Біскупы сямі французскіх дыяцэзій, якія ўваходзяць у Рэймскую мітраполію, распачалі ў панядзелак пяцідзённую пешую пілігрымку ў інтэнцыі пакліканняў. Кожны з іх пройдзе па тэрыторыі сваёй дыяцэзіі. У суботу ўсе сустрэнуцца ў Рэймсе на Дні пакліканняў.
Біскупы прыехалі з розных мясцін. Арцыбіскуп Эрык дэ Мулен-Бафор (Éric de Moulins-Beaufort), які з’яўляецца Мітрапалітам Рэймса і старшынёй французскага епіскапату, распачаў сваю пілігрымку на мяжы з Бельгіяй. Па дарозе ён спыніцца ў кларысак і кармэлітак, а таксама ў марыйным санктуарыі. Ён спадзяецца, што на шляху пілігрымкі да яго далучацца вернікі з тых парафій. Такім чынам, пілігрымка будзе таксама магчымасцю для біскупаў сустрэцца з жыхарамі сваёй дыяцэзіі, тлумачыць Бэнэдыкт Кузэн, прэс-сакратар архідыяцэзіі Рэймса. Аднак галоўная мэта гэтай беспрэцэдэнтнай ініцыятывы — заахвоціць усіх вернікаў да малітвы аб новых святарах.
Пасля пілігрымкі біскупы будуць цэлебраваць святую Імшу
Гэта таксама будзе мэтай Дня пакліканняў у мітраполіі, які пройдзе ў Рэймсе 4 мая. Запланаваныя адарацыя Найсвяцейшага Сакраманту, набажэнствы і серыя майстар-класаў па распазнанні ўласнага паклікання, каштоўнасці цэлібату для Божага Валадарства, а таксама чалавечай працы, якая ўспрымаецца як пакліканне. Таксама падрыхтаваны спецыяльныя мерапрыемствы для дзяцей і падлеткаў. Уся справа завершыцца святой Імшой. у катэдры Сен-Рэмі ў канцэлебрацыі сямі біскупаў-пілігрымаў.
Паводле ekai.pl
Пераклад Марыны Сінкевіч
