Разважанне на II нядзелю Адвэнту. Год B

Евангелле Мк 1, 1–8

Пачатак Евангелля Езуса Хрыста, Сына Божага. Як напісана ў прарока Ісаі: Вось Я пасылаю Анёла Майго перад Табою, які падрыхтуе дарогу Тваю. Голас таго, хто кліча ў пустыні: падрыхтуйце дарогу Пану, раўняйце сцежкі Яму.

З’явіўся Ян, хрысцячы ў пустыні і абвяшчаючы хрост пакаяння для адпушчэння грахоў. І выходзілі да Яго ўся краіна юдэйская і ўсе жыхары Ерузалема, і прымалі ад яго хрост у рацэ Ярдан, вызнаючы грахі свае. Ян жа насіў адзенне з вярблюджай воўны і скураны пояс на бёдрах сваіх і еў саранчу і дзікі мёд. І прапаведаваў, кажучы: Ідзе за мною мацнейшы за мяне, якому я няварты, нахіліўшыся, развязаць раменьчык на ягоных сандалях. Я хрысціў вас вадою, а Ён будзе хрысціць вас Духам Святым.

Сённяшняе Евангелле – гэта прамы заклік да нашага навяртання. У маральным і духоўным жыцці навяртанне азначае зварот ад зла да дабра, ад граху да Божай любові. Святы Аўгустын сцвярджае: “гора дзёрзкай душы, якая спадзявалася, што, калі адыдзе ад Цябе, яна знойдзе нешта лепшае. Яна круцілася і паварочвалася з боку на бок, і на спіну, і на жывот – усё цвёрдае. У Табе адным супакой. І вось Ты тут, Ты вызваляеш ад жаласных памылак і ставіш нас на дарогу Сваю, і суцяшаеш, і кажаш: Бяжыце, Я панясу вас і давяду да мэты і там вас панясу”.

У кожнага свая пуцявіна да Бога, свой шлях навяртання. Колькі людзей, столькі і дарог, столькі і шанцаў дзеля перамен жыцця. Кожны з нас пакліканы да перажывання сваёй уласнай гісторыі навяртання.

У Юдэйскай пустыні Ян Хрысціцель “абвяшчаў хрост пакаяння для адпушчэння грахоў”. Хрост быў знешнім і бачным знакам навяртання тых, хто слухаў яго пропаведзь і вырашыў пакаяцца. Хрост адбываўся праз пагружэнне ў ваду, але заставаўся бескарысным, калі не было жадання і гатоўнасці пакаяцца ды змяніць сябе праз навяртанне.

Навяртанне – гэта доўгі шлях, які мае за заданне зразумець грэшнасць свайго папярэдняга жыцця, уключае боль і шкадаванне за здзейсненае, а таксама жаданне вызваліцца ад мінулых памылак і назаўсёды выключыць іх са свайго жыцця. Каб пазбавіцца нашага граху і духоўнай млосці ды амягі, мы таксама павінны адкінуць усё, што з імі звязана: свой эгаізм і пыху, празмерную прывязанасць да матэрыяльных рэчаў, дабрабыту, залішняга багацця, камфорту, задавальнення, пустога дзеньгубства ды марнавання часу.

Ян Хрысціцель, які згадваецца ў сённяшнім Евангеллі, з’яўляецца дасканалым прыкладам пошуку самага неабходнага і галоўнага ў жыцці веруючага чалавека, а таксама шляху, як распачаць вандроўку пошуку Бога і Яго Валадарства. Адмова ад камфорту і свецкага менталітэту не з’яўляецца самамэтай, але накіравана на дасягненне нечага большага: Божага Валадарства, камуніі з Богам, сяброўства з Богам. Але гэта не проста, таму што існуе мноства рэчаў, якія набліжаюць нас да граху: непастаянства, расчараванне, злосць, шкоднае асяроддзе, дрэнны прыклад. Часам цяга, якую мы адчуваем да Пана, занадта слабая, здаецца, што Бог маўчыць, далёкі ад нас. Яго абяцанні суцяшэння падаюцца нам далёкімі і нерэальнымі. І тады ў нас узнікае спакуса сказаць, што немагчыма па-сапраўднаму навярнуцца.

Навяртанне – гэта ласка, і нам неабходна прасіць у Бога спрыяння і ўвагі да нашых намаганняў, захоўваючы трываласць, чысціню сваіх сэрцаў і намераў.

Разважанне падрыхтаваў кс. д-р Сяргей Сурыновіч

для друку для друку