Карціна мастака XIX стагоддзя Вінчэнца Каталані з выявай прамовы святога Паўла на Арэапагу была знойдзена ў Рыме на гарышчы касцёла святога Людовіка, караля Францыі. Велізарная карціна, якая больш за стагоддзе праляжала згорнутай у скрутак на лесвіцы, была старанна адноўлена і стала даступнай для наведвальнікаў, паведамляе польская рэдакцыя Vatican News.
Над рэстаўрацыяй карціны Каталані інтэнсіўна працавалі маладыя кансерватары. Адноўленае палатно можна ўбачыць у адным з пакояў, што прымыкаюць да касцёла Святога Людовіка, які неўзабаве стане капліцай.
Гісторыю гэтай незвычайнай знаходкі распавядае французскі штотыднёвік Famille Chrétienne. Адкрыццё каштоўнага твора мастацтва звязана са з’яўленнем спецыяліста па пажарнай бяспецы ў святыні, якая з’яўляецца нацыянальным касцёлам французаў у Рыме.
У 2020 годзе пасля пажару ў саборы Нотр-Дам спецыялісты прыбылі ў Вечны горад, каб праверыць бяспеку касцёла XVI стагоддзя — святога Людовіка, караля Францыі, — дзе захоўваюцца тры шэдэўры Караваджа. Падчас агляду на лесвіцы, якая вядзе на гарышча касцёла, быў знойдзены пакет, які нагадваў скручаны дыван і якога там дакладна не павінна было быць. «Дываном» аказалася палатно памерам 7 на 5 метраў з выявай прамовы святога Паўла на Арэапагу.
Дзякуючы даследаванням было ўстаноўлена, што аўтарам вялікай карціны з’яўляецца Вінчэнца Каталані. Гэты забыты мастак XIX стагоддзя нарадзіўся ў Рыме ў 1814 годзе і нядоўгі час быў знакамітым у Папскай вобласці і Каралеўстве Абедзвюх Сіцылій. Верагодней за ўсё, менавіта тагачасны сіцылійскі манарх Фердынанд II каля 1850 года даручыў мастаку стварыць фрэскі для аднаго з неапалітанскіх касцёлаў, размешчаных на тэрыторыі каралеўства.
Такім чынам, Каталані намаляваў сцэну, якая адлюстроўвае прамову святога Паўла на Арэапагу ў Афінах. Карціна, якая, як кажуць, атрымала вялікае прызнанне Папы Пія IX, захоўвалася ў палацы Фарнезэ ў Рыме, у той час каралеўскай рэзідэнцыі Фердынанда II.
Неўзабаве пасля гэтага пачаўся працэс аб’яднання Італіі. Каралеўства Абедзвюх Сіцылій спыніла існаванне, а палац, у якім захоўвалася мноства каштоўных твораў мастацтва, у 1874 годзе стаў рэзідэнцыяй французскага пасольства, якое знаходзіцца там і па гэты дзень.
пераклад Марыны Ткач
