“У той час:
Езус сказаў народу: Я хлеб жывы, які сышоў з неба. Калі хто будзе есці хлеб гэты, будзе жыць вечна. А хлеб, які Я дам, гэта цела Маё дзеля жыцця свету.
Юдэі спрачаліся паміж сабою, кажучы: Як Ён можа даць нам есці сваё цела?
Езус сказаў ім: Сапраўды, сапраўды кажу вам: калі не будзеце есці цела Сына Чалавечага і піць крыві Ягонай, не будзеце мець у сабе жыцця. Хто есць Маё цела і п’е Маю кроў, мае жыццё вечнае, і Я ўваскрашу яго ў апошні дзень.
Бо цела Маё — праўдзівы спажытак, а кроў Мая — праўдзівы напой. Хто есць Маё цела і п’е Маю кроў, ува Мне ёсць, а Я — у ім.
Як паслаў Мяне жывы Айцец, і Я жыву Айцом, так і той, хто есць Мяне, будзе жыць Мною. Гэта той хлеб, які сышоў з неба, а не той, які елі айцы вашыя і памерлі. Хто есць хлеб гэты, будзе жыць навекі.
Гэта сказаў Ён у сінагозе, калі навучаў у Кафарнауме”.
Ужо пару нядзель запар мы чуем урыўкі, узятыя з шостага раздзела Евангелля паводле святога Яна. Раздзела, які пачынаецца знакамітым цудам памнажэння хлябоў. Можам сказаць, што гэта “фізічны” цуд, які ў пэўны момант рухаецца ў дастаткова дзіўным напрамку: ён пераходзіць ад фізічнага ўжывання ежы, хлеба — што вельмі падабаецца народу, настолькі, што яны хацелі прымусіць Езуса стаць іх каралём, да спажывання Хлеба вечнага жыцця, а больш дакладней, ад хлеба пшанічнага да Цела Хрыста.
І калі гэты ўрывак чытаць як метафару, то ўсё прымаецца і разумеецца вельмі проста. Цяжкасць узнікае ў той момант, калі спажыванне хлеба жыцця, гэта значыць Цела Езуса і піцця Яго Крыві становіцца абавязковым, каб атрымаць жыццё вечнае. Таму, паводле слоў Езуса, вера, якая дапамагае атрымаць вечнае жыццё, зараз паходзіць ад Яго Цела, якое трэба есці, і ад Яго Крыві, якую трэба піць.
Юдэям, напэўна, было вельмі цяжка зразумець гэтыя словы. І мы адчуваем у іх спрэчках пэўныя ноткі расчаравання. На самай справе нават для нас, калі б мы не ведалі пра Эўхарыстыю, гэтыя словы здаваліся б непрымальнымі: як можна есці цела і піць кроў іншага чалавека? І як робячы гэта можна атрымаць жыццё вечнае? Ведаем з гісторыі, што шмат разоў хрысціяне чулі пра сябе наступныя характарыстыкі: “вы людаеды, бо сцвярджаеце, што жывіцеся целам Езуса”.
Калі Езус запрасіў есці і піць Яго Цела і Кроў, шмат вучняў пакінулі Яго. Аднак вера ў рэальную прысутнасць Цела і Крыві Езуса пад відам хлеба і віна, з’яўляецца адным з найбольш характэрных элементаў хрысціянскай веры. Святы Ігнацый з Антыёхіі пісаў: “Дакеты трымаюцца далей ад Эўхарыстыі і малітвы, бо не вызнаюць, што Эўхарыстыя — гэта цела Збаўцы нашага Езуса Хрыста, які пацярпеў за нашы грахі і якога, па сваёй дабрыні, уваскрэсіў Айцец”.
Каментуючы гэты евангельскі ўрывак, Папа Францішак запрасіў нас аднавіць шматвекавую эўхарыстычную веру і дазволіць Хрысту перамяніць нас: “Хлеб — гэта сапраўды Яго Цела, выданае за нас, віно — гэта сапраўды Яго Кроў, пралітая за нас. Эўхарыстыя — гэта Езус, які цалкам аддае Сябе нам. Сілкуючыся Ім і прабываючы ў Ім праз эўхарыстычную Камунію, калі мы робім гэта з верай, перамяняе наша жыццё, перамяняе яго ў дар Богу і нашым братам. Спажываць гэты “Хлеб жыцця” азначае быць у гармоніі з сэрцам Хрыста… Гэта значыць увайсці ў дынамізм любові і стаць людзьмі міру, людзьмі прабачэння, прымірэння і салідарнасці. Рабіць тое самае, што рабіў Езус».
Разважанне падрыхтаваў кс. кан. Аляксей Ляшко
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!
