Сем звязаных з Беларуссю асобаў могуць прызнаць бласлаўлёнымі

Архідыяцэзія Масквы афіцыйна закрыла дыяцэзіяльную стадыю працэсу беатыфікацыі дзесяці каталіцкіх навамучанікаў Расіі ХХ стагоддзя, сярод якіх вернікі лацінскага і ўсходняга абрадаў. Большасць з іх або нарадзіліся ў Беларусі, або сваім служэннем былі звязаныя з ёй.

Праграму “Каталіцкія навамучанікі Расіі” Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў Расіі зацвердзіла яшчэ 30 студзеня 2002 года.

Яе задача – падрыхтоўка да праслаўлення расійскіх каталіцкіх пакутнікаў XX стагоддзя. 31 мая 2003 года праграму пад назвай “Справа аб беатыфікацыі або аб’яўленні пакутнікамі арцыбіскупа Эдуарда Прафітліха і 15 паплечнікаў” зацвердзілі ў Рыме. З гэтага моманту кандыдаты атрымалі тытул Слуг Божых.

17 студзеня 2014 года ў сувязі з перадачай працэсу Слугі Божага арцыбіскупа Прафітліха ў Эстонію справа навамучанікаў расійскіх атрымала новую назву: “Справа аб беатыфікацыі або абʼяўленні пакутнікамі біскупа Антонія Малецкага і 14 паплечнікаў”. 16 лютага 2021 года зноў назву змянілі на “Справу аб беатыфікацыі або абʼяўленні пакутнікамі Слуг Божых біскупа Антонія Малецкага, тытулярнага біскупа Данізаны, Апостальскага Адміністратара Ленінграда і 9 паплечнікаў, забітых з нянавісці да веры”.

Пры гэтым з працэсу былі выключыя расійскія айцы Епіфаній (Ігар) Акулаў (1897-1937) і Патапій (Пётр) Емяльянаў (1884-1936), а таксама сястра Ружа Сэрца Марыі OPL (Галіна Енткевіч; 1896-1944) з Віцебшчыны. Яны страцілі статус Слуг Божых, прычыны гэтага не раскрываліся. А працэс беатыфікацыі яшчэ чатырох Слугаў Божых – беларусаў Андрэя Цікоты (1891-1952) і Фабіяна Абрантовіча (1884-1946), латыша Яніса Мендрыкса (1907-1953) і народжанага ва ўкраінскай Адэсе а. Станіслава Шульмінскага (1894-1941) перадалі ў Польшчу.

Слуга Божы Андрэй Цікота

Слуга Божы Фабіян Абрантовіч

Большасць жа з дзесяці асобаў, працэс у дачыненні якіх працягнулі ў Расіі, так ці іначай звязаныя з Беларуссю. На чале знаходзіцца біскуп, апостальскі адміністратар Ленінграда ў 1926-1934 гадах Антоні Малецкі (1861-1935) з беларускай шляхецкай сям’і. Ён нарадзіўся ў Санкт-Пецярбургу, але ў дзяцінстве шмат часу бавіў у Сідорышках на Астравеччыне. Пасля высвячэння ў святары ў 1880-я гады служыў вікарыем у касцёле святой Барбары ў Віцебску і ў катэдральным касцёле ў Мінску. Неаднаразова арыштоўваўся спачатку расійскімі, а затым савецкімі ўладамі. У 1930 годзе яго саслалі ў Сібір, адкуль у 1934-м дазволілі выехаць у Польшчу, але біскуп неўзабаве памёр ад знясілення.

У 1883-1897 гадах у Беларусі служыў народжаны ў Варшаве Караль Слівоўскі (1855-1933), спачатку як вікарый у Сянне, затым – як адміністратар і дэкан у Лепелі, дзе прыклаў шмат уласных высілкаў і грошай для рамонту мясцовага касцёла Святога Казіміра. Затым служыў на ўсходзе, у тым ліку ў 1923 годзе быў прызначаны біскупам Уладзівастока. У 1930 годзе яго прымусова вывезлі з горада ў аддаленую вёску, дзе біскуп і памёр, пазбаўлены сродкаў на існаванне.

У беларускай сялянскай сям’і на Беласточчыне нарадзіўся ксёндз Ян Тройга (1881-1932). Ён скончыў гімназію ў Горадні і быў высвечаны ў святары ў Вільні. У 1908-1910 гадах працаваў капеланам духоўных школаў у Магілёве, пасля чаго з’ехаў у Санкт-Пецярбург працаваць у курыі Магілёўскай архідыяцэзіі. Быў двойчы арыштаваны ў 1923 і 1927 гадах, адбываў пакаранне на Салаўках, дзе ў 1932 годзе ў чарговы раз быў абвінавачаны, памёр знясілены праз месяц.

У 1893 годзе ў Ваўкавыску ў мяшанай каталіцка-праваслаўнай беларускай сям’і нарадзіўся ксёндз Павел Хоміч (1893-1941). Падчас навучэння ў Санкт-Пецярбургу ён далучыўся да беларускага гуртка. Служыў на Пскоўшчыне і ў Ленінградзе. У 1926-1936 гадах адбываў пакаранне на Салаўках і на Далёкім Усходзе, але вярнуўся ў Ленінград і працягваў там таемна служыць, выконваў абавязкі апостальскага адміністратара. Расстраляны ў 1942 годзе.

У 1891 годзе ў Башарове (Талачынскі раён) у беларускай сялянскай сям’і нарадзіўся ксёндз Антоні Дземяшкевіч (1881-1937). Служыў спачатку ў памежных з Беларуссю рэгіёнах Расіі (Бранск, Яраслаў, Арол). У 1929 годзе арыштаваны і сасланы на Салаўкі, дзе і быў расстраляны.

У Віцебскай губерні, на тэрыторыі цяперашняй Латвіі, у шляхецкай сям’і нарадзіўся прэлат Канстанцін Будкевіч (1867-1923), які ў 1896-1903 гадах служыў вікарыем і катэхетам у віцебскім касцёле святога Антонія.

Затым быў пераведзены ў Санкт-Пецярбург. У 1922 годзе арыштаваны паводле абвінавачвання ў стварэнні антысавецкай арганізацыі і расстраляны ў 1923-м.

У 1933 годзе за стварэнне каталіцкага гуртка ў сябе дома арыштавалі ўраджэнку Баранавічаў Камілу Крушэльніцкую (1892-1937). У 1934 годзе яе саслалі на 10 гадоў на Салаўкі, дзе і расстралялі ў 1937 годзе.

Працэс беатыфікацыі датычыць яшчэ трох асобаў: манахіні Кацярыны Сіенскай OPL (Ганны Абрыкосавай) з Масквы, ксяндза Францішка Будрыса з Літвы (1882-1937) і ксяндза Антонія Чарвінскага (1881-1938) з Польшчы, якія таксама служылі ў Расіі і сталіся ахвярамі рэпрэсій у 1920-1930-я гады.

23 мая 2025 года ў катэдры Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Санкт-Пецярбургу адбылося афіцыйнае закрыццё дыяцэзіяльнай стадыі працэсу іх беатыфікацыі. Арцыбіскуп Павел Пеццы, мітрапаліт архідыяцэзіі Божай Маці ў Маскве, на цырымоніі закрыцця дыяцэзіяльнай стадыі адзначыў, што «савецкая ўлада і ў прыватнасці органы дзяржбяспекі імкнуліся да таго, каб ілжыва абвінаваціць вернікаў у злачынствах супраць дзяржавы і такім чынам звесці на нішто ўплыў веры на грамадства. Аднак вера заўсёды, непазбежна зʼяўляецца таксама меркаваннем пра свет і грамадства, у якіх жывуць вернікі. Іх пачуццё веры не звернутае «супраць» чагосьці ці кагосьці, а «за» зацвярджэнне Езуса Хрыста Уваскрослага і прысутнага сярод абставінаў гісторыі».

Мітрапаліт падкрэсліў, што спецслужбы спрабавалі «выклікаць у абвінавачанага ілжывую перакананасць, быццам ён сапраўды парушыў нейкія законы або дыскрэдытаваў дзяржаву і яе практычна абсалютныя правы». Аднак, на яго думку, «вопыт адзінства навамучанікаў з Хрыстом і паміж сабой прапануе нам канкрэтны прыклад, у якім увасоблены сапраўдны лад хрысціянскага жыцця, як і магчымасць місіянерства ў любых абставінах».

Як піша расійскі каталіцкі рэсурс «Gaudete», дыяцэзіяльны этап працэсу падобны да судовага. Яго ладзіць дэлегат біскупа, выконваючы абавязкі суддзі, прамотар справядлівасці, адвакат і натарыус, які запісвае паказанні сведак. Усе сведчанні захоўваюцца ў таямніцы.

Узначальвае гэты працэс пастулатар – кс. Аліўе Пейрон, які да яго завяршэння не мае права знаёміцца са сведчаннямі. Сабраныя дакументы павінны быць адпраўленыя ў Ватыкан, у Дыкастэрыю па справах кананізацыі. Вывучыўшы іх, пастулатар складзе шырокі тэкст, які апісвае ўсе аспекты жыцця і цнотаў кандыдатаў для беатыфікацыі. Затым матэрыялы разгледзяць на пасяджэнні дэпартамента. «Пасяджэнне кардыналаў будзе выбіраць, каб прадставіць Папу кандыдатаў на беатыфікацыю. Калі праца добра зробленая і калі праніклівасць кардыналаў добрая, то звычайна Папа згаджаецца», – адзначыў пастулатар Пейрон.

Мечыслаў Гапановіч

для друку для друку