Разважанне на ХХV звычайную нядзелю. Год А

Евангелле Мц 20, 1–16а

У той час:

Езус расказаў сваім вучням гэтую прыпавесць: Валадарства Нябеснае падобнае да гаспадара дому, які выйшаў на світанні наняць работнікаў у вінаграднік свой. Дамовіўшыся з работнікамі па дынару за дзень, ён паслаў іх у вінаграднік свой.

Пасля ён выйшаў каля трэцяй гадзіны і, убачыўшы іншых, якія стаялі на рынку без працы, cказаў ім: Ідзіце і вы ў вінаграднік мой, і я справядліва заплачу вам. Яны пайшлі. Зноў выйшаўшы каля шостай і дзевятай гадзіны, зрабіў тое самае.

Выйшаўшы каля адзінаццатай гадзіны, ён знайшоў іншых, якія стаялі без працы, і сказаў ім: Чаму вы стаіце тут цэлы дзень без працы? Яны сказалі яму: Нас ніхто не наняў. Ён кажа ім: Ідзіце і вы ў вінаграднік.

Калі ж настаў вечар, гаспадар вінаградніку сказаў свайму эканому: Пакліч работнікаў і заплаці, пачаўшы з апошніх да першых. I тыя, хто прыйшоў каля адзінаццатай гадзіны, атрымалі па дынары. Тыя, што прыйшлі першымі, думалі, што атрымаюць больш, але яны таксама атрымалі па дынары.

Узяўшы, яны пачалі наракаць на гаспадара дому, кажучы: Гэтыя апошнія працавалі адну гадзіну, і ты зраўняў іх з намі, якія перанеслі цяжкі дзень і спёку. У адказ ён сказаў аднаму з іх: Дружа, я не крыўджу цябе. Хіба не аб дынары ты дамаўляўся са мною? Вазьмі сваё і ідзі. Я ж хачу даць гэтаму апошняму так, як і табе. Ці ж не дазволена мне рабіць са сваім тое, што хачу? Ці вока тваё зайздросціць, што я добры? Гэтак апошнія будуць першымі, а першыя — апошнімі.

Бога кліча ўсіх. Бог кліча заўсёды і кліча кожнага, запрашаючы працаваць у Яго і дзеля Яго Валадарства. Гэта стыль Бога, які мы пакліканы распазнаваць і прыняць. Ён не закрываецца і не хаваецца ад нас — заўсёды блізкі, заўсёды прысутны, шукае людзей, бо хоча, каб ніхто не застаўся выключаным з Яго задумы і плану міласэрнай любові.

Тэма аплаты працы работнікам вінаградніка ў сённяшнім Евангеллі, што працавалі ад раніцы за заробак у адзін дынар за дзень і тых, якія прыйшлі пазней, і на пры канцы дня — не пярэчыць справядлівасці. Бог заўсёды плаціць па максімуму. Разважаючы на прыпавесцю з сённяшняга Евангелля, становіцца зразумелым, што гаворка ў ёй вядзецца не пра працу і яе час, не пра справядлівы заробак, але пра Божае Валадарства, пра міласэрную любоў ды ласку Нябеснага Айца. Бог жадае збаўлення кожнага чалавека да апошняга моманту, да зыходу сонца і завяршэння чалавечага жыцця.

Бог не глядзіць на час працы і служэння ды вынікі, але на адданасць і шчырасць з якой Яму мы служым. Бог паступае больш справядліва. Яго дзеі паўзыходзяць справядлівасць і чалавечае разуменне ўдзячнасці ды ўзнагароды — аб’яўляюцца ў міласэрнай любові праз ласку. Наша жыццё — ласка, наша служэнне — ласка, наша збаўленне — ласка, наша святасць — ласка. Адорваючы нас сваёй ласкай, Ён плаціць нам больш чым мы заслугоўваем. І тады той, хто кіруецца чалавечай логікай, гэта значыць сваімі заслугамі, здабытымі дзякуючы ўласнай спрытнасці перад людзьмі, — узнагароджаны таксама Богам, але з першага пераўтвараецца ў апошняга. Хто ж у цалкавітай пакоры бясконца давяраецца Яму нават у апошнюю хвіліну свайго жыцця — з апошняга пераўтвараецца ў першага.

Разважанне падрыхтаваў кс. д-р Сяргей Сурыновіч

для друку для друку