“Сабрала дзяцей Беларусі Хрыстова Абранніца.” Спатканне рухаў і супольнасцяў адбылося ў Будславе

Стала ўжо добрай традыцыяй, што першага мая з розных куточкаў Беларусі едуць у Будслаў пілігрымы. Удзельнікі рухаў і супольнасцяў збіраюцца ля стоп Божай Маці, каб разам, як дзеці адной вялікай сям’і, правесці час у малітве, добрых размовах і сумесным адпачынку.

Сустрэча распачалася выстаўленнем Найсвяцейшага Сакраманту і ружанцовым набажэнствам. Разважанні над радаснымі таямніцамі падрыхтавалі ўдзельнікі Легіёну Марыі і Жывога Місійнага Ружанца. У гэты час святары служылі ў канфесіяналах, каб кожны мог паяднацца з Панам у сакраманце споведзі.

Апоўдні распачалася cвятая Імша, якую ўзначаліў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі.

Напачатку іерарх прывітаў святароў, канcэкраваных асобаў, удзельнікаў спаткання  і мясцовых парафіянаў. Ён зазначыў, што сёння прысутныя выбралі “лепшую частку” – замест пікнікоў і агародаў – супольную сустрэчу з Езусам Хрыстом і Яго Маці.

Падчас гаміліі біскуп Юрый зазначыў, што 2025 год – Юбілейны, а Будслаўская святыня – храм, дзе сёння можна атрымаць асаблівы адпуст.

Разважаючы над дэвізам Юбілейнага году “Пілігрымы надзеі”, пастыр адзначыў, што пілігрым – гэта кожны вернік, а мэта нашай пілігрымкі – вяртанне ў дома Айца.

Надзея ж нараджаецца менавіта з веры ў Пана Бога. Уваскрослы Хрыстос дорыць кожнаму надзею на дасягненне Божага Валадарства.

Таксама была адзначана важнасць у Касцёле кожнага руху і кожнай супольнасці.

“Вы ўсе ствараеце адну вялікую сям’ю, дзе кожны выконвае сваю функцыю.”

Гамілія скончылася ўрачыстым воклічам: “Хрыстос Уваскрос – сапраўды Уваскрос!”

Пасля заканчэння святой Імшы прысутныя падсілкаваліся абедам. Гэта быў час для супольных размоў, дзе панавала вельмі цёплая атмасфера, нягледзячы на даволі халоднае надвор’е.

Далей адбылася прэзентацыя рухаў і супольнасцяў, а таксама канферэнцыя на тэму “Святы Ян Павел ІІ — прыклад пілігрыма надзеі», якую падрыхтаваў ксёндз Павел Эйсмант.

У гэты час дзеці пад апекай каталіцкіх скаўтаў мелі цікавую гульню. Праходзячы праз выпрабаванні, яны шукалі каштоўныя скарбы, якія духоўна і фізічна дапамагаюць пілігрымам падчас шляху. Куфар з каштоўнымі скарбамі разам з біскупам Юрыем дзеці прынеслі да алтара Маці Божай.

Потым усе разам памаліліся Вяночкам да Божай Міласэрнасці, які ўзначалілі прадстаўнікі Шанштацкага руху.

Напрыканцы сустрэчы біскуп Юрый шчыра падзякаваў гаспадарам санктуарыя разам з кусташам ксяндзом Дзмітрыем Дубовікам, а таксама кожнаму, хто прыклаў свае намаганні і дапамог у арганізацыі.

Вікторыя Філіпенка, тэкст

Паліна Ручан, фота

для друку для друку