Родныя ў манастве і духавенстве

Сярод манахінь і святароў нашай краіны ёсць родныя браты і сёстры. “Каталіцкі Веснік” пагутарыў з некаторымі з іх.

Айцец Юрый Кулай OCD і сястра Магдаліна Кулай CSCII нарадзіліся і выраслі ў Брэсце. Старэйшы амаль на тры гады айцец Юрый.

Іх тата быў з праваслаўнай сям’і, а маці з каталіцкай. Шлюб бацькі бралі ў Касцёле і дзяцей выхоўвалі ў каталіцкай веры. Яны былі простымі людзьмі і шмат працавалі. Разам з тым, як адзначае айцец Юрый, яны вельмі стараліся весці сына і дачку да Бога як маглі. Бабуля Марыя паклапацілася пра тое, каб унукі прынялі сакраманты. Госпад заўсёды прысутнічаў у сям’і.

Юрый, будучы маленькім хлопчыкам, вельмі чакаў дня нараджэння сястры. У дзяцінстве яны заўсёды падтрымлівалі адно аднаго і жылі вельмі дружна. У школьныя гады іх жыццё было цалкам звязана з Касцёлам: удзел у святой Імшы, катэхезы, “Канікулы з Богам”, пілігрымкі. Цікава, што дзесьці ў пятым класе ў абоіх з’явіліся першыя думкі пра пакліканне, якія неўзабаве зніклі.

Потым а. Юрый хацеў стаць перакладчыкам або журналістам, а с. Магдаліна шэф-поварам, правадніцай, прадаўцом, медсястрой, катэхеткай… Сур’ёзнае жаданне стаць манахіняй і святаром-манахам  таксама ў абоіх з’явілася дзесьці ў дзявятым класе. Напрыканцы школы пра далейшы жыццёвы шлях пытанняў у падлеткаў ужо не ўзнікала. Зараз а. Юрый з’яўляецца пробашчам ў мінскай парафіі Божага Цела, служачы ў ордэне кармелітаў босых. Сястра Магдаліна знаходзіцца ў Кангрэгацыі сясцёр-кармелітак Дзіцятка Езуса, жыве ў Гудагаі пры Санктуарыі Маці Божай. Яна таксама дапамагае ў парафіі Св. Яна Паўла ІІ у Смаргоні.

Айцец Юрый для сястры: “Дарагая сястра! Трымайся верна Хрыста, Які даверыў табе быць Яго рукамі, нагамі, вачыма і вуснамі для Касцёла і свету!”

Сястра Магдаліна для брата: “Няспынна дзякую Богу за Цябе, брацік! За кожную добрую параду і за няспынную падтрымку. Захапляюся, як клапоцішся пра справу збаўлення тых, каму служыш, дзе б Ты ні быў. Нясі праўду Хрыста для нашай Беларусі!”

Ксёндз Анатоль і ксёндз Віктар Захарэўскія

Кс. Віктар злева, кс. Анатоль справа

Два браты нарадзіліся на Ашмяншчыне. Старэйшы з іх амаль на чатыры гады Анатоль. У святароў ёсць яшчэ адзін брат – Ян, які мае сям’ю.

З самага дзяцінства бабуля з матуляй прывівалі хлопцам веру ў Бога і вучылі маліцца. Касцёл у Гальшанах тады быў зачынены, усе браты былі ахрышчаны ў Вішневе. Сакрамант хросту ім удзяляў знакаміты святар-адраджэнец Уладзіслаў Чарняўскі.

29 ліпеня 1990 года гальшанскі касцёл пачаў працаваць. Віктара першага паклікаў да алтара служыць міністрантам а. Людвік Бартошэк, а праз тыдзень Анатоль таксама далучыўся. Хлопцам вельмі падабалася дапамагаць у святыні. На працягу ўсіх канікул яны прыязджалі на роварах на Імшу. Можна сказаць, браты “не вылазілі “з касцёла.

Кс. Анатоль прыгадвае такі выпадак: “Аднойчы а. Людвік сказаў міністрантам, што, калі хтосьці хоча стаць ксяндзом, неабходна кожны дзень прамаўляць адзін раз малітву “Вітай, Марыя”… Я задумаўся, можа, і мне таксама трэба? І пачаў маліцца нават больш, чым сказаў пробашч”. Калі Віктар быў у восьмым класе, Анатоль пайшоў у семінарыю.

Кс. Віктар распавядае: “Многія пыталіся і ў мяне, ці буду я ксяндзом. Святарам я адказваў “так”, а іншым свецкім людзям – “не”. У школе мяне часта называлі “ксёндз”. Калі я быў у выпускным класе, то нікому не казаў пра сваё рашэнне падаць дакументы ў семінарыю. Аднойчы ранкам да нас дамоў прыйшоў кс. Леанард Чухонскі, тагачасны пробашч у Міхалішках. Мама хутка згатавала сняданне для госця, а ён у мяне запытаў, куды я паступаю. Мой адказ падслухаў брат Ян і расказаў усё маме. Так усе даведаліся пра маё рашэнне пайсці ў семінарыю”. Рашэнню здзівіўся і старэйшы брат-клерык, бо на тэму паклікання хлопцы ніколі не размаўлялі.  У Гродзенскай семінарыі браты правучыліся разам нават два гады.

Сёння кс. Анатоль служыць ў парафіі Святога Міхала Арханёла ў Міхалішках (Астравецкі дэканат), а кс. Віктар – у суседняй парафіі Св. Юрыя ў Варнянах Адлегласць паміж вёскамі ўсяго пятнаццаць км. Браты часта бачацца, наведваюць і дапамагаюць адзін аднаму. Святары вельмі шчаслівыя, што Госпад паклікаў іх абодвух прапаведаваць Божае Слова і служыць людзям.

Назарэтанкі сястра Паўла Волчак і сястра Кляра Волчак нарадзіліся і выраслі ў Шчучыне. Старэйшая з іх, Паўла, выпрасіла ў бацькоў сабе малодшую сястрычку. У манахінь ёсць яшчэ брат, які мае сваю сям’ю.

с. Кляра злева і с. Паўла справа

Бацькі дзяўчынак былі шчырымі вернікамі і сваёй верай дзяліліся з дзецьмі. Штодзённа сям’я хадзіла на Імшу і разам малілася. У свой час мама і тата сясцёр пісалі пісьмы-просьбы пра вяртанне святыні ў Шчучыне. Тата нават некалькі разоў ездзіў у Маскву, Мінск, Гродна з дэлегацыяй у гэтай справе.

Перад тым, як святыню аддалі, тата атрымаў дазвол прывезці ў Шчучын Найсвяцейшы Сакрамант, захоўваць дома на гарышчы, а падчас малітваў – удзяляць Камунію. Калі ж урэшце аддалі касцёл, бацька праводзіў там набажэнствы і ўдзяляў Камунію. Як прыехаў святар, бацька стаў закрыстыянінам. У сям’і сёстры былі разам толькі некалькі гадоў. Калі малодшай – Кляры – споўнілася восем гадоў, Паўла ўжо паехала вучыцца ў Люблін. Таму больш часу разам яны праводзілі ўжо ў кляштары.

Пра пакліканне с. Кляра марыла з дзяцінства: “Ужо ў тры гады я аб’явіла сваё рашэнне быць манахіняй. Дакладна не памятаю, але недзе ў васьмі-дзевяцігадовым узросце я ўжо дакладна ведала, што буду сястрой. Таму ў свае дванаццаць гадоў прасіла прыняць у Назарэт. Прынялі мяне, праўда, у трынаццаць, калі вучылася ў восьмым класе. Гэта быў аспірат, самы пачатковы этап фармацыі. Для мяне было важна тое, што я паволі набліжаюся да сваёй мары і мэты. Пасля адзінаццатага класа я паступіла ва ўніверсітэт, а пасля другога курса перарвала вучобу для навіцыята. У 2003 годзе я прыняла першыя манаскія шлюбы ў Кангрэгацыі сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта”.

Сястра Паўла ў дзяцінстве марыла стаць святаром: “Я хрысціла ўсіх сваіх сябровак і лялек. Такімі былі мае гульні ў савецкі час. Маці ж мне сказала, што я дзяўчынка, таму не змагу быць ксяндзом. Мая мара была разбураная. Пазней, калі мне было пятнаццаць гадоў, я ўпершыню ўбачыла манахіню ў чорным адзенні. Аднак хутка забыла пра гэта. Я скончыла школу і марыла пра сям’ю і траіх дзяцей. Але праз год я цвёрда вырашыла быць манахіняй”.

Зараз сястра Паўла знаходзіцца на місіі ў Аўстраліі, а сястра Кляра служыць у Беларусі.

Сястра Кляра для сястры Паўлы: “Я цябе вельмі люблю, дарагая сястра! Я вельмі ўдзячная табе за тое, што мяне “выпрасіла” ў мамы з татам, і за тое, што мяне выхоўвала, вучыла і клапацілася пра мяне. Ты стала сапраўдным прыкладам вернай і добрай назарэтанкі! Гэта так крута – мець старэйшую сястру ў кляштары!»

Сястра Паўла для сястры Кляры: “Дарагая мая сястра Кляра! Я вельмі ўдзячная Госпаду за цябе! Дзякуй, што ты ёсць. Спадзяюся, што хутка эпідэмія скончыцца і мы ўбачымся. Моцна абдымаю і малюся!”

Гутарыла Ірына Радзевіч

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі