Калі мінулі дні іх ачышчэння паводле Закону Майсея, прынеслі Яго ў Ерузалем, каб прадставіць перад Панам.
Калі яны выканалі ўсё паводле Закону Пана, тады вярнуліся ў Галілею, у горад свой Назарэт.
Дзіця ж расло і ўмацоўвалася, і напаўнялася мудрасцю, а ласка Божая спачывала на Ім.
У апошнюю нядзелю і апошні дзень гэтага года мы адзначаем свята Святой Сям’і. Літургія Касцёла ў гэты дзень прыводзіць нам у якасці прыкладу самую дасканалую сям’ю: Езуса, Марыю і Юзафа. Іх паводзіны і спосаб жыцця – указальнік таго, куды і як павінна імкнуцца сям’я, якую мадэль прыняць ва ўласных узаемадзеяннях і функцыянаванні. Сённяшняе свята ставіць і прад намі пытанне, на чым будуецца жыццё нашых сем’яў.
Сям’я, і сямейныя адносіны — гэта збудаванне, благаслаўлёнае Богам, у якім ніводзін з удзельнікаў не дасканалы, як не дасканалы кожны чалавек у гэтым свеце. Святасць сям’і палае не столькі на ідэальных людзях, якія не грашаць, — кожны чалавек схільны да граху, як на імкненні дзяліцца любоўю і жыць у гэтай любові. Святасць сям’і перш за ўсё палягае на ўзаемнай падтрымцы, на прабачэнні, на гатоўнасці штораз пачынаць нанова будаваць адносіны ў любові праз споведзь, святую Камунію, на ўменні быць удзячнымі за ўсё і заўсёды Богу, трываць у малітве і імкнуцца сведчыць пра Яго любоў іншым.
Сямейная любоў мае сваё радовішча ў Богу праз веру. Вера ж мае свой пачатак у сям’і і доме, перадаецца і навучаецца праз бацьку ці маці. У бацьках дзеці бачаць мудрых правадыроў, сяброў і сведкаў на дарозе веры. Дзякуючы веры бацькоў, дзеці атрымліваюць найкаштоўнейшы скарб і спадчыну, якую панясуць праз усё сваё жыццё, на фундаменце якога збудуць свае ўзаемаадносіны як сямейныя, так і людскія. Святая Сям’я вучыць нас таксама цалкам давяраць Богу і спрэс ды поўнасцю пакладаць у Ім сваю надзею.
Прыклад Святой Сям’і з Назарэта накіроўвае нас на шлях служэння бліжняму праз веру, надзею і любоў, заўсёды прабываючы ў цесных адносінах і трывалай повяззю з Богам. Няхай Езус, Марыя і Юзаф апякуюцца кожнай нашай сям’ёй і будуць для іх дасканалым прыкладам.
Разважанне падрыхтаваў кс. д-р Сяргей Сурыновіч
для друку