Што такое Евангелле ад Юды?

– Хвала Хрысту! Адкажыце, калі ласка, на такое пытанне… Чаму ў Касцёле мы прызнаём толькі чатыры Евангеллі? Я чуў, што нібыта ёсць тэкст Евангелля ад Юды. Як трэба ставіцца да гэтага факту? Ці варта знаёміцца з гэтым тэкстам верніку? Дзякуй за адказ.

Павел

 – Дарагі Павел! Адказваючы на Вашае пытанне, паспрабую паказаць самую сутнасць разумення Евангелля ў Касцёле. Слова “евангелле” звычайна абазначае пісьмовы запіс слоў і чынаў Хрыста. Яно паходзіць з дакладнага эквівалента грэцкага euangelion (eu – “добры”, aggello – “я нясу паведамленне”). Грэцкае слова euangelion першапачаткова азначала “узнагароду добрай весткай”, якую давалі пасланцу, а потым проста “добрую вестку”.

Тэрмін euangelion у Новым Запавеце ўжываецца ў дачыненні да першых чатырох кніг, якія маюць наступныя назвы: Euangelion kata Matthaion, Euangelion kata Markon, Euangelion kata Loukan, Euangelion kata Ioannēn. Канон Мураторыя, Клімент Александрыйскі і святы Ірэней выразна сведчаць пра існаванне гэтых загалоўкаў у другой палове другога стагоддзя нашай эры. Яны былі прыстаўлены да евангельскіх апавяданняў, але не з’яўляюцца арыгінальнымі. Менавіта ў ІІ ст. н.э. хрысціянамі быў зроблены акцэнт на адрозненні паміж аўтэнтычнымі і дакладнымі Евангеллямі з аднаго боку і тымі, што не заслугоўваюць даверу – з другога.

Першае агульнае слова ў загалоўках чатырох Евангелляў – euangelionмае ў Новым Запавеце канкрэтнае значэнне “добрай весткі аб Валадарстве” (пар. Мц 4,23; Мк 1,15). У гэтым сэнсе, які можна лічыць галоўным з хрысціянскага пункту гледжання, euangelion азначае добрую вестку аб збаўленні, абвешчаную свету ў сувязі з асобай Езуса Хрыста і здзейсненага Ім адкуплення (пар. Мц 9,35; 24,14; Мк 1,14; 13,10; 16,15; Дз 20,24; Рым 1,1.9.16; 10,16 і г.д.). Гэта значэнне стала фактычна адзіным разуменнем слова euangelion у асяроддзі хрысціянаў: магло быць толькі адно Евангелле, гэта значыць, толькі адно аб’яўленне збаўлення Езуса Хрыста, таму і некалькі яго запісаў не разглядаліся як некалькі Евангелляў, а толькі як розныя апісанні аднаго і таго ж Евангелля. Аднак паступова да слова euangelion далучылася вытворнае значэнне. Так, у сваёй першай “Апалогіі” св. Юстын гаворыць пра “ўспаміны апосталаў, якія называюцца Евангеллем”, маючы на ўвазе не сутнасць евангельскай гісторыі, але самі кнігі, у якіх гэта запісана. Такім чынам, выкарыстанне тэрміна euangelion, які абазначаў бы пісьмовы запіс слоў і чынаў Хрыста, сягае яшчэ пачатку другога стагоддзя хрысціянскай эры.

Другім словам, агульным для назваў кананічных Евангелляў, з’яўляецца прыназоўнік kata – “паводле”, – дакладнае значэнне якога доўгі час было прадметам дыскусій сярод біблеістаў. Акрамя розных другарадных значэнняў, звязаных з гэтым грэцкім словам, яму прыпісваліся два асноўныя значэнні. Многія аўтары лічылі, што яно абазначае не “напісанае”, а “складзенае паводле канцэпцыі” Мацвея, Марка і г. д. На іх думку, назвы нашых Евангелляў мелі на мэце не ўказаць на аўтарства, а сцвердзіць аўтарытэт, які гарантуе праўдзівасць. Большасць навукоўцаў, аднак, палічылі за лепшае разглядаць прыназоўнік kata як абазначэнне аўтарства. Сёння агульнапрызнана, што гэтыя загалоўкі азначаюць аўтарства са своеасаблівым адценнем значэння, якое не перадаецца такімі ж загалоўкамі, напрыклад, у Пасланнях св. Паўла ці Апакаліпсісе св. Яна і г.д. Таму выкарыстоўваецца родны склон (Paulou Epistolai, Apokalypsis Ioannou), што не мае ніякай іншай мэты, акрамя прыпісвання зместу такіх твораў пісьменніку, чыё імя яны на самай справе носяць. Ужыванне прыназоўніка kata (“паводле”) мае на ўвазе тое, што тая самая радасная вестка, або Евангелле, была выкладзена не адным апавядальнікам, а некалькімі.

Колькасць Евангелляў

Назва “Евангелле” як пісьмовае апісанне слоў і чынаў Хрыста ўжывалася і дагэтуль ужываецца ў дачыненні да вялікай колькасці апавяданняў, звязаных з жыццём Хрыста, якія распаўсюджваліся як да, так і пасля складання “Трэцяга” Евангелля (пар. Лк 1,1-4). Да нас дайшлі назвы каля пяцідзесяці такіх твораў, і гэты факт сведчыць пра вялікую цікавасць, што ў раннія часы была засяроджаная на Асобе і дзейнасці Хрыста. Аднак толькі адносна дваццаці з гэтых “Евангелляў” захавалася некаторая інфармацыя. Гэта наступныя дакументы:

  1. 4 кананічныя Евангеллі;
  2. Евангелле паводле габрэяў;
  3. Евангелле паводле Пятра;
  4. Евангелле паводле егіпцян;
  5. Евангелле паводле Мацея;
  6. Евангелле паводле Філіпа;
  7. Евангелле паводле Фамы;
  8. Протаевангелле Якуба;
  9. Евангелле паводле Нікадзіма;
  10. Евангелле паводле дванаццаці апосталаў;
  11. Евангелле паводле Васіліда;
  12. Евангелле паводле Валянціна;
  13. Евангелле паводле Маркіёна;
  14. Евангелле паводле Евы;
  15. Евангелле паводле Юды;
  16. Пісанне Genna Marias;
  17. Евангелле Teleioseos.

Нягледзячы на раннюю дату, якую часам называюць для некаторых з гэтых твораў, малаверагодна, што якое-небудзь з дадзеных “Евангелляў”, акрамя нашых кананічных Евангелляў, варта залічыць да спробаў апавядання жыцця Хрыста, пра якія кажа св. Лука ў пралогу свайго Евангелля. Большасць з іх, наколькі можна меркаваць, з’яўляюцца познімі творамі, апакрыфічнасць якіх агульнапрызнаецца тагачаснымі вучонымі.

У наш час немагчыма дакладна апісаць, якім чынам са шматлікіх твораў, каторыя прыпісваюцца таму ці іншаму апосталу або проста носяць назву Евангелля, толькі чатыры лічацца святымі і кананічнымі. Аднак усе раннія сведчанні, што маюць выразнае дачыненне да колькасці кананічных Евангелляў, прызнаюць чатыры Евангеллі і ніводнага больш. Так, Эўзэбій (памёр у 340 г.) пры даследаванні агульнапрынятых кніг канону, якія не выклікаюць сумневу, піша: “У першым шэрагу павінен быць змешчаны святы кватэрніён Евангелля”, у той час як “Евангелле паводле габрэяў” ён адносіць да другога шэрагу, гэта значыць, да спрэчных твораў. Св. біскуп Ірэнэй (памёр у 202 г.) не толькі прызнае і цытуе нашы чатыры Евангеллі, але сцвярджае, што іх павінна быць толькі чатыры, не больш і не менш. Ён кажа: “Немагчыма, каб Евангелляў было больш ці менш, чым іх ёсць. Бо паколькі ёсць чатыры кірункі свету, у якім мы жывём, і чатыры асноўныя вятры, Касцёл раскіданы па ўсім свеце, а слупам і асновай Касцёла з’яўляецца Евангелле і Дух жыцця, то належыць, каб мы мелі чатыры слупы, якія дыхаюць неўміручасцю з усіх бакоў і ажыўляюць наша цела”.

Тацыян, вучань святога Юстына, які супаставіў Евангеллі (звычайна называюць гэта Дыятэсарон – to dia tessaron Euangelion), таксама параўноўвае толькі чатыры кананічныя тэксты. У творах Апостальскіх Айцоў сапраўды няма бясспрэчных доказаў на карысць толькі чатырох кананічных Евангелляў. Чаму? Бо ніхто не сумняваўся, а да таго ж, слова “евангелле” ўжывалася толькі да абазначэння радаснай весткі аб збаўленні, а не да пісьмовых апісанняў аб ім.

Асноўныя адрозненні паміж кананічнымі і апакрыфічнымі Евангеллямі

Чатыры Евангеллі, сакральны характар якіх, такім чынам, быў прызнаны вельмі рана, з самага пачатку адрозніваліся ў розных аспектах ад шматлікіх некананічных Евангелляў, што распаўсюджваліся ў першыя стагоддзі Касцёла. Перадусім яны адзначылі сябе сваім “тонам” прастаты і праўдзівасці, які яскрава кантраставаў з трывіяльным, абсурдным або відавочна легендарным характарам многіх з некананічных твораў. Па-другое, яны мелі больш ранняе паходжанне, чым большасць іх апакрыфічных “канкурэнтаў”. І сапраўды многія з апошніх твораў былі непасрэдна заснаваныя на кананічных Евангеллях. Трэцяй рысай на карысць сённяшніх кананічных запісаў жыцця Хрыста была чысціня іх вучэнняў, дагматычнасць і маральнасць, у параўнанні з габрэйскімі, гнастычнымі ці іншымі ерэтычнымі поглядамі, якімі былі заплямленыя многія апакрыфічныя Евангеллі. Менавіта з гэтай прычыны дадзеныя творы і знайшлі прыхільнасць сярод ерэтыкоў і, наадварот, дыскрэдытавалі сябе ў вачах католікаў. Нарэшце, кананічныя Евангеллі мелі апостальскі аўтарытэт, бо два з іх былі прыпісаныя апосталам – адпаведна святому Мацвею і святому Яну, а два – святому Марку і святому Луку, спадарожнікам святых Пятра і Паўла. Многія іншыя Евангеллі сапраўды прэтэндавалі на апостальскі аўтарытэт, але для ніводнага з іх гэтае патрабаванне не было паўсюдна прынятае. Адзіным апакрыфічным творам, які ўвогуле быў успрыняты і на які абапіраліся, акрамя нашых чатырох кананічных Евангелляў, з’яўляецца “Евангелле паводле габрэяў”. Але ўжо ў вельмі раннія часы яно лічылася пазбаўленым апостальскага аўтарытэту, і сам св. Геранім, які сцвярджае, што меў у сваім распараджэнні тэкст на арамейскай мове гэтага Евангелля, не адводзіць яму месца побач з нашымі кананічнымі Евангеллямі: увесь аўтарытэт, каторы св. Геранім прыпісвае яму, паходзіць з яго пераканання, што гэта быў арыгінальны тэкст нашага Першага Евангелля (паводле св. Мацвея), а не асобнае Евангелле ў дадатак да чатырох, паўсюдна прызнаваных са старажытных часоў у Каталіцкім Касцёле.

Дык ці варта знаёміцца з тэкстамі апакрыфічных евангелляў? Гэтыя евангеллі, як ужо вышэй было зазначана, не сканцэнтраваныя на асобе Збаўцы Езуса Хрыста, але на чымсьці іншым, каб звярнуць на сябе ўвагу. Таму чытач такіх твораў з лёгкасцю распазнае істотную розніцу паміж кананічнымі і апакрыфічнымі тэкстамі, бо першыя служаць як сілкаванне для веры, а другія – як знаёмства з гісторыяй крышталізацыі Евангельскай праўды з “бруду” людскіх дадаткаў.

Літаратура

  1. С. Гондецкий, Введение в Синоптические Евангелия, Москва, 2004 г.
  2. Л. Буйе, О Библии и Евангелии. Лекции в католическом университете, Брюссель, 1988 г.
  3. Евангелие Истины – двенадцать переводов христианских гностических писаний. Пер. Дм. Алексеева; под ред. А. С. Четверухина, Ростов н/Д, 2008 г.
  4. Свящ. Р. Бартницкий, Синоптические Евангелия – история возникновения и толкование. Пер. 3. Заборовского, Москва, 2009 г.

Кс. Валерый Марціноўскі, доктар тэалогіі 

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі