Разважанне на IV звычайную нядзелю. Год В

Евангелле Мк 1, 21–28

“У горадзе Кафарнауме Езус увайшоў у шабат у сінагогу і навучаў. І здзіўляліся вучэнню Ягонаму, бо Ён вучыў іх як той, хто мае ўладу, а не як кніжнікі.

І быў тады ў сінагозе чалавек, апанаваны нячыстым духам, які закрычаў: Што Табе да нас, Езус Назаранін? Ты прыйшоў загубіць нас? Ведаю Цябе, хто Ты, Святы Божы. Але Езус забараніў яму, кажучы: Змоўкні і выйдзі з яго. Тады дух нячысты, таргануўшы яго і закрычаўшы моцным голасам, выйшаў з яго. І здзівіліся ўсе, так што пыталіся адзін у аднаго, кажучы: Што гэта? Новае вучэнне, якое мае моц? Ён і духам нячыстым загадвае, і яны слухаюцца Яго. І адразу разышлася пра Яго чутка па ўсёй ваколіцы Галілеі”.

У сённяшнім Евангельскім урыўку дзейнасць і служэнне Езуса сканцэнтравана ў адным дні прабывання ў Кафарнауме. Пазней Яго місія распаўсюдзіцца на ўсю Галілею.

“Дзень Кафарнаума” — гэта прыклад таго, якім будзе ўсё служэнне Езуса. Можна  абагульніць яго наступным чынам: Езус навучае, выганяе злых духаў, аздараўляе хворых, моліцца. Вось Яго асноўны рытм жыцця: дзейнасць і малітва.

Дзейнасць Езуса ўключае ў сябе два элементы: словы і справы. Евангеліст Марк асабліва любіць падкрэсліваць моц і ўладу, з якімі гаворыць і дзейнічае Езус. Такім мы бачым Езуса — надзвычайная моц і спагада, з якой набліжаецца да кожнага, хто патрабуе яго дапамогі: да беднага, хворага і грэшніка. Езус сустракаецца з людзьмі там, дзе яны звычайна бываюць: падчас святкавання суботы або падчас штодзённых заняткаў. Ён набліжаецца да сітуацый, у якіх яны знаходзяцца: унутрана змучаныя, пацярпелыя ад хваробы, пагружаныя ў свае няшчасці.

“Ён вучыў іх як той, хто мае ўладу, а не як кніжнікі”. Першае, што людзі бачаць, гэта іншы спосаб навучання Езуса. Людзей уражвае не столькі змест, колькі спосаб навучання, дзякуючы якому ў іх фарміруецца крытычны погляд на навучанне тагачасных рэлігійных аўтарытэтаў. Людзі прыглядаюцца, параўноўваюць і кажуць: Ён навучае як той, хто мае ўладу, а не як кніжнікі. Кніжнікі, пры навучанні, заўсёды падмацоўвалі свае словы цытатамі значных рэлігійных аўтарытэтаў. Езус не робіць ніякіх спасылак ці цытат, Ён гаворыць зыходзячы са свайго досведу Бога і свайго жыцця. І таму Яго словы ўкараняліся ў сэрцах слухачоў.

 У Евангеллі паводле святога Марка першым цудам, які ўчыніў Езус, з’яўляецца выгнанне нячыстага духа. Езус змагаецца і выганяе моц зла, якое авалодвае людзьмі і аддаляе іх ад саміх сябе. Чалавек, апантаны нячыстым духам, крычыць: “Ведаю Цябе, хто Ты, Святы Божы”. Ён паўтарае афіцыйнае вучэнне, якое прадстаўляла Месію як “Святога Божага”, гэта значыць як Першасвятара, або як караля, суддзю, лекара.

Таксама і сёння многія людзі жывуць у аддаленасці ад саміх сябе, падманутыя фальшывымі прароцтвамі, гаворачы “шаблонамі”, якія чуюць ад іншых. Яны жывуць у рабстве спажывецтва, прыгнечаныя пошукам матэрыяльных каштоўнасцей. Езус дапамагае вызваліцца чалавеку ад злога духа. Ён дапамагае кожнаму чалавеку перастаць адчуваць сябе рабом, вяртае свядомасць і свабоду.

Пачуты Евангельскі ўрывак дапамагае нам убачыць дзве першыя прыкметы Добрай Навіны: іншы спосаб навучання рэчам Божым і ўлада над нячыстымі духамі. Ачышчэннем чалавека, апанаванага нячыстым духам, Езус адкрывае людзям новы шлях да дасягнення чысціні. У часы Езуса чалавек, прызнаны нячыстым, не мог стаць перад Богам на малітву і атрымаць благаслаўленне, абяцанае Богам Абрагаму. Яму трэба было спачатку ачысціцца. Шматлікія прыказанні і правілы ўскладнялі жыццё і маргіналізавалі многіх людзей, якіх лічылі нячыстымі, далёкімі ад Бога. Цяпер жа, ачышчаныя дзякуючы асабістаму спатканню з Езусам, людзі могуць стаць перад Богам. Гэта і ёсць для кожнага з нас Добрая Навіна.

Разважанне падрыхтаваў кс. Аляксей Ляшко

для друку для друку