Шэсць месяцаў без Францішка: малітва ля магілы не сціхае

Праз паўгода пасля смерці Папы Францішка яго магіла ў Санта-Марыя-Маджорэ застаецца месцам пілігрымак, якое прыцягвае вернікаў спадчынай прастаты і блізкасці.

Роўна праз шэсць месяцаў пасля смерці Папы Францішка, 21 кастрычніка 2025 года, яго магіла ў рымскай базіліцы Санта-Марыя-Маджорэ працягвае быць цэнтрам прыцягнення для вернікаў.

Архіпрэзбітэр базілікі, кардынал Раландас Макрыцкас, тлумачыць гэты няспынны паток пілігрымаў тым, што “людзей прыцягвае яго радасць жыць Евангеллем аўтэнтычна”. Паток вернікаў не змяншаўся нават падчас жнівеньскага Юбілею моладзі, калі за чатыры дні базіліку наведала 100 тысяч чалавек.

Асаблівым элементам спадчыны Францішка застаецца яго глыбокая пабожнасць да іконы Маці Божай “Salus Populi Romani”. Пілігрымы часта ідуць у капліцу, дзе Пантыфік маліўся 126 разоў, шукаючы позірку Марыі.

Гэтая прастата малітвы і жыцця, сведчанні клопату пра “апошніх” і роўнае стаўленне да ўсіх, незалежна ад паходжання, – вось што, па словах вернікаў, робіць памяць пра яго жывой і кранальнай.

Кс. Аляксандр Амяльчэня, беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку