Разважанне на ХХXIІ звычайную нядзелю. Год А

Евангелле Мц 25, 1–13

У той час:

Езус расказаў сваім вучням такую прыпавесць: Валадарства Нябеснае будзе падобнае да дзесяці паннаў, якія, узяўшы свае светачы, выйшлі насустрач жаніху. Пяць з іх было неразумных, а пяць — мудрых. Неразумныя, узяўшы свае светачы, не ўзялі з сабою алею. Мудрыя ж разам са светачамі сваімі ўзялі алей у пасудзіны свае. Калі жаніх спазняўся, то задрамалі ўсе і паснулі.

Але сярод ночы ўзняўся крык: Вось жаніх, выходзьце яму насустрач. Тады ўсталі ўсе панны гэтыя і прывялі ў парадак светачы свае. Неразумныя ж сказалі мудрым: Дайце нам вашага алею, бо нашыя светачы гаснуць. А мудрыя адказалі: Каб хапіла і вам, і нам, пайдзіце лепш да тых, хто прадае, і купіце сабе.

Калі ж пайшлі яны купляць, прыйшоў жаніх і тыя, якія былі падрыхтаваныя, увайшлі з ім на вяселле, і зачыніліся дзверы. Пасля прыходзяць і астатнія панны ды кажуць: Пане, пане, адчыні нам. Ён жа сказаў ім у адказ: Сапраўды кажу вам: не ведаю вас.

Таму чувайце, бо не ведаеце ні дня, ні гадзіны.

У сённяшнім Евангеллі мы чуем прыпавесць Езуса пра дзесяць паннаў, запрошаных на вяселле, якое з’яўляецца чарговым евангельскім сімвалам Нябеснага Валадарства. У часы Хрыста быў звычай святкавання вяселля ноччу, прыбыццё гасцей на імпрэзу суправаджалася запаленымі светачамі, якія дапамагалі арыентавацца ў поцемках і прыбыць беспамылкова ў вызначанае месца, а таксама выйсці на сустрэчу жаніха.

І, калі не было перашкод і недахопу алею ў светачах, каб прыбыць на вяселле дзесяцярым паннам у сённяшнім Евангеллі, то праблема недахопу алея ўзнікла ў пяцярых паннаў пры патрэбе пайсці, каб сустрэць жаніха, без якога прыбыцця вяселле не мае ніякага сэнсу.

З дапамогай гэтай прыпавесці Езус хоча сказаць, што мы павінны быць гатовымі да сустрэчы з Ім. Не толькі да апошняй сустрэчы, але таксама да малых і вялікіх штодзённых сустрэч, якія падрыхтоўваюць тую сустрэчу, дзеля якой не дастаткова толькі светача веры, але патрэбны таксама алей любові і добрых ўчынкаў. Фінал кожнага чалавека залежыць ад шляху, які ён абірае ў сваім жыцці. Смерць — гэта наступства жыцця — мудрага або неразумнага — пражытага ў гэтым свеце. Неразумныя панны — гэта тыя, хто чулі пасланне Езуса, але не рэалізоўвалі яго на практыцы, занядбалі свае абавязкі, пражылі жыццё эгаістычна і павярхоўна. Разважлівыя панны — гэта тыя, хто жыў па веры, будучы заўсёды прыгатаваным да сустрэчы з Панам.

Сённяшняя прыпавесць павучае нас не чакаць апошняга моманту для таго, каб адказаць на ласку Бога, але рабіць гэта адразу, сёння ж і зараз! Калі хочам быць гатовымі да апошняй сустрэчы з Панам, мы павінны неадкладна пачаць супрацоўнічаць з Ім. Натхнёныя Яго любоўю, быць спяшацца любіць і служыць у любові іншым. Калі мы забываем пра мэту нашага жыцця, гэта значыць пра апошнюю сустрэчу з Богам, тады губляем сэнс усяго.

Прыпавесць сённяшняга Евангелля- гэта запрашэнне да сур’ёзнага разважання. “Чувайце, бо не ведаеце ні дня, ні гадзіны”. Не дазваляйце згаснуць светачу веры, бо кожнае імгненне можа быць апошнім. Валадарства Божае ўжо тут. Запаліце свае светачы алеем веры, братэрства і ўзаемнай любові. Нашыя сэрцы, поўныя святла, дазволяць нам адчуць сапраўдную радасць тут і цяпер. Тыя, хто жыве вакол нас, таксама будуць асветлены і спазнаюць радасць прысутнасці чаканага Жаніха.

Калі ж будзем пільнымі і будзем рабіць дабро, адказваючы на Божую ласку, тады зможам спакойна чакаць прыйсця жаніха. Тады Пан зможа прыйсці нават калі будзем спаць: гэта не будзе нас турбаваць, бо будзем мець дастаткова алею, назапашанага з дапамогай штодзённых добрых учынкаў, нашу веру і любоў.

Разважанне падрыхтаваў кс. д-р Сяргей Сурыновіч

для друку для друку