Разважанне на ХХXI звычайную нядзелю. Год А

Евангелле Мц 23, 1–12

У той час:

Езус прамовіў да народа і вучняў сваіх, такімі словамі:

Пасад Майсея занялі кніжнікі і фарысеі. Таму ўсё, што скажуць вам,  рабіце і захоўвайце, але не рабіце паводле ўчынкаў іхніх. Бо яны гавораць і не робяць. Таму што яны звязваюць цяжкія і непасільныя ношы і ўскладаюць на плечы людзей, а самі не хочуць і пальцам крануць іх. Усе ж учынкі свае робяць яны дзеля таго, каб паказацца людзям. Яны пашыраюць філактэрыі свае і павялічваюць махры. Любяць першыя месцы на гасцінах і першыя лавы ў сінагогах, і прывітанні на рынках, і каб людзі называлі іх «Раббі».

Вы ж не дазваляйце называць сябе «настаўнік», бо адзін у вас Настаўнік, а ўсе вы — браты. І айцом вашым не называйце нікога на зямлі, бо адзін у вас Айцец Нябесны. I не дазваляйце называць сябе кіраўнікамі, бо адзін у вас Кіраўнік — Хрыстус. Большы з вас няхай будзе слугою для вас. Бо той, хто ўзвышае сябе, прыніжаны будзе, а той, хто прыніжае сябе, будзе ўзвышаны.

У сённяшнім Евангеллі Езус апісвае знаёмых нам асоб Ізраэля (фарысэяў, кніжнікаў…). Іх жыццё павярхоўнае, яны клапоцяцца толькі пра знешні выгляд: “усе ж учынкі свае робяць яны дзеля таго, каб паказацца людзям”. Больш за тое, будучы непаслядоўнымі, “гавораць і але не робяць”, становяцца рабамі ўласнага падману, бо шукаюць толькі прызнання і захаплення ад людзей. Кіруюцца толькі і выключна пустаслоўем і бяздзейнасцю,  самі ж па сабе ўяўляюць жаласную марнасць, бессэнсоўны гонар, пустоту… глупства.

З самага пачатку існавання чалавека спакуса суправаджала яго на жыццёвым шляху, старазапаветны змей дагэтуль шэпча нам на вуха: “калі вы з’ясце плод з гэтага дрэва, адкрыюцца вочы вашыя, і вы спазнаеце добрае і зло, як ведае Бог” (пар. Быц 3,5). А мы ўсё роўна падаем, называючы сябе «раббі», «айцец», «настаўнік»…, ужываючы таксама іншыя высокія акрэсленні і тэрміны. Занадта часта мы хочам заняць месца, якое нам не належыць. Гэта фарысейскае стаўленне.

Вучні Езуса не павінны быць іншымі: “большы з вас няхай будзе слугою для вас”. І паколькі ў нас адзіны Айцец, мы ўсе браты. У Евангеллі выразна сказана, што мы не можам аддзяліць вертыкальную прастору (Айца) ад гарызантальнай (нашай), мы таксама чулі падобныя словы ў мінулую нядзелю: “любі Пана Бога твайго (…). Любі бліжняга твайго, як самога сябе” (пар. Мц 22, 37. 39).

Уся Літургія Слова сённяшняй нядзелі перапоўнена айцоўскай пяшчотай і заклікам імкнення да Божага сыноўства і братэрства. Калі мы гэта зробім, дарогі нашага жыцця стануць яснымі, а наша пастава і спосаб паводзін набудуць сапраўднай пакорлівасці і служэння бліжнім.

Разважанне падрыхтаваў кс. д-р Сяргей Сурыновіч

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі