Разважанне на ІІI нядзелю Адвэнту. Год B

Евангелле Ян 1, 6–8. 19–28

З’явіўся чалавек, пасланы ад Бога; імя ягонае было Ян. Ён прыйшоў дзеля сведчання, каб сведчыць пра Святло, каб усе паверылі праз яго. Не быў ён святлом, але быў пасланы, каб сведчыць пра Святло.

І вось сведчанне Яна. Калі юдэі паслалі з Ерузалема святароў і левітаў, каб яны спыталіся ў яго: Хто ты? Ён абвясціў, і не выракся, і вызнаў: Я не Хрыстус.

І спыталіся ў яго: Дык хто ж? Ты Ілля?

І сказаў: Не.

Ты прарок?

І ён адказаў: Не.

Тады сказалі яму: Хто ж ты, каб нам адказаць тым, хто паслаў нас. Што гаворыш ты пра самога сябе?

Ён сказаў: Я голас таго, хто кліча ў пустыні: раўняйце дарогу Пану, як сказаў прарок Ісая.

А пасланцы ж былі з фарысеяў. І яны спыталіся ў яго: Тады чаму ты хрысціш, калі ты ні Хрыстус,  ні Ілля, і ні прарок?

Ян сказаў ім у адказ: Я хрышчу вадою. А сярод вас стаіць той, каго вы не ведаеце, той, хто ідзе за мною, якому я не варты развязаць раменьчык на сандалях ягоных.

Было гэта ў Бэтаніі, за Ярданам, дзе хрысціў Ян.

Трэцяя нядзеля Адвэнту, якая пачынаецца заклікам святога Паўла: “заўсёды радуйцеся ў Пану,” перапоўнена радасцю! Радасць – рыса хрысціяніна, асабліва ўласцівая для часу Адвэнта. Нашая радасць непарыўна звязана з чаканнем прыйсця Збаўцы, перапоўнена асаблівай узнёсласцю і святочнасцю. У чым жа крыецца сэнс гэтай радасці? У тым, што “Пан – блізка” — мы перапоўнены радасцю праз чаканне Яго хуткага прыйсця.

Святы Ян Хрысціцель, якога вобраз прадстаўляе нам сённяшняе Евангелля, у найбольшай меры жыў чаканнем Месіі і радасцю ўбачыць Яго прыйсце: “Ён прыйшоў дзеля сведчання, каб сведчыць пра Святло, каб усе паверылі праз яго”. Ён першым сведчыць пра прыйсце Езуса сваім заклікам да навяртання і прыкладам свайго жыцця, выконвае сваю місію, указваючы на Езуса як на Хрыста, Божага пасланніка, абяцанага прарокамі.

Не падлягае ніякім сумненням, што святы Ян Хрысціцель быў аўтарытэтным сярод сваіх супляменнікаў. Яго голас з пустэльні быў чутны па ўсёй Юдэі і нават далей, аж да Галілеі. Не менш зразумелым для яго слухачоў, якім ён прапаведаваў: “я няварты развязаць раменьчык на сандалях Ягоных”, была яго пастава — ён заўсёды скіроўваў да Таго, хто мае прыйсці.

Не засяроджвацца на сабе і ставіць у цэнтр Езуса – важная навука Яна Хрысціцеля, якая праз тысячагоддзі скіроўваецца і да нас, каб Езус заўсёды быў у цэнтры нашага жыцця, нашых матывацый і дзеянняў як светач, што напаўняе поўняй сэнсу жыцця кожнага чалавека.

Святы Ян Хрысціцель прайшоў доўгі шлях, каб пачаць сведчыць пра Хрыста. Шлях радасці – не камфортны шпацыр, але рэгулярная і пастаянная праца, каб заўсёды быць радаснымі. Святы пакінуў усё, ад самай маладосці, каб паставіць Бога на першае месца, каб усім сэрцам і ўсімі сіламі слухаць Яго слова. Сышоў у пустыню, пазбавіўся ўсяго павярхоўнага, каб у большай свабодзе ісці за ветрам Святога Духа. Яго сведчанне парадыгматычнае для кожнага чалавека, які жадае шукаць сэнс свайго жыцця і знайсці сапраўдную радасць. У прыватнасці, святы Ян Хрысціцель –прыклад для тых, хто пакліканы абвяшчаць Хрыста іншым: яны могуць рабіць гэта толькі будучы не прывязанымі да сябе і духа гэтага свету, прыцягваючы людзей не да сябе, а скіроўваючы іх да Езуса. Радасць заключаецца ў гэтым – прыцягваць іншых да Езуса.

Разважанне падрыхтаваў кс. д-р Сяргей Сурыновіч

для друку для друку