Разважанне на ІV нядзелю Вялікага посту. Год В

Евангелле Ян 3, 14–21

“Езус сказаў Нікадэму:

Як Майсей узвысіў змяю ў пустыні, так павінен быць узвышаны Сын Чалавечы, каб кожны, хто верыць у Яго меў жыццё вечнае. Бо так палюбіў Бог свет, што аддаў Сына свайго Адзінароднага, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае. Бо не паслаў Бог Сына свайго ў свет, каб судзіць свет, але каб свет быў збаўлены праз Яго. Хто верыць у Яго, не будзе асуджаны, а хто не верыць, той ужо асуджаны, таму што не паверыў у імя Адзінароднага Сына Божага.

А суд у тым, што святло прыйшло на свет, але людзі больш палюбілі цемру, чым святло, бо ўчынкі іхнія былі дрэннымі. Таму кожны, хто чыніць зло, ненавідзіць святло і не ідзе да святла, каб не адкрыліся яго дрэнныя ўчынкі. А хто паступае па праўдзе, ідзе да святла, каб яўнымі былі ўчынкі ягоныя, бо яны здзейсненыя ў Богу.”

Мы знаходзімся ў другой палове Вялікага посту і літургія Касцёла, прыпыняючы на ​​хвіліну велікапосныя практыкі, запрашае нас “весяліцца”. “Весяліся, Ерузалем, збярыцеся ўсе, хто любіць яго. Радуйцеся вы, хто быў засмучаны.” (пар. Антыфона на ўваход у IV Нядзелю Вялікага посту). У гэту нядзелю літургія Касцёла нават “змякчае” колер літургічнага ўбрання, ад фіялетавага да ружовага, дазваляецца выкарыстоўваць музычныя інструменты падчас святой Імшы і ўпрыгожыць алтар кветкамі, каб падкрэсліць гэтую радасць.

Здаецца, што гэты заклік больш не мае сэнсу, бо ў часе Вялікага посту больш не адчуваецца былая суровасць, а ўстрыманне і пост амаль цалкам ігнаруюцца. І сапраўды, гэтыя сорак дзён праходзяць збольшага як і ўсе іншыя. Таму, часам, заклік Касцёла да радасці гучыць без асаблівай настойлівасці. У мінулым, літургічнае запрашэнне “весяліцца”, калі прадугледжвала прыпыненне аскезы, не мела на мэце падштурхнуць чалавека да пачуцця бесклапотнасці або павярхоўнага адчування жыцця. Наадварот, літургія, добра ведаючы цяжкасці і праблемы чалавека, усведамляе патрэбу ў абвяшчэнні сапраўднай радасці. І менавіта таму, у сярэдзіне велікапоснага шляху, гучыць заклік да радасці. Прычынай гэтаму — набліжэнне Змёртвыхпаўстання Пана, гэта значыць перамогі дабра над злом, жыцця над смерцю. Вось сапраўднае абвяшчэнне радасці, якую нясе нам сённяшняя літургія.

Евангелле паводле Яна, якое абвяшчаецца ў гэтую нядзелю, кажа нам, што адказам на пытанне аб сэнсе жыцця з’яўляецца Езус, які памёр і ўваскрос. Есус, размаўляючы з Нікадэмам, параўноўвае крыж з дрэвам, на якім Майсей у пустыні ў знак збаўлення ўзняў меднага змея, які ў Кнізе Мудрасці тлумачыцца як сімвал міласэрнасці, — “сыноў жа Тваіх не перамаглі зубы атрутных змей; бо міласэрнасць Твая апярэджвала і аздараўляла іх” (Мдр 16, 10). Езус будзе ўзвышаны на крыжы і Нікадэму ён адкрывае сутнасць таямніцы адкуплення: “Бо так палюбіў Бог свет, што аддаў Сына свайго Адзінароднага”. Пан Езус абвяшчае збаўчы характар ​​Уцелаўлення: кожны, хто верыць у Яго, збаўлены, увойдзе ў неба, у жыццё вечнае. Адмаўляцца ад веры ў Хрыста азначае адмаўляцца ад збаўлення.

Апостал Ян у сённяшнім евангельскім урыўку амаль даслоўна паўтарае словы, напісаныя ў Пралогу да Евангелля: “святло прыйшло на свет, але людзі больш палюбілі цемру, чым святло, бо ўчынкі іхнія былі дрэннымі”. Такім чынам, існуе адказнасць за пашырэнне або ўвекавечванне прысутнасці зла ў свеце. Нам трэба гэта ўсвядоміць і весці з ім барадзьбу. Хрыстос не просіць нас зрабіць невыканальную задачу самавызвалення ад зла. Усё, што ад нас патрабуецца, гэта адвесці позірк ад сябе і паглядзець крыху вышэй, не заставацца ў цемры эгацэнтрычнасці, але ісці за Святлом, якое Бог паслаў у свет.

Разважанне падрыхтаваў кс. Аляксей Ляшко

для друку для друку