Разважанне на 2 звычайную нядзелю. Год А. 15 студзеня

Евангелле Ян 1, 29–34

У той час:

Ян убачыў Езуса, які ішоў да яго, і сказаў: Вось Ягнё Божае, якое бярэ на сябе грэх свету. Гэта той, пра якога я казаў: Пасля мяне ідзе Муж, які апярэдзіў мяне, бо Ён быў раней за мяне. І я не ведаў Яго, але для таго прыйшоў я хрысціць вадою, каб Ён аб’явіўся Ізраэлю.

І сведчыў Ян, кажучы: Я бачыў Духа, які сыходзіў з неба, як голуб, і спачываў на Ім. Я не ведаў Яго, але той, хто паслаў мяне хрысціць вадою, сказаў мне: Над кім убачыш Духа, які сыходзіць і застаецца на Ім, той ёсць тым, хто хрысціць Духам Святым. І я бачыў і засведчыў, што Ён Сын Божы.

Літаральна мінуў тыдзень з моманту завяршэння перыяду Божага Нараджэння. У мінулую нядзелю ключавой фігурай Святога Пісання быў Ян Хрысціцель. Да яго прыйшоў Езус, каб прыняць хрышчэнне ў водах Ярдану. Але звярніце ўвагу, за каго людзі лічылі Яна Хрысціцеля, — за “чалавека Божага”. І хто ведае, можа, карыстаючыся менавіта гэтай праўдай і перакананнем, яны ішлі да яго і яго слухалі. Калі Ян Хрысціцель “чалавек Божы”, то той, хто прыходзіць да яго, можа нейкім чынам стаць бліжэй да Бога. І людзі прыходзілі да яго. Вызнавалі свае грахі, слухалі яго прароцтвы, прымалі хрышчэнне пакаяння.

Варта паверыць Яну Хрысціцелю, варта паверыць яго сведчанню, у якім гаворыцца аб Хрысце: “пасля мяне ідзе Муж, які апярэдзіў мяне, бо Ён быў раней за мяне”. Але можа варта не толькі паверыць, але і прыпадобніцца да яго ў сваім сведчанні. Я, будучы грэшнікам, магу толькі ўказваць шлях. Госпад зробіць астатняе.

Не выпадкова Ян кажа: “той ёсць тым, хто хрысціць Духам Святым”. Але што значыць “хрысціць”? Слова “хрысціць” не зусім карэктны пераклад. У арыгінале гэта азначае “апускаць (пагружаць) ва ўнутр”. Толькі Бог можа пагрузіць нас цалкам унутр сваёй ласкі, ахінуць нас і абараніць. Ён можа пагрузіць нас у Сябе. Толькі Бог можа пагрузіць нас у Яго. І толькі ў Богу можа супакоіцца наша душа. Толькі ў Богу можна знайсці шчасце, да якога так імкнецца кожны чалавек. Толькі Бог можа дазволіць нам спазнаць сілу і веліч Яго міласэрнасці, паўнату суцяшэння. Толькі Бог можа даць прадчуванне радасці вечнага жыцця, па якім сумуе сэрца кожнага чалавека. Незалежна ад яго веры. Такая наша прырода. Мы прагнем Бога, нават калі не ўсведамляем гэтага.

Разважанне падрыхтаваў кс. д-р Сяргей Сурыновіч

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі