Разважанне на І нядзелю Вялікага посту. Год С

Евангелле Лк 4, 1–13

У той час:

Езус, напoўнены Духaм Святым, вярнуўся з-над Ярдaну, i Дух вывеў Яго ў пустыню, дзе на працягу сарака дзён д’ябал выпрабоўваў Яго. I нiчoгa не еў у тыя днi, a кaлі яны скoнчыліся, згаладаўся. I скaзaў Яму д’ябaл: Кaлі Ты Сын Бoжы, скaжы гэтaму кaменю, кaб ён стaў хлебaм. I aдкaзaў яму Езус: Нaпiсaнa: не хлебaм aдным будзе жыць чaлaвек.

Тады д’ябал павёў Яго і пaкaзaў у імгненне ўсе валадарствы свету. І скaзaў Яму: Я дaм Тaбе ўсю гэтую ўлaду i славу iх, бo яна мне перададзена, i кaму хaчу, даю яе. Кaлі Ты пaклoнiшся мне, усё будзе Твaё. У адказ Езус скaзaў яму: Нaпiсaнa: Пaну Бoгу твaйму будзеш пакланяцца i Яму aднaму будзеш служыць.

Тады зaвёў Ягo ў Ерузaлем i пaстaвiў нa версе святынi, i скaзaў Яму: Кaлі Ты Сын Бoжы, кiнься aдгэтуль унiз. Бo нaпiсaнa: Анёлaм свaiм зaгaдaе наконт Цябе, кaб ахоўвалі Цябе, — i: яны нa рукaх пaнясуць Цябе, кaб Ты часам не спатыкнуўся aб кaмень сваёй нaгою.

Езус скaзaў яму ў адказ: Скaзaнa: не будзеш выпрабоўваць Пaнa Бoгa твайго.

I скoнчыўшы ўсе выпрабаванні, д’ябaл aдступіў aд Ягo дa пары.

Евангелле ад Лукі (Лк 4, 1–13) апавядае пра спакушэнні Езуса ў пустыні, падкрэсліваючы важнасць гэтага моманту ў Яго місіі і навучае нас пра шлях да духоўнага сталення.

Пасля свайго хрышчэння ў Ярдане Езус, напоўнены Духам Святым, быў выведзены Духам у пустыню, дзе на працягу сарака дзён Д’ябал выпрабоўваў Яго. Грэцкае слова «весці» (гр. ἀνάγω) мае некалькі значэнняў, у тым ліку «кіраваць» або «узвышаць». У гэтым кантэксце яно падкрэслівае, што Езус падпарадкоўваецца Духу Святому, прыведзены Ім у пустыню, выконвае Яго волю і прымае ўсе выпрабаванні як частку Божага плана. Гэты нюанс таксама ўказвае на тое, што і мы павінны быць гатовыя прымаць выклікі і выпрабаванні, разумеючы, што яны могуць быць часткай Божага плана для нашага духоўнага росту і збаўлення.

У апавяданні пра спакушэнні Езуса мы бачым, як д’ябал тройчы спрабуе Яго выпрабоўваць, прапаноўваючы Яму розныя спакусы.

Першае спакушэнне палягала на тым, каб ператварыць камень у хлеб. Пустыня не была з выгляду цалкам пясчанай, а была пакрыта невялікімі кавалкамі вапняку, знешне падобнаму на хлеб. Спакуснік як бы казаў Езусу: «Калі ты хочаш, каб людзі пайшлі за Табой, прымяні свае надзвычайныя магчымасці і дай ім матэрыяльныя даброты». Гэта значыцца, падманам і праз маніпуляцыі звышнатуральнымі рэчамі прывабіць і павесці людзей за сабой, але Езус катэгарычна адмаўляецца ад такога шляху, Бог шануе волю чалавека і яго дабравольны і свабодны выбар, Бог чакае ад чалавека, што выбар Хрыста і следавання за Ім будзе палягаць бескарыслівым і свабодным выбары, а не на залежнасці ад матэрыяльных выгод.

Езус дае адказ, карыстаючыся цытатай з кнігі Другазаконня: «Не хлебам адным будзе жыць чалавек» (Дрг 8, 3). Задача хрысціянства заключаецца не ў тым, каб стварыць новыя камфортныя і выгодныя ўмовы для жыцця чалавека, хоць голас Касцёла заўсёды чутны ў справах навучання аб сацыяльнай справядлівасці, Касцёл займаецца харытатыўнай дзейнасцю, але асноўная задача палягае не на матэрыяльным, а на тым, каб стварыць новага чалавека — убадобленага да Хрыста.

У другім спакушэнні мы бачым Езуса, які стаіць на гары, з якой бачны ўвесь цывілізаваны свет. Спакуснік казаў Яму: «Калі Ты паклонішся мне, усё гэта будзе Тваё». Гэта было спакушэнне пайсці на кампраміс. Д’ябал як бы намякаў: я трымаю людзей у маіх руках. Не стаў перад імі аж такіх высокіх патрабаванняў. Давай заключым дамову. Зрабі невялікую паблажку злу, трошкі ілжы, і людзі пойдуць за Табой. Кантэкст адказу Езуса просты і ясны: Бог ёсць Бог, праўда ёсць праўда, і няпраўда ёсць няпраўда. У бітве са злом не можа быць кампрамісаў, бо сказана: «Пану Богу твайму будзеш пакланяцца і Яму аднаму будзеш служыць.» (Дрг 6, 13). У сучасным свеце мы часта спатыкаемся са спробамі завалодаць сэрцы і душы людзей, мэты самыя розныя: дзеля аўдыторыі, дзеля бізнесу, дзеля папулярнасці… Веруючы чалавек павінен быць уважлівым сярод таго, што прапаноўвае яму сучасны свет, а нават катэгарычным, калі гаворка ідзе пра кампрамісы з верай і яго сумленнем.

У трэцім спакушэнні мы бачым Езуса на версе святыні, дзе сыходзяцца Саламонаў і Царскі бабінец, і дзе расчыняецца перад вачыма стромкі абрыў у даліну Кедрон глыбінёй у 150 метраў. Гэта было спакушэнне ўражання людзей незвычайным. Але Езус адказаў: «Не будзеш выпрабоўваць Пана Бога твайго» (Дрг 6, 16). Нельга рабіць бессэнсоўныя эксперыменты з Божай уладай. Езус ведаў, што калі Ён пачне толькі і выключна тварыць цуды дзеля шоу, то стане толькі кароткачасовай сенсацыяй. Цуды, якія Езус учыняў, былі накіраваныя праз веру людзей на яе яшчэ большае ўзмацненне, а не дзеля таго, каб уразіць і захапіць у здзіўленні натоўпы людзей. Усё, што мы чынім у сваім жыцці, таксама павінна быць накіравана не дзеля нашай славы, а дзеля служэння іншым.

Гэтыя тры спакушэнні, з якімі сутыкнуўся Езус, нагадваюць нам пра тое, што мы таксама можам быць падвергнутыя выпрабаванням у нашым жыцці. Але прыклад Езуса паказвае, як важна заставацца вернымі Богу і Яго слову. Езус адолеў усе спакусы, грунтуючыся на Божым слове. Сваёй паслухмянасцю волі Айца Нябеснага, Езус даказаў, што вернасць і адданасць Богу могуць дапамагчы пераадолець любыя выпрабаванні. Калі мы адкрыты для Божай волі, мы становімся здольнымі дасягнуць новага ўзроўню духоўнага разумення і ўнутранага супакою, незалежна ад таго, з якімі цяжкасцямі мы сутыкаемся.

Няхай гэтая гісторыя вучыць нас заўсёды давяраць Богу і супрацьстаяць спакусам, якія сустракаюцца на нашым шляху. Бог заўсёды з намі, і Ён гатовы дапамагчы нам у нашых цяжкасцях і выпрабаваннях. Будзем трывалымі ў нашай веры і адданасці Богу, каб мы маглі прайсці ўсе выпрабаванні і спакусы з годнасцю і з любоўю.

Разважанне падрыхтаваў кс. кан. д-р Сяргей Сурыновіч

для друку для друку