“У той час:
Езус узяў Пятра, Якуба і Яна і павёў на высокую гару асобна іх адных. І перамяніўся перад імі. Адзенне Ягонае сталася бліскучым і вельмі белым, як ніводзін валюшнік на зямлі не можа выбеліць. І аб’явіўся ім Ілля з Майсеем і гутарылі з Езусам.
І на гэта Пётр сказаў Езусу: Раббі, добра нам тут быць, таму зробім тры шатры: Адзін Табе, адзін Майсею і адзін Іллі. Бо не ведаў, што сказаць, таму што яны спалохаліся. І з’явілася воблака, якое закрыла іх, і з воблака пачуўся голас: Гэта Сын Мой умілаваны, Яго слухайце.
І адразу, калі яны агледзеліся навокал, ужо нікога не ўбачылі, апроч аднаго Езуса. Калі сыходзілі яны з гары, загадаў ім нікому не казаць, што яны бачылі, пакуль Сын Чалавечы не ўваскрэсне з мёртвых. І захавалі наказ, разважаючы між сабою, што значыць «уваскрэснуць»”.
Сцэну Перамянення мы бачым у далікатны момант жыцця апосталаў. Незадоўга да гэтага Езус сказаў ім: “Калі хто хоча ісці за Мною, няхай адрачэцца ад сябе, возьме крыж свой і ідзе за Мною. Бо той, хто хоча жыццё сваё ўратаваць, загубіць яго, а хто загубіць жыццё сваё дзеля Мяне і Евангелля, той уратуе яго” (Мк 8, 34-35). Здзіўленне і страх вучняў, якія сутыкнуліся з такой сур’ёзнай прапановай, цалкам зразумелыя. І жадаючы іх падбадзёрыць, Езус узыходзіць на гару ў суправаджэнні Пятра, Якуба і Яна і аб’яўляецца ім у сваёй славе. Гэтых жа вучняў ён пакліча ў Гэтсіманію. Дзве сцэны, сцэна хвалебнага бляску і сцэна жудасных пакут, у якіх прысутнічаюць Пётр, Якуб і Ян. Гэтыя сцэны знаходзяццца ў кантрасце адна з адной, аднак застаюцца непарыўна злучаныя. Без крыжа няма славы, без Вялікай пятніцы не наступіць Нядзеля Уваскрасення.
Ілля і Майсей, якія сузіралі славу і атрымалі Божае аб’яўленне на гары Нэбо і Сінай, зараз, на гары Табор, размаўляюць з Езусам, які з’яўляецца аб’яўленнем самога Бога. Пётр, знаходзячыся адначасова ў разгубленасці і радасці, усклікае: “Раббі, добра нам тут быць, таму зробім тры шатры: Адзін Табе, адзін Майсею і адзін Іллі”. Яго просьба выражае жаданне чалавечага сэрца заўсёды заставацца ў радасным сузіранні Божай хвалы, бо мы пакліканы менавіта да гэтага, каб быць шчаслівымі, дзякуючы Божай прысутнасці. Гэтую радасць дапаўняе Божы голас з воблака: “Гэта Сын Мой умілаваны, Яго слухайце”.
Езус — гэта Голас, які стаў тварам Бога. Цяпер таямніца Бога цалкам знаходзіцца ў Езусе, і для чалавека, які шукае Святла, паказана галоўная дарога: “Яго слухайце”. А гэта значыць, аддавайце час і сэрца Слову, пакуль яно не стане жыццём. А потым трэба ісці за Ім любячы тое, што Ён любіць, аддаючы перавагу таму, чаму Ён аддае перавагу, адкідваючы тое, што Ён адкідвае.
Разважаючы над гэтым урыўкам Папа Францішак сказаў: “З гэтага эпізоду Перамянення я хацеў бы выдзеліць два важныя элементы, якія я абагульняю ў двух словах: узыходжанне і сыходжанне. Трэба адысці ўбок, падняцца на гару ў прасторы цішыні, каб знайсці сябе і лепш пачуць голас Пана. Гэта тое, што мы робім у малітве. Але мы не можам там заставацца! Сустрэча з Богам у малітве зноў падштурхоўвае нас “спусціцца з гары” і вярнуцца “у нізіну”, дзе мы сустракаем шматлікіх братоў, абцяжараных стомленасцю, хваробамі, несправядлівасцю, матэрыяльнай і духоўнай беднасцю. Мы пакліканы несці плён досведу які мы мелі з Богам, гэтым нашым братам, якія знаходзяцца ў цяжкасці, дзелячыся з імі ласкай атрыманай ад Бога”.
Разважанне падрыхтаваў кс. Аляксей Ляшко
