«Шпіёны», пацыфісты, містыкі і новыя златавусты. Хто яны, святыя і бласлаўлёныя 2024 года?

У 2024 годзе ў Ватыкане адбылася кананізацыя 31 асобы, якія былі афіцыйна названыя святымі. Яшчэ 18 асобаў Каталіцкі Касцёл абвясціў летась бласлаўлёнымі. Пра кананізацыі і беатыфікацыі ў першай палове 2024 года мы ўжо распавядалі, цяпер жа надышла чарга тых, каго кананізавалі ў другім паўгоддзі мінулага года.

20 кастрычніка былі абвешчаныя святымі 14 асобаў. Перадусім гэта 11 мучанікаў з Сірыі: тры мясцовыя католікі-мараніты з сям’і Масабкі (Абдэль Моаці, Францішак і Рафаэль), а таксама восем манахаў-францішканаў з Іспаніі і Аўстрыі (Мануэль Руіс Лопэс, Кармэла Больта Баннюльс, Ніканор Асканьё Сорыя, Нікалас Марыя Альбэрка Торэс, Пэдра Наласка Салер Мэндэс, Энгельбэрт Колянд, Франсіска Пінаса Пэнняльвэр і Хуан Хакоб Фэрнандэс). Іх забілі ў ноч з 9 на 10 ліпеня 1860 года прадстаўнікі мясцовай супольнасці друзаў. Злачынства адбылося падчас малітвы ўнутры францішканскай капліцы ў Дамаску. Забойства стала часткай пачатага друзамі канфлікту, ахвярамі якога агулам было каля 10 тысячаў хрысціянаў. Успамін дамаскіх мучанікаў прыпадае на 10 ліпеня.

У адзін дзень з дамаскімі мучанікамі былі кананізаваныя яшчэ тры асобы. Сярод іх – італьянскі ксёндз Джузэпэ Аламана (1851-1926), які заснаваў кангрэгацыю місіянераў Суцяшэння, што ад пачатку абвяшчала Евангелле ў Кеніі, а пазней актыўна дапамагаў уцекачам і мабілізаваным семінарыстам падчас Першай сусветнай вайны. Яго ўспамін – 16 лютага.

Таксама была кананізаваная канадская законніца Марыя Леонія Парадзі (1840-1912), каторая запачаткавала кангрэгацыю Малодшых сясцёр Святой Сям’і, што займалася пашырэннем адукацыі ў Канадзе. Яе ўспамін – 4 мая. Апошняй кананізаванай у гэты дзень стала італьянская законніца Элена Гуэра (1835-1914), якая заснавала кангрэгацыю Аблатаў Святога Духа і прысвяціла жыццё адукацыі кітайскіх і афрыканскіх дзяўчынак. Яе Касцёл згадвае 11 красавіка і 23 мая.

18 снежня былі абвешчаныя святымі 16 камп’енскіх мучаніц – каталіцкіх законніц з французскага Камп’ена, якія сталіся ахвярамі дзяржаўнага атэістычнага тэрору ў часы Французскай Рэвалюцыі. Нягледзячы на допыты і закрыццё ўладамі кляштара, сёстры працягвалі таемна весці законнае жыццё. Калі гэта выявілася, а падчас чарговага ператрусу ў іх знайшлі лісты з негатыўным стаўленнем да ўладаў, сясцёр арыштавалі і перавезлі ў Парыж. Але яны ўсё адно адмовіліся прынесці прысягу ўладам. 17 ліпеня 1794 года адбыўся суд, на каторым законніцам нават не далі адваката і каторы абвінаваціў іх у фанатызме і ў тым, што яны з’яўляюцца «ворагамі народа, якія ўчынілі змову супраць нацыянальнага суверэнітэту». Неўзабаве іх гільятынавалі, а парэшткі пахавалі разам з целамі іншых пакараных смерцю. Успамін камп’енскіх мучаніц прыпадае на 17 ліпеня.

Пераважаюць пакутнікі і сярод леташніх беатыфікаваных. Першымі былі абвешчаныя бласлаўлёнымі чатыры святары: тры італьянцы з Таварыства святога Францішка Ксаверыя для замежных місій – Луіджы Карара (1933-1964), Джавані Дыдонэ (1930-1964) і Вітор’ё Фаччын (1934-1964) – і адзін кангалезец, Альбэр Жубэр (1908-1964). Іх забілі ў Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга 28 лістапада 1964 года паўстанцы «Сімба», якіх падтрымліваў сацыялістычны ўсходні блок на чале з СССР.

Наступным быў беатыфікаваны славацкі святар Ян Гаўлік (1928-1965). У 1951 годзе яго і іншых навучэнцаў падпольнай семінарыі арыштавалі чэхаславацкія спецслужбы і ў 1953-м асудзілі на 10 гадоў зняволення за «дзяржаўную здраду» і «шпіянаж» на карысць Ватыкана. За тое, што святар працягваў служэнне і ў вязніцы, яго дадаткова змясцілі ў штрафны ізалятар і прысудзілі яшчэ да года катаргі. У 1962 годзе Гаўлік выйшаў на волю, але ягонае здароўе было моцна падарванае, і на Божае Нараджэнне 1965 года, пасля святочнай Імшы, ён памёр. Ягоны ўспамін – 12 лютага.

16 лістапада былі беатыфікаваныя два албанскія святары-мучанікі: францішканін Луіджы Паліч (1877-1913) і дыяцэзіяльны святар Гён Газулі (1893-1927). Паліча забілі падчас Першай балканскай вайны чарнагорскія вайскоўцы, якія прымушалі яго перайсці ў праваслаўе. Газулі ж стаў ахвярай рэжыму албанскага дыктатара Ахмета Зогу: ён быў абвінавачаны ў падбухторванні насельніцтва да паўстання і ўдзеле ў падрыхтоўцы паўстання і ў выніку фіктыўнага суду павешаны. Іх успаміны – 20 лютага і 5 сакавіка адпаведна.

Макс Ёзэф Мэцгер

17 лістапада быў абвешчаны бласлаўлёным нямецкі святар Макс Ёзэф Мэцгер (1887-1944). Пабачыўшы жахі Першай сусветнай вайны, ён стаў актыўным удзельнікам пацыфісцкага і экуменічнага руху. За сваю пазіцыю ён неаднаразова арыштоўваўся нацысцкімі ўладамі, у тым ліку гестапа, апошні раз – 29 чэрвеня 1943 года. На судзе, які цягнуўся ўсяго толькі 70 хвілінаў, Мэцгера прысудзілі да смяротнага пакарання за «дзяржаўную здраду і спрыянне ворагу». Дзень павешання – 17 красавіка – стаўся цяпер днём яго ўспаміну.

Яшчэ два святары – Гаета Клаўзелас Бальвэ (1863-1936) і Антоні Торт Рэйксакс (1895-1936) – сталіся ахвярамі анарха-камуністычных уладаў у іспанскай Каталоніі. Першага з іх баевікі схапілі 14 жніўня 1936 года і забілі раніцай наступнага дня, другога затрымалі 1 снежня і пасля катаванняў у вязніцы расстралялі ў ноч з 3 на 4 снежня.

Сярод іншых беатыфікаваных – патрыярх Мараніцкай каталіцкай царквы ў Ліване Істыфан Дўайхі (1630-1704), вядомы як «Бацька мараніцкай гісторыі» і «Слуп Мараніцкага Касцёла», «Другі Златавуст». Ягоны ўспамін – 3 мая. Таксама былі беатыфікаваныя мексіканскі святар Маісэс Ліра Сэрафін (1893-1950) – заснавальнік Кангрэгацыі Місіянерак Любові Беззаганнай Марыі, і іспанскі святар Хасэ Торэс Падылля (1811-1878) – сузаснавальнік супольнасці Сясцёр Таварыства Крыжа. Іх успаміны – адпаведна 25 чэрвеня і 23 красавіка.

Апроч таго, была абвешчаная бласлаўлёнай Ганна ад Езуса (1545-1621), іспанская босая кармелітка, містык і пісьменніца, якая праводзіла рэформы кармелітаў і была блізкай паплечніцай Тэрэзы Авільскай, а таксама спрычынілася да заснавання новых кляштараў Ордэна па ўсёй Еўропе, ад Іспаніі да Рэчы Паспалітай. Яе Касцёл згадвае 25 лістапада. Апошняй беатыфікаванай летась сталася Хуана ад Крыжа (1481-1534) – яшчэ адна іспанская законніца і містычка, але ўжо з францішканскага ордэна. Сярод іншага яна вядомая тым, што адной з нямногіх жанчын атрымала права прапаведаваць публічна. Яе ўспамін – 3 мая.

Як бачым, другое паўгоддзе 2024 года адзначылася праслаўленнем вялікай колькасці асобаў, каторыя абвяшчалі Добрую Вестку ў розных частках свету – ад Амерыкі і Еўропы да Афрыкі і Азіі. Значную частку з іх складаюць заснавальнікі і рэфарматары розных каталіцкіх супольнасцяў, асветнікі і місіянеры. Але ўсё ж, як і ў часы першых стагоддзяў хрысціянства, сярод святых і бласлаўлёных і надалей пераважаюць мучанікі – ахвяры свецкіх і рэлігійных ганенняў на тых, хто нясе свету Евангелле Езуса Хрыста.

Мечыслаў Гапановіч

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі