“У той час:
Прыйшоў да Езуса пракажоны і, упаўшы на калені, прасіў Яго: Калі хочаш, можаш мяне ачысціць. Езус, злітаваўшыся над ім, працягнуў руку, дакрануўся да яго і сказаў яму: Хачу, будзь ачышчаны. І адразу ж праказа сышла з яго, і ён стаў чысты.
Езус строга перасцярог яго і адразу адправіў, кажучы: Глядзі, нікому нічога не кажы; але ідзі, пакажыся святару і дай ахвяру за ачышчэнне сваё, як загадаў Майсей, для сведчання ім.
Але ён, выйшаўшы, пачаў абвяшчаць і шмат расказваць пра падзею, так што Езус не мог ужо адкрыта ўвайсці ў горад, але быў здалёк, у пустэльных мясцінах. І прыходзілі да Яго адусюль”.
Аднойчы, каментуючы гэты Евангельскі ўрывак, Папа Францішак сказаў: “Немагчыма стварыць супольнасць без блізкасці, немагчыма заключыць мір без блізкасці. Не наблізіўшыся, дабра не зробіш. Езус мог бы сказаць пракажонаму: “Будзь ачышчаны!” і той бы ачысціўся. Аднак Езус падышоў да яго, працягнуў руку, дакрануўся і ачысціў”.
Каб зразумець значэнне гэтага цуда нам трэба ўсвядоміць, што для габрэяў праказа была чымсьці большым, як толькі звычайная хвароба. Кніга Левіта, у якой гаворыцца пра яе, настойвае на тым, што пракажоны з’яўляецца жывым сімвалам нячыстасці, якая выдаляе чалавека з супольнасці і нават робіць праклятым у вачах іншых людзей. Уяўлялася, што такі чалавек пакараны Богам. Таму трэба было трымацца далей ад пракажоных, каб не толькі не заразіцца хваробай, але і каб не стаць нячыстымі, каб не мець перашкоды знаходзіцца ў супольнасці і быць дапушчанымі да магчымасці ўдзелу ў Божым кульце.
Істотным у сённяшнім евангельскім урыўку з’яўляецца не столькі тое, што пракажоны ачысціўся, колькі як гэта адбылося. Езус не абмяжоўвае сябе здзяйсненнем цуду застаючыся на адлегласці, як гэта адбываецца пры здзяйсненні іншых цудаў, але Ён “працягнуў руку, дакрануўся да яго і сказаў яму: … будзь ачышчаны”.
Існуе вялікая розніца паміж чалавечым жалем і хрысціянскай міласэрнасцю. Тыя, хто маюць чалавечы жаль да іншага, спачуваюць няшчасцям людзей, шкадуюць іх. Нават пры неабходнасці прапануюць сродкі для пераадолення гэтых няшчасцяў, але застаюцца на пазіцыі перавагі, з якой схіляюцца над іншымі.
Міласэрнасць, як яе прадстаўляе Евангелле, прыпісваючы яе перад усім Богу, азначае раздзяліць лёс бедных і хворых, браць асабіста на сябе адказнасць за іх, а часам нават плаціць за яе цаной уласнага лёсу, рэпутацыі або нават і жыцця. І Езус зрабіў гэта ў адносінах да пракажонага. Ён падвергнуў сябе заразе і нячыстасці, працягнуўшы руку і дакрануўшыся да яго, ачысціў.
Але Езус увесь час пазбягае пэўнай “рэкламы”. Гэта слава, якая прыходзіць да Яго ад зробленых цудаў. Езус не робіць цуды для таго, каб “зрабіць сабе імя”, “стварыць аўдыторыю” ці павялічыць сваю “папулярнасць”. Ён не хоча выкарыстоўваць цярпенні людзей для сваёй хвалы, для нейкага “евангельскага маркетынгу”. Ён робіць цуды толькі таму, што клапоціцца пра людзей, якія патрабуюць Яго дапамогі. Таму, пасля цуда аздараўлення, “Езус строга перасцярог яго і адразу адправіў, кажучы: Глядзі, нікому нічога не кажы; але ідзі, пакажыся святару і дай ахвяру за ачышчэнне сваё, як загадаў Майсей, для сведчання ім”. Аднак пракажоны Яго не паслухаў “пачаў абвяшчаць і шмат расказваць пра падзею”, абмяжоўваючы дзейнасць Езуса ў гэтай мясцовасці так, што “Езус не мог ужо адкрыта ўвайсці ў горад, але быў здалёк, у пустэльных мясцінах”.
Разважанне падрыхтаваў кс. Аляксей Ляшко
