У той час:
Бог паслаў анёла Габрыэля ў горад галілейскі, які называўся Назарэт, да Дзевы, заручанай з мужам па імені Юзаф, з дому Давіда, а імя Дзевы — Марыя.
Анёл, увайшоўшы да яе, сказаў: Вітай, поўная ласкі, Пан з Табою. Яна ж збянтэжылася ад словаў ягоных і разважала, што гэта за прывітанне.
І сказаў Ёй анёл: Не бойся, Марыя, бо знайшла Ты ласку ў Пана. І вось зачнеш ва ўлонні сваім і народзіш Сына, і дасі Яму імя Езус. Ён будзе вялікі і будзе названы Сынам Найвышэйшага, і дасць Яму Пан Бог трон Давіда, бацькі Ягонага. І валадарыць будзе над домам Якуба вечна, і валадарству Яго не будзе канца.
А Марыя сказала анёлу: Як станецца гэта, калі я мужа не ведаю? Анёл сказаў Ёй у адказ: Дух Святы сыдзе на Цябе, і моц Найвышэйшага ахіне Цябе. Таму і народжанае Святое будзе названа Сынам Божым. Вось і Альжбета, сваячка твая, і яна зачала сына ў старасці сваёй, і ёсць ужо на шостым месяцы тая, якую называлі бясплоднай; бо для Бога няма нічога немагчымага.
Тады Марыя сказала: Вось я, слуга Пана. Няхай мне станецца паводле твайго слова. І адышоў ад Яе анёл.
“Вітай, поўная ласкі, Пан з Табою”. Прывітанне Панны анёлам — несумненна радасная вестка ў поўні шчасця і ўзнёсласці. Яна абраная, выдзеленая і ўзвялічаная з усіх жанчын свайго народу, што чакаў прыйсця Месіі. Але, гэтае прывітанне, гэтыя словы анёла прадвяшчаюць Марыі вялікія выпрабаванні і цярпенні.
Марыя заручаная з Юзафам, яшчэ не жанатая. І гэта першае яе выпрабаванне і рызыка, бо паводле Закона Майсея, ім нельга было мець адносін і пражываць разам. Парушаючы Закон, маючы дзіця не ад мужа, пакаранні для жанчын у тыя часы былі жахлівыя: было прадугледжана каменаванне. Божае слова для Марыі найважнейшае, а воля Нябеснага Айца паўзыходзіць страх нават перад пагрозай уласнай смерці. Панна вымаўляе: “няхай мне станецца паводле твайго слова”, што мове Евангелля азначае “гатоўнасць і пажаданне здзяйснення чагосьці”. Боскае пасланне напаўняе сэрца Марыі святлом і моцай, ахвотнасцю служыць свайму Пану ва ўсім і неадкладна. Яе словы згоды — гэта заклік зрабіць канкрэтны крок у кірунку Божага Нараджэння, бо калі нараджэнне Езуса не закранае нашага жыцця, праходзіць у пустую.
Наша жыццё вельмі часта складаецца менавіта з адкладанняў, сумненняў і адсутнасці яснай згоды ці адмовы. Мы не спяшаемся ўбачыць Бога і Божую волю ў іншых людзях: пакутуючых, хворых, абяздоленых… Мы часта не маем часу не толькі на добрыя ўчынкі, але і на малітву. Варта браць прыклад з Маці Божай, якая неадкладна сказала Пану “вось я”, каб Божае слова было па-над усім яе жыццё не толькі ў думках і марах, але і ў штодзённасці. Каб Езус нарадзіўся ў нас, падрыхтуем нашы сэрцы праз любоў і ўчынкі міласэрнасці, падрыхтуем нашы сэрцы як Марыя — зробім іх свабоднымі ад зла, адкрытымі, гатовымі заўсёды прыняць Бога.
Разважанне падрыхтаваў кс. д-р Сяргей Сурыновіч
для друку