“Сустрэлася Марыя Магдалена з любоўю ацаляючай Хрыста”. Парафіяльнае свята прайшло ў Новалукомлі

Новалукомль – самы малады горад у Беларусі, заснаваны дзякуючы будаўніцтву Лукомльскай ГРЭС у 1964 годзе.

Каталіцкая супольнасць там таксама маладая. У 1996 годзе была адпраўлена першая святая Імша, а ў 1998 г. адбылася афіцыйная рэгістрацыя парафіі святой Марыі Магдалены. Цяжка паверыць, але цяперашні прыгожы храм у стылі постмадэрнізму калісьці быў перабудаваны са старой кацельнай.

Сёння, дзякуючы намаганням пробашча ксяндза Мікалая Ліпскага, парафіяне і госці храма моляцца ва ўтульнай святыні, а таксама насалоджваюцца прыгажосцю кветак і адпачываюць на добраўпарадкаванай з густам прыкасцёльнай тэрыторыі.

24 ліпеня для католікаў Новалукомля асаблівы дзень – фэст у гонар апякункі парафіі святой Марыі Магдалены.

Гасцямі свята стаў хор “Ave Maria” з Глыбокага, які прадставіў малітоўна-музычную праграму, выканаўшы традыцыйныя і аўтарскія спевы, у тым ліку і спеў да святой Марыі Магдалены.

А 14 гадзіне распачалася ўрачыстася Імша. Напачатку літургіі ксёндз-дзекан Уладзімір Заянчкоўскі прывітаў парафіянаў, гасцей свята, а таксама тых, хто далучыўся да малітвы духоўна дзякуючы трансляцыі праз Радыё Марыя.

Гамілію прамовіў духоўны дырэктар Радыё Марыя Беларусь ксёндз Аляксандр Фаміных. Святар разважаў над асобай святой Марыі Магдалены. Гэтая жанчына аднойчы сустрэўшыся з Хрыстом, адчула дотык Яго любові і не адышла аж да крыжовай смерці. Марыя Магдалена першая ўбачыла пустую магілу, паверыла ва ўваскрасенне Хрыста і распавяла гэтую навіну апосталам.

Ксёндз Аляксандр пажадаў кожнаму перажыць сустрэчу са Збаўцам і абвяшчаць радасць змёртвыхпаўстання ў сучасным свеце.

Пасля Імшы падчас выстаўлення Найсвяцейшага Сакраманту вернікі маліліся літаніяй да святой Марыі Магдалены.

Свята скончылася Эўхарыстычнай працэсіяй і ўрачыстым спевам гімну “Te Deum”.

А потым парафіянаў і гасцей фэсту ксёндз Мікалай шчыра запрасіў не спяшацца дадому, а разам з’есці смачны абед і правесці час у цёплай сяброўскай атмасферы.

Вікторыя Філіпенка, тэкст
Леанід Юрык, фота

для друку для друку