Разважанне на І нядзелю Вялікага посту. Год В

Евангелле Мк 1, 12–15.

“У той час:

Дух вывеў Езуса ў пустыню. І быў Ён у пустыні сорак дзён, дзе Яго выпрабоўваў сатана; і быў са звярамі, і Я. Пасля ж таго, як выдалі Яна, прыйшоў Езус у Галілею, прапаведуючы Евангелле Божае і кажучы, што настаў час і наблізілася Валадарства Божае: кайцеся і верце ў Евангелле”.

Сённяшняе Евангелле вельмі кароткае і нагадвае нам пра тры рэчы: выпрабоўванне, навяртанне і Добрую Навіну.

Езус быў “у пустыні сорак дзён, дзе Яго выпрабоўваў сатана”. Евангеліст Марк не называе выпрабаванняў Езуса, кажа толькі, што Ён іх меў. Езус, натхнёны Духам Святым, накіроўваецца ў пустыню, каб падрыхтавацца да свайго служэння. Ён не мае неабходнасці ў навяртанні, бо з’яўляецца Божым Сынам, бязгрэшным, але маючы таксама і чалавечую натуру, мае неабходнасць інтэнсіўнай падрыхтоўкі да служэння выключнай важнасці.

Гэтая падрыхтоўка складаецца з духоўнай перамены супраць моцы злога. Кожная важная місія патрабуе падрыхтоўкі гэтага тыпу. Немагчыма выканаць якую-небудзь важную місію без адпаведнай духоўнай падрыхтоўкі.

Для веруючага чалавека час Вялікага Посту, гэта як раз і ёсць час духоўнай падрыхтоўкі. Святы Касцёл настойліва нас заклікае ў гэты час пачаць, з Божай дапамогай і  з дапамогай малітвы, духоўную барацьбу супраць моцы злога духа. Толькі дзякуючы малітве і Божай ласцы, якую мы атрымліваем праз удзел у святых Сакрамантах, мы зможам перамагчы сілы зла з якімі сутыкаемся ў нашым штодзённым жыцці. Часам мы можам не заўважаць, але сілы зла актывізуюцца ў нашым існаванні, а таксама ў свеце вакол нас і праяўляюцца ў шматлікіх войнах, гвалце і несправядлівасці.

Евангеліст Марк  кажа, што ў пустыні Езус прабываў са звярамі і Яму служылі Анёлы. У гэтай духоўнай барацьбе Езуса мы бачым блізкасць Бога Айца, які пасылае Сыну на дапамогу сваіх Анёлаў.

Адразу пасля выпрабаванняў, Езус пачынае прапаведаваць “Евангелле Божае”, або Добрую Навіну (“Евангелле”, грэцкае слова якое перакладаецца як “Добрая Навіна”), якая патрабуе ад чалавека навяртання і веры. Езус прапаведваючы кажа: “настаў час і наблізілася Валадарства Божае”, і заклікае: “кайцеся і верце ў Евангелле”.

Мы маем неабходнасць у пастаянным навяртанні і развіцці веры ў нашым жыцці і Касцёл заўсёды нас да гэтага заклікае. Гэты заклік Касцёла азначае, што мы не да канца скіроўваем наш позірк да Пана Бога і нас неабходна пастаянна накіроўваць да Яго. Навяртанне заключаецца ў тым, што нам неабходна пакінуць другасныя рэчы і накіраваць сваю душу, розум і сэрца да Бога, давяраючыся Яго дабрыні, міласэрнасці і любові да нас.

Толькі Божае Валадарства можа нам даць сапраўднае шчасце, не трэба шукаць яго у іншым месцы. Божае Валадарства — гэта рэалізацыя ўсіх нашых самых глыбокіх памкненняў. Яно адначасова з’яўляецца збаўленнем для чалавека і Божай славай.

Нам неабходна з увагай аднесціся да закліку Езуса пакаяцца і верыць у Евангелле. Ён нас запрашае адказна распачаць шлях Вялікага Посту, каб лепей прыняць Божую ласку, якая можа перамяніць не толькі нас, але і ўвесь свет у валадарства справядлівасці, супакою і любові.

Разважанне падрыхтаваў кс. Аляксей Ляшко

для друку для друку