў меру магчымасцей.
  • Пазбягаць сітуацыі, калі перад сакрамантам пакаяння трэба адстаяць доўгую чаргу.
  • Спавядацца найбольш проста: толькі з самых цяжкіх і важных грахоў.
  • Падчас споведзі няма абавязку прызнавацца ў дэпрэсіі. Аднак калі паведаміць святару, то ён зможа правільна інтэрпрэтаваць думкі і чыны пенітэнта.

 Ангеліна Марцішэўская

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі