Канстанцінопальскі праваслаўны патрыярх Варфаламей сёлета выказаў спадзеў, што ўжо неўзабаве і католікі, і праваслаўныя змогуць адзначаць Вялікдзень, найгалоўнейшае хрысціянскае свята, разам. І хоць ідэя каляндарнай еднасці хрысціянаў мае шмат прыхільнікаў, праціўнікаў у яе таксама не менш.
У 2024 годзе розніца паміж датамі Вялікадня ў католікаў і праваслаўных складае цэлых пяць тыдняў: яго святкавалі адпаведна 31 сакавіка і 5 мая. Адрозненне гэтае вынікае перадусім з дзвюх прычынаў: першая – розніца ў календарах, другая – рухомасць самой даты свята.
Раней і католікі, і праваслаўныя мелі адзін каляндар – юліянскі, распрацаваны яшчэ да нашай эры пры Гаю Юлію Цэзару. Але праз недакладнасці ён з часам стаў вельмі моцна адставаць ад рэальнага сонечнага цыклу. У XVI стагоддзі розніца складала ўжо дзесяць дзён, і Папа Рымскі Рыгор ХІІ даручыў у 1582 годзе правесці каляндарную рэформу. Новы каляндар атрымаў назву грыгарыянскага, і ім цяпер карыстаецца амаль увесь свет. Але праваслаўныя яго не прынялі, і ў 1583 годзе патрыярхі Канстанцінопаля, Александрыі і Ерусаліма нават наклалі анафему на ўсіх, хто б карыстаўся грыгарыянскім календаром.
Сітуацыя пачала змяняцца толькі ў ХХ стагоддзі, калі розніца ў двух календарах дасягнула ўжо трынаццаці дзён (з 2100 года будзе 14). Спрыялі гэтаму і пераход на новы каляндар свецкіх уладаў у праваслаўных краінах. У выніку ў 1923 годзе праваслаўныя патрыярхі прапанавалі свой варыянт календара – новаюліянскі. У ім даты нерухомых святаў супадаюць з грыгарыянскімі, а рухомых застаюцца такімі ж, як і ў юліянскім. На сённяшні дзень новаюліянскім календаром карыстаюцца Албанская, Александрыйская, Антыяхійская, Балгарская, Канстанцінопальская, Кіпрская, Румынская, Чэшская і Эладская цэрквы. Летась на яго перайшла і Праваслаўная царква Украіны. Яны, напрыклад, Раство святкуюць у адзін дзень з католікамі і пратэстантамі – 25 снежня. Але ёсць праваслаўныя цэрквы, якія такой рэформы не прынялі або адмовіліся ад яе: Ерусалімская, Грузінская, Македонская, Польская, Расійская, Сербская. У іх тое ж Раство адзначаецца 7 студзеня, бо менавіта на гэты дзень грыгарыянскага календара выпадае юліянскае 25 снежня.
Але даты рухомых святаў амаль ва ўсіх праваслаўных аднолькавыя. Практычна ўсе з іх Вялікдзень сёлета святкуюць 5 мая. З усіх праваслаўных цэркваў на грыгарыянскі каляндар перайшла толькі Фінляндская, якая з’яўляецца аўтаноміяй у складзе Канстанцінопальскага патрыярхату. У іх Вялікдзень быў 31 сакавіка.
Агулам, розніца ў датах Вялікадня бывае рознай.
Грыгарыянскі Вялікдзень амаль у 30% выпадкаў супадае з юліянскім, у 45% выпадкаў апярэджвае яго на адзін тыдзень, у 5% – на чатыры тыдні, у 20% – на пяць.
Звязана гэта з Нікейскім правілам вылічэння даты свята: яно адзначаецца ў першую нядзелю пасля першай поўні, якая ў сваю чаргу мае быць пасля вясновага раўнадзенства. Вясновае раўнадзенства і ў праваслаўных, і католікаў прыпадае на 21 сакавіка. Але 21 сакавіка паводле юліянскага ці новаюліянскага календара – гэта 3 красавіка паводле грыгарыянскага. Таму, напрыклад, сёлета першая вясновая поўня была 25 сакавіка – у дзень, калі ў праваслаўных паводле іх календароў яшчэ нават не наступіла раўнадзенства. У выніку каталікі маглі святкаваць Вялікдзень ужо 31 сакавіка, а праваслаўныя яшчэ мусілі чакаць дадатковы месяц, калі наступіць новая поўня. У 2025 годзе першая вясновая поўня выпадае на 13 красавіка – пасля раўнадзенства паводле абодвух календароў. У выніку і святкаваць Вялікдзень хрысціяне будуць у адзін дзень – 20 красавіка.
Шмат каму з праваслаўных розніца ў календарах не падабаецца. Сёлета, 31 сакавіка, Канстанцінопальскі Патрыярх Варфаламей, віншуючы неправаслаўных хрысціянаў з Вялікаднем, назваў «скандалам» тое, што свята Уваскрасення адзначаецца ў розныя дні.
«Молімся Госпаду славы, каб супольнае святкаванне Вялікадня, якое будзе ў нас у наступным годзе, было не шчаслівым супадзеннем, выпадковасцю, але пачаткам устанаўлення адзінай даты святкавання года ва ўсходнім і заходнім хрысціянстве, у сувязі з 1700-годдзем у 2025 годзе склікання Першага Сусветнага Сабору ў Нікеі, які, між іншым, разглядаў пытанне рэгулявання часу святкавання Вялікадня. Мы настроеныя аптымістычна, бо ёсць добрая воля і жаданне з абодвух бакоў», – заявіў патрыярх.
Як шукалі каляндарнай еднасці
Агулам спробы ўвесці адзіную дату святкавання Вялікадня налічваюць ужо больш як сто гадоў. Яшчэ ў 1923 годзе Ліга Нацыяў прапанавала прызначыць свята ў нядзелю, наступную за другой суботай красавіка. Тады большасць пратэстанцкіх цэркваў пагадзілася на такі варыянт, быў адкрыты да гэтага і Канстанцінопальскі Патрыярх, але супраць выступіў Рым.
Аднак у 1963 годзе Каталіцкі Касцёл у дадатку да Канстытуцыі аб святой Літургіі «Sacrosanctum Concilium» выказаў гатоўнасць пагадзіцца на любую дату (фіксаваную ці рухомую), калі б усе цэрквы прыйшлі да агульнага рашэння.
Тады ж даследаванне, праведзенае Сусветнай радай цэркваў, паказала, што большасць заходніх цэркваў аддалі перавагу фіксаванай даце, але для праваслаўных было важна прытрымлівацца Нікейскага правіла.
Яшчэ старажытныя ўсходнія цэрквы былі больш адкрытыя да гэтага пытання. Напрыклад, у 1971 годзе Сірыйская царква прапанавала ўсталяваць дату Вялікадня ў нядзелю, наступную за другой суботай красавіка, а ў 1984 годзе яна заявіла аб гатоўнасці святкаваць Вялікдзень у любую нядзелю красавіка пры ўмове згоды ўсіх цэркваў. У 1997 годзе яна ж прапанавала замест грыгарыянскага ці юліянскага календара святкаваць дату Вялікадня на падставе астранамічных звестак з захаваннем Нікейскага правіла. Але паколькі астранамічны каляндар найбольш блізкі да грыгарыянскага, супраць гэтага зноў выступілі праваслаўныя цэрквы.
У 2014 годзе Копцкі Патрыярх Тавадрас II папрасіў Папу Рымскага Францішка прыкласці намаганні для ўвядзення адзінай даты Вялікадня і таксама абмеркаваў гэтае пытанне з праваслаўным Канстанцінопальскім Патрыярхам. У траўні 2015 года Тавадрас ІІ прапанаваў замацаваць Вялікдзень у трэцюю нядзелю красавіка.
У чэрвені 2015 года ідэю супольнага святкавання на сустрэчы з Папам Францішкам падтрымаў праваслаўны Патрыярх Антыяхійскі Ігнацій Яфрэм ІІ. Ён нагадаў, што ягоная царква яшчэ ў 1981 годзе выступіла за тое, каб святкаваць Вялікдзень «у нязменную нядзелю красавіка» разам з іншымі хрысціянскімі цэрквамі. Паводле яго, святкаванне Вялікадня «ў дзве розныя даты з’яўляецца крыніцай вялікага дыскамфорту і аслабляе агульнае сведчанне Царквы ў свеце». Ён таксама падзякаваў Францішку за ягоную «ініцыятыву ўзначаліць намаганні ў гэтай справе». У сваю чаргу Святы Айцец пацвердзіў, што Каталіцкі Касцёл «жадае ўсталяваць фіксаваную дату Вялікадня, каб яе маглі святкаваць у адзін дзень усе хрысціяне, незалежна ад таго, католікі, пратэстанты ці праваслаўныя».
У студзені 2016 годзе англіканскі Арцыбіскуп Кентэрберыйскі выказаў меркаванне, што фіксаваная дата Вялікадня магла б быць узгодненая «ў межах ад пяці да дзесяці гадоў». У красавіку 2017 года імкненне да супольнай даты святкавання Вялікадня зафіксавалі ў Каірскай дэкларацыі, якую падпісалі Папа Францішак і Патрыярх Тавадрас ІІ. У лютым 2023 года Святы Айцец адзначыў, што рыхтуе ў 2025 годзе сустрэчу з нагоды 1700-годдзя Нікейскага сабору ў тым ліку для таго, каб з Канстанцінопальскім Патрыярхам Варфаламеем «прыйсці да згоды па адзінай даце Вялікадня».
Разам з тым супраць святкавання Вялікадня ў адзін дзень з католікамі актыўна выступае Маскоўскі патрыярхат.
Адмаўляцца ад састарэлага каляндара там не плануюць і заяўляюць, што гэта Ватыкан мусіць вярнуцца да юліянскай пасхаліі. Як заявіў у красавіку 2021 года цяпер ужо былы кіраўнік аддзелу вонкавых царкоўных сувязяў Рускай Праваслаўнай Царквы мітрапаліт Іларыён, «няма ніякіх унутраных імпульсаў, якія зыходзілі б ад нашага царкоўнага народу, на карысць таго, каб замяніць царкоўны каляндар».
Такое ж меркаванне святары РПЦ выказалі і сёлета, каментуючы расійскім СМІ заяву Канстанцінопальскага Патрыярха. У прыватнасці, для іх важна, каб Вялікдзень святкаваўся пазней за юдэйскі Пейсах. І таму, паводле іх, менавіта католікі і пратэстанты павінны вярнуцца на юліянскі каляндар.
Як вынік мітрапаліт Святаслаў, кіраўнік Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы, каторая з 2023 года перайшла на новаюліянскі каляндар, мяркуе, што шлях да адзінай даты Вялікадня будзе «доўгім і няпростым». На яго думку, «найбліжэйшым часам рэформы пасхаліі нашы праваслаўныя браты не зробяць».
Мечыслаў Гапановіч
для друку