У вядомага мастака эпохі Адраджэння Рафаэля Санці ёсць цыкл карцін, звязаных з вобразам Мадонны. Часцей за ўсё мастак выяўляе Божую Маці з немаўлём на руках. Пакатыя плечы, далікатныя рысы твару, мяккі позірк – гэтыя якасці Багародзіцы можна заўважыць на кожнай карціне. Ад кожнай такой працы вее мацярынскай цеплынёй, шчырасцю, сапраўднай любоўю. Гледзячы на творы мастака, прыходзіць разуменне, што Марыя – гэта эталон, якога павінна трымацца кожная жанчына-каталічка. Напэўна, і сам Хрыстос чакае ад прыгожай паловы наследавання чысціні, паслухмянасці, шчырасці, мацярынскай пяшчоты. Усе гэтыя рысы, безумоўна, ёсць у кожнай з нас. Варта толькі адкрыць іх у сабе. А гэта магчыма толькі праз блізкія адносіны з Найсвяцейшай Паннай Марыяй. Менавіта такія стасункі з Багародзіцай склаліся ў Таццяны Максімчык – арганісткі і ўдзельніцы хору “Cantate Domino” з Гродна.
Ужо шмат часу таленавітая музыкантка славіць Бога і яго Найсвяцейшую Маці сваім спевам. А некалькі гадоў таму Таццяна нават стварыла ўласную старонку на YouToube, дзякуючы якой дзеліцца спевамі з шырокім колам слухачоў. Такая ідэя прыйшла маладой жанчыне пасля нараджэння трэцяга дзіцяці. Музыкантка зазначае, што дэкрэтны адпачынак на некаторы час выбіў яе са звыклай каляіны. Абавязкі мамы і жонкі забіралі ўвесь вольны час, не даючы магчымасці развівацца ў творчым плане. За перыяд дэкрэту маладая мама стала больш нервовай. Усё часцей здараліся сваркі з мужам. Пасля чарговай з іх жанчына вырашыла, што так больш працягвацца не можа. Каб крыху адысці ад штодзённасці і быту, шматдзетная мама запланавала стварыць старонку на відэапляцоўцы і змяшчаць там свае спевы. Яна асвоіла адпаведныя праграмы, навучылася апрацоўваць музыку і спеў. Гэта справа, здаецца, падарыла маладой жанчыне крылы, дапамагла пераключыцца з шэрай штодзённасці і негатыўных думак на малітву спевам і на творчы працэс. Яна адчула, што творчы складнік пазітыўна дзейнічае на адносіны ў сям’і, дае радасць ад таго, што з’явілася магчымасць дзяліцца са слухачамі творчым плёнам і даваць штосьці Богу.
Аднак у кожную Божую справу заўсёды ўмешваюцца неспакой, сумненні. Быў такі перыяд і ў Таццяны. Праз некаторы час музыкантку пачалі наведваць думкі пра тое, што навокал шмат людзей, якія ствараюць кантэнт на больш прафесійным узроўні, маюць больш дасканалую апаратуру для гуказапісу і відэа. Ды і колькасць падпісчыкаў на старонцы была невялікай. Менавіта тады жанчына задумалася над тым, што, магчыма, яе праца не мае ніякага сэнсу. У момант сумненняў у падсвядомасці ўзніклі словы святой Тэрэзы, што ўсе людзі – кветкі на клумбе Божай: хтосьці – вытанчаная ружа, нехта – зграбная лілея, а яшчэ хтосьці – дробная, але сонечная маргарытка. Тады Таццяна ўсвядоміла, што кожны чалавек са сваім талентам важны і каштоўны для Нябеснага Айца. Тыя думкі збудавалі светапогляд, дапамаглі пазбавіцца страхаў і стварылі адпаведную матывацыю.
Любоў да музыкі і спеваў у Таццяны была з самага маленства. З ранняга ўзросту яна напявала любімыя мелодыі, а крыху пазней, заўважыўшы схільнасці дачкі, бацькі запісалі яе ў музычную школу. Тут талент маленькай музыканткі праявіўся ў поўную сілу. Пасля заканчэння дзевяці класаў выпускніца нават вырашыла паступаць у музычны каледж. Аднак бацькі былі супраць гэтай ідэі. Яны бачылі, што іх Таня яшчэ не падрыхтаваная да дарослага жыцця, да адказнасці. Тады тата прапанаваў паступіць у каледж у родным горадзе. Так Таццяна стала навучэнкай Ваўкавыскага аграрнага каледжа, дзе атрымала эканамічную спецыяльнасць.
Вучачыся, яна не пераставала марыць пра музыку. Гэтае захапленне, здаецца, не адпускала. Таму пасля заканчэння названай установы дзяўчына накіравала дакументы ў Гродзенскі каледж мастацтваў на спецыяльнасць “Харавая музыка”. Скончыўшы навучальную ўстанову і атрымаўшы дыплом з адзнакай, наша гераіня вырашыла на гэтым не спыняцца і паступіла ў Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы, дзе працягнула музычную адукацыю.
Сёння з настальгіяй Таццяна прыгадвае адну з рэзурэкцыйных святых Імшаў, якую ёй давялося перажыць у Ваўкавыску. Падчас урачыстай святой Імшы дзяўчына вяла ўнутраны дыялог з Богам, кажучы Яму, што хоча споўніць Божую волю, быць для Езуса прыемнай. Тады глыбока ў сваім сэрцы яна адчула ціхі голас, які пытаў: “А ты сама чаго хочаш?” З дзіцячай наіўнасцю Таня выпаліла: “Хачу быць арганісткай!” На той момант гэта было немагчыма. У абодвух касцёлах Ваўкавыска былі арганісткі. Аднак Таццяна верыла, што калісьці яе мара можа спраўдзіцца. Крыху пазней, вучачыся ў Гродзенскім катэхетычным каледжы, дзяўчына стала наведваць курсы арганістаў, які праводзіў пан Ян Падоба. У 2007 годзе мара таленавітай музыканткі спраўдзілася – яна стала граць на Імшах у гродзенскай парафіі святога Юзафа. Арганістка старалася прыходзіць штодня, каб шліфаваць музычныя навыкі. Цяпер яна з усмешкай прыгадвае, што спачатку не ўсё атрымлівалася роўна і гладка: было шмат хібаў і памылак. Але дзякуючы стараннасці і руплівасці Таццяна адшліфавала патрэбныя навыкі. І на дадзены момант, маючы трох сыноў і мужа, жанчына не кідае любімай справы. Яна імкнецца арганізаваць свой час так, каб там было месца для праслаўлення Бога. Яна лічыць, што кожны чалавек, які атрымаў талент ад Бога, не павінен яго змарнаваць. Дзякуючы сваім здольнасцям асоба павінна славіць Бога і Яго Найсвяцейшую Маці.
З Багародзіцай у Таццяны заўсёды былі асаблівыя адносіны – цёплыя, даверлівыя і шчырыя. Па-жаночы яна дзялілася з Нябеснай Матуляй усім, што было на сэрцы. Маці Божая, у сваю чаргу, закрывала ўсю сям’ю ад нягодаў, жыццёвых бураў і іншых праблем. З вялікім хваляваннем Таццяна прыгадвае сітуацыю, якая здарылася некалькі гадоў таму. Тады яна разам з мужам і сынамі паехала на адпустовую ўрачыстасць у Гудагай. Пакуль тата быў з сынамі, Таццяна служыла сваім спевам. Абавязкі мамы чаргаваліся са служэннем арганісткі. Часу на асабістую малітву перад цудоўным абразом зусім не было. Ад гэтага сэрца маладой жанчыны сумавала. Урэшце рэшт, яна адкінула ўсе справы, каб некалькі хвілін пабыць у цішыні, падзякаваць Матулі за ўсе ласкі і папрасіць дапамогі і апекі. У той момант Таццяна была ў бласлаўлёным стане. Яна прасіла Маці Божую апекавацца яе ненароджаным дзіцяткам. Да таго ж моцна непакоіў камень у нырцы, які быў даволі вялікага памеру.
У шчырасці і прастаце сэрца жанчына даверыла ўсе свае клопаты, смуткі і перажыванні. Праз некалькі тыдняў Таццяне неабходна было прайсці ўльтрагукавое даследаванне. Яно паказала, што каменя ў нырцы больш няма. З таго часу Таццяна стала яшчэ больш гарнуцца да Багародзіцы, а на яе старонцы з’явілася шмат новых спеваў, прысвечаных Маці Божай.
Кажуць, што таленавітыя людзі – гэта людзі, якія ўмеюць любіць. Тая любоў, што ёсць унутры, паступова перастае змяшчацца і выліваецца вонкі праз спеў, ігранне на інструментах і іншыя таленты. Тое ж можна сказаць і пра Таццяну. Акрамя таго, што жанчына грае на акардэоне, гітары, фартэпіяна, аргане, яна яшчэ сама піша песні, хоць уласных музычных твораў створана яшчэ не так і шмат.
У чым заключаецца шчасце для таленавітай музыканткі? У простых рэчах: ва ўсмешках сыноў, у магчымасці займацца любімай справай. А галоўнае – славіць Бога, дзякуючы якому Таццяна адчувае, што яна створана цудоўна і гарманічна.
Марта Венславовіч
Фота з архіву Таццяны Максімчык
