У той час:
Езус прыйшоў з Галілеі на Ярдан да Яна, каб атрымаць ад яго хрост. Ян жа ўстрымліваў Яго, кажучы: Гэта мне трэба ад Цябе прымаць хрост, а Ты прыходзіш да мяне?
Сказаў яму Езус у адказ: Дазволь цяпер, бо так належыць нам выканаць усё, што справядліва. Тады Ян уступіў Яму.
Калі Езус ахрысціўся, адразу выйшаў з вады, і раскрыліся Яму нябёсы, і ўбачыў Духа Божага, які спускаўся, як голуб, і сыходзіў на Яго. І голас з неба прамовіў: Гэта Сын Мой умілаваны, якога Я ўпадабаў.
Хрост Езуса ў Ярдане сам па сабе быў здарэннем экстраардынарным, бо стаў пачаткам Яго публічнай дзейнасці. Калі да гэтага дадаць з’яўленне голуба, у абліччы якога аб’явіўся Дух Святы, і голас Нябеснага Айца, то гэтая падзея набывае выразна трынітарнае значэнне. Трэба падкрэсліць, што той самы Дух Святы, які сышоў на Езуса падчас Яго хросту, сыходзіць і на нас падчас нашага хросту. А Бог Айцец кажа таму, хто прымае хрост: ты Мой сын умілаваны, Я ўпадабаў цябе. Дзякуючы сакрамэнту хросту мы ўваходзім у Божае жыццё праз намашчэнне Духам Святым, тым самым, які намасціў Езуса ў Галілеі. Бог Айцец, чынячы нас сваімі дзецьмі, дае нам тыя ж дары, якія Ён даў свайму Сыну падчас хросту ў Ярдане. Самыя вялікія з іх — гэта моц Духа Святога і тое, што Бог трымае нас у сваіх любячых руках.
Хрыстус ужо ў першыя хвіліны нашага жыцця далікатна гаворыць нам, што мы з’яўляемся ўмілаванымі Божымі дзецьмі. Ласка святога хросту павінна быць моцна ўкаранёная ў нашыя сэрцы. Малое сэрца, якое ў хвіліну святога хросту становіцца чыстым, якое прымае Бога, павінна заўсёды быць Ім напоўнена.
Быць у руках Божых не азначае, што нас заўсёды чакае поспех, здароўе і бяспека. Гэта фальшывае ўяўленне любячых рук Бога, якое часта прадстаўляецца нам харызматычнымі евангелістамі, што запаланілі экраны тэлевізараў, а таксама ў спартыўных і канцэртных залах: “Навярніся да Бога, і ты атрымаеш аздараўленне ад невылечнай хваробы або твае даходы падвояцца”. Нам трэба памятаць, што калі мы ахрысціліся ў жыццё Езуса Хрыста, то адначасова ахрысціліся і ў Яго цярпенні, смерць і ўваскрасенне. Хрысціянін — гэта чалавек, падобны да іншых, аднак ён жыве ў гэтым свеце паводле Божага закону. Падчас хросту мы атрымалі запаленую свечку, якая сімвалізуе святло Хрыста. Таму нам трэба быць святлом свету і соллю зямлі, каб свяціць у яго цемры і захаваць яго ад маральнай сапсаванасці.
Разважанне падрыхтаваў кс. д-р Сяргей Сурыновіч
![для друку для друку](https://catholicnews.by/wp-content/plugins/wp-print/images/print.gif)