Што ж гэта такое — наша любоў?

«Любі Пана Бога твайго ўсім тваім сэрцам…»

Безумоўна, шмат разоў паўтаралі мы гэтую Божую запаведзь. Аднак ці задумваліся мы калі-небудзь над сэнсам гэтых слоў?

Святы Ян сказаў: «Хто сказаў: „Я люблю Бога, а брата свайго ненавідзіць, ён ілгун“; бо той, хто не любіць брата свайго, якога бачыць, не можа любіць Бога, якога не бачыць?» (1 Ян 4, 20).

Апостал гаворыць нам пра цесную сувязь паміж любоўю да Бога і любоўю да чалавека. Больш за тое, святы Ян ставіць умову: няма сапраўднай любові да Бога, калі бракуе яе да чалавека. Можна сказаць, што любоў да чалавека знаходзіцца на шляху любові да Бога. Таму ўсе мы, перажываючы высокія пачуцці да тых, хто жыве побач, вучымся любіць і самога Бога.

Неяк запытаў дзяцей <…>, ці вераць яны ў Пана Бога. «Та-а-а-ак!» — гукнулі ўсе ў адзін голас. Тады запытаў зноў: «Дзеці, але ці любіце вы Пана Бога?» Дзеці таксама адказалі станоўча. Потым мы яшчэ доўга абмяркоўвалі разам з імі, што ж гэта значыць — любіць Пана Бога? На гэтае пытанне адказаць было цяжэй. І тады я запытаў у іх: «Па чым можна здагадацца, што мы любім сваіх бліжніх?» Пасля хвіліны цішыні маленькая Каcя паднялася і сказала: «Калі таты з мамай доўга няма дома — мне сумна, калі ж яны вяртаюцца дахаты — я радуюся». Ну што ж, можна быць упэўненым: гэтая дзяўчынка любіць сваіх бацькоў.

А нядаўна ў цягніку сустрэў свайго знаёмага — студэнта Янку, які вяртаўся з сесіі. Пэўны час не мог зразумець, што з ім адбылося, бо яго твар чамусьці змяніўся. Янка ўвесь час усміхаўся, ягоныя вочы іскрыліся нейкім незразумелым святлом. Адказ прыйшоў тады, калі Янка падзяліўся сваёй вялікай радасцю: ён сустрэў дзяўчыну, якую пакахаў. «Калі сустракаю яе — губляю адчуванне часу”, — прызнаўся хлопец. «Што ж, гэта і ёсць каханне», — падумаў я.

…Станіслаў і Марыя жывуць у шлюбе ўжо дзявяты год. Люблю бываць у іх доме. Чамусьці, калі бываю ў іх, то адразу ўзгадваецца свой родны дом. Жывуць яны даволі сціпла, маюць чацвярых дзяцей. Не так ужо і лёгка пракарміць ды апрануць такую сям’ю. Таму Станіслаў вымушаны працаваць не толькі ўдзень, але яшчэ некалькі гадзін і ўвечары. Але ён не скардзіцца, бо і ён, і Марыя заўсёды былі перакананыя: у сям’і павінна быць столькі дзяцей, колькі дае Пан Бог.

Сапраўдная любоў не можа быць эгаістычнай. Памятаю, аднойчы Станіслаў даверліва сказаў мне: «Мая Марыя і дзеці заслугоўваюць таго, каб для іх не шкадаваць ні часу, ні поту, таму што працаваць дзеля іх — шчасце». Безумоўна, такое не скажа той, хто не кахае.

…Андрэй служыць у войску. Нядаўна прыслаў мне ліст, у якім распавядае пра цяжкасці вайсковай службы. Але не гэта галоўнае ў ягоным лісце. Мяне вельмі ўразіла, з якой цеплынёю і сардэчнасцю хлапец напісаў пра сваю маці. Яго тата ўжо колькі гадоў таму памёр, і Андрэй непакоіцца за сваю маці, бо ёй даводзіцца цяжка працаваць на гаспадарцы. Маці жыве ў вёсцы, і працы, вядома ж, хапае. «Не разумею хлопцаў, — піша Андрэй, — якія саромеюцца сваіх бацькоў, калі тыя жывуць у вёсцы. Вядома ж, і апранаюцца яны проста, і не надта інтэлігентныя, але хіба гэта важна? Я вельмі ганаруся сваёй мамай, нягледзячы на тое, што яна простая сялянка. Нядаўна яна прыязджала да мяне і столькі радасці мне прынесла! А паехала, і я зразумеў: мая мама — самы дарагі для мяне чалавек». Прачытаў гэты ліст, і пасвятлела на душы. Слаўны хлапец, гэты Андрэй! Калі б усе маці мелі такіх сыноў, як ён!

…Не так даўно звярнуў увагу на тое, што пасля святой Імшы ў касцёле часта застаецца адна старэнькая бабуля і доўга яшчэ моліцца. Запытаў у яе, чаго яна просіць у Пана Бога. Замест адказу пачала распавядаць пра сваіх дзяцей: дачка ўжо колькі гадоў разведзеная з мужам, сын пакутуе ад алкагалізму. Калі гаварыла ўсё гэта, не магла стрымаць слёз. «Веру, — шаптала, — што прыйдзе такі дзень, калі Пан Бог выслухае мае малітвы. Я ўжо старая — чым жа дапамагу сваім дзецям, апрача малітвы?» Пасля нашай горкай размовы я таксама часта малюся за дзяцей гэтай жанчыны, асабліва тады, калі бачу яе, адзінокую, у апусцелым касцёле з ружанцам у дрыготкіх руках. Мы разам просім тады ў Пана Бога міласэрнасці да яе дзяцей. Але адначасна я не магу не радавацца, бо гэтая жанчына ўмее любіць сваіх дзяцей сапраўднай, шчырай любоўю.

Якая яна розная, чалавечая любоў, што сагравае гэты сцюдзёны і часам такі няўтульны свет! Якім бы шэрым і нецікавым было нашае жыццё, калі б не было ў ім любові! Хіба ж не праўда, што менавіта на гэтым пачуцці трымаецца свет? Але, апрача натуральнай любові бацькоў да дзяцей і наадварот, кахання паміж мужам і жонкай, паміж маладымі людзьмі ёсць яшчэ і праявы надзвычайнай, ахвярнай любові. Гэтае пачуццё трымаецца на вялікай веры і часта перавышае чалавечыя магчымасці і здольнасці. Калі чалавек любіць сваіх бліжніх, ён тым самым вучыцца любіць Пана Бога. І тады ягонае жыццё асвятляецца цудоўным, надпрыродным святлом…

Наша любоў багатая не толькі сваімі пачуццямі. Яна павінна мець таксама волю і розум — толькі тады можна весці гаворку пра сапраўдную любоў. Але, мабыць, нам варта затрымацца на праявах сапраўднай любові дзеля таго, каб навучыцца распазнаваць яе і асцерагчы сябе ад зманлівага нерату. Тым больш, што на шляху падманлівай, несапраўдна    й любові чалавека можа чакаць шмат прыемнага, пачуццёвага, таго, што нясе яму прывіднае шчасце. Менавіта таму чалавек, які прагне шчасця, часта лёгка паддаецца на прынады любові.

Хтосьці сказаў: «Не ўсё тое золата, што блішчыць». Кіруючыся гэтай даўняй мудрасцю, можна сцвердзіць і тое, што не кожны, хто гаворыць пра любоў, сам па-сапраўднаму любіць. Прыгожым, узнёслым словам «любоў» людзі іншы раз намагаюцца апраўдаць учынкі, якія не тое што далёкія ад сапраўднай любові, але і процілеглыя ёй. Яскравым прыкладам можа служыць разуменне любові як пачуццёва-цялесных прыемнасцяў і адчуванняў. Безумоўна, яны ўласцівыя любові, але каханне не павінна звужацца да цялеснае пачуццёвасці, да жадання атрымаць «шчасце» ў той жа момант, адразу.

Любоў… Прыемныя адчуванні… Шчасце… Зададзім сабе пытанне: што значыць для нас гэтыя вартасці? Ці магчыма паставіць паміж гэтымі паняццямі знак роўнасці, альбо паміж імі ёсць нейкая істотная розніца? І нарэшце, асноўнае пытанне: што з іх найважнейшае для нас? Чалавек, які мае розум і волю, можа самастойна рабіць свой выбар. Часам гэты выбар кіруе яго на сумніўныя шляхі дзеля таго, каб дамагчыся чаканай любові, якая пазней акажацца прывіднай. Кожны чалавек імкнецца да шчасця. Але якімі шляхамі? Адзін шукае сваё шчасце навобмацак, другі перакананы ў тым, што яго трэба ўзяць любым чынам, трэці па сваім шляху да шчасця ідзе асцярожна, каб не зраніць іншага чалавека.

Сама прага шчасця нібы ўпісана ў чалавечае існаванне. Карыстаючыся моваю веры, можна сказаць, што чалавек пакліканы жыць і быць шчаслівым. Але хтосьці можа задаць «Пілатава» пытанне: «Што гэта — шчасце?». Існуе думка, што гэта надзвычай суб’ектыўнае паняцце. Дзіця, напрыклад, будзе шчаслівае, калі яго асыплюць ласкамі, цацкамі, калі яму дазволяць рабіць усё, што падабаецца. Жонка будзе шчаслівая, калі муж купіць ёй, напрыклад, новую аўтаматычную пральную машыну. А п’яніца будзе шчаслівы, калі яму ўдасца зноў здабыць пляшку гарэлкі. Навуковец будзе шчаслівы, дасягнуўшы чагосьці вартага ў навуцы, мастак — калі намалюе новую ўдалую карціну, а паэт — калі з-пад ягонага пяра выйдзе цудоўны верш. Але як доўга існуе такое шчасце? Ці не здарыцца так, што хтосьці накрычыць на дзіця і азмрочыць ягоную радасць? Паламаецца машына ў жонкі — і яна засмуціцца, а п’яніца вып’е сваю гарэлку і зразумее, што болей ужо няма… Хтосьці іншы зробіць у навуцы новае адкрыццё, і шчасце навукоўцы акажацца ў мінулым, а карціна мастака праз некалькі дзён ужо не будзе яго цешыць і здавацца шэдэўрам, як і верш паэта…

Значыць, нам, людзям, патрэбна штосьці большае. Мы імкнёмся да трывалага шчасця, таго, якое не мінае праз дзень, месяц, год. Вопыт чалавецтва паказвае, што не можа быць трывалым тое, што мы заключаем у рамкі матэрыяльнага. Вядома, чым больш чалавек імкнецца мець, тым больш яму трэба і тым больш прывідным і далёкім робіцца для яго сапраўднае… Вядома, што многія з нас гатовыя дзеля мэты парушыць усялякія этычныя нормы, але без належнага шацунку да Божага права і да правоў чалавека не можа быць сапраўднага шчасця. Інакш кажучы, наша асабістае шчасце не можа будавацца на няшчасці і бедах іншых людзей. Калі ж такое здараецца, то наша радасць будзе вельмі і вельмі кароткачасовай, падманлівай і праз пэўны час абавязкова прывядзе да вялікага расчаравання і нават роспачы.

Што ж можа дапамагчы нам не сысці з правільнага шляху, не заблукаць на шматлікіх жыццёвых шляхах у пошуках свайго шчасця? Божая ласка веры. Калі чалавек пакорліва супрацоўнічае з ёю, калі ва ўсіх сваіх учынках прыслухоўваецца да голасу сумлення, які гучыць у яго душы, калі ён баіцца абразіць сваімі ўчынкамі годнасць іншага чалавека, а, значыць, і самога Пана Бога, тады можна быць упэўненым, што ён не збочыць з праўдзівай хрысціянскай дарогі. Чалавек павінен выпрацаваць у сабе жаданне адмаўляцца ад нейкіх кароткачасовых  прыемнасцяў на карысць іншага чалавека. Кожная такая маленькая перамога прынясе яму столькі духоўнае радасці, што ён ужо не захоча пазней прамяняць гэтую радасць на прывідную прыхамаць.

Важна, каб чалавек жадаў мець у сваім жыцці не штосьці кароткачасовае, але тое, што, як кажа Евангелле, не падлягае законам часу і прыроды. Праблема толькі ў тым, каб шчыра паверыць у гэтыя надпрыродныя даброты і пачаць імкнуцца да іх. Бо, як кажа святы Павел, менавіта любоў ёсць над усім.

ave-maria.by

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі