Яшчэ калі я быў вучнем школы, то не адзін раз чуў ад старых людзей, што ў Докшыцкім раёне, насупраць могілак вёскі Рапяхі, на ўскрайку дарогі Параф’янава – Сітцы, стаяў каменны крыж. Гэты крыж, па словах мясцовых жыхароў, павалілі і закапалі пад дарожнае палатно каля 1970 года, калі пашыралі дарогу. У часы атэістычнай камуністычнай улады не было каму ратаваць крыж.
Як і пра многія старадаўнія аб’екты, паходжанне каторых дакладна не вядомае, пра рапяхоўскі крыж узнікалі розныя легенды.
“Наваколлі Параф’янава, дзе мы выйшлі, ляжаць на шляху паходу Баторыя, і захаваўся не адзін успамін яшчэ з тых часоў – ці то ў назвах мясцовасцяў, ці ў помніках. Паміж іншым, узносіцца вялікі крыж, з аднаго кавалка каменю часаны, пра які кажуць, што войска Баторыя паставіла яго на магіле”, – піша невядомы аўтар, які наведаў нашыя мясціны, у газеце “Kurjer Poznański” ад 23 верасня 1931 года.
Я ніколі не спадзяваўся, што ўдасца знайсці фотаздымак гэтага крыжа. Хто яго мог фатаграфаваць у сельскай мясцовасці? Аказалася, што яго сфатаграфаваў каля 1928 года Ежы (Юры) Дулевіч. Здымак захаваўся і нядаўна быў выстаўлены на продаж у адным з варшаўскіх антыкварыятаў. Мне ўдалося набыць гэтае фота. На тыльным баку здымка змешчаныя два подпісы алоўкам: “Сітцы – Параф’янава. Каменны крыж на магіле генерала” і “Магіла генерала арміі Напалеона з 1812 г. Дзісненскі павет”.
Насамрэч, ніякія жаўнеры Баторыя ці Напалеона не маюць дачынення да ўсталявання гэтага крыжа. Народная свядомасць мае практыку прывязвання старых аб’ектаў да пазнейшых падзей. З гэтай прычыны, напрыклад, крывіцкія курганы ў Паазер’і паўсюдна называюць “шведскімі” або “французскімі” магіламі. Крыж каля Рапяхоў – гэта адзін з тых сакральных аб’ектаў, якія ставілі каля сваіх вёсак і могілак нашыя продкі. Сярод іншых каменных крыжоў, што распаўсюджаныя ў Паазер’і, гэты вылучаецца вялікай акуратнасцю і ўвагай да формы. Хтосьці мусіў вельмі старанна папрацаваць над ім.
Цяпер крыж ляжыць глыбока пад дарожным палатном. Можа, рана ці позна падчас нейкай рэканструкцыі дарогі яго ўдасца адкапаць і зноў паставіць на месца, каб ён нагадваў людзям пра Хрыста і служыў прыкладам майстэрства нашых продкаў у працы з каменем. А пакуль што можна скарыстаць знойдзены ў Варшаве фотаздымак і паставіць недзе непадалёку стэнд, змясціўшы на ім выяву крыжа.
Чый гэта быў крыж? У 1596 годзе праваслаўныя біскупы ў Вялікім Княстве Літоўскім прызналі вяршэнства над сабой Апостальскай Сталіцы. Была ўтвораная грэка-каталіцкая, або ўніяцкая, царква, якая захоўвала ўсходні абрад, літургію і каляндар, але была ў еднасці з паўсюдным Касцёлам. Таму невядома, ці гэты крыж паставілі вернікі, якія маліліся ў касцёле ў Параф’янаве, ці тыя, якія маліліся ў царкве ў Сітцах. Але можна ўпэўнена сказаць, што яго ставілі вернікі адзінага Касцёла.
На могілках у Рапяхах ёсць яшчэ адзін гістарычны аб’ект, каторы, на шчасце, захаваўся. Гэта магілы прадстаўнікоў роду Дамейкаў, якія з 1798 года валодалі маёнткам Сітцы. Там пахаваны Аляксандр Дамейка (1804-1878) і яго жонка Зоф’я з дому Брахоцкіх (1814-1899), Тадэвуш Дамейка (1762-1838).
На помніку Тадэвушу Дамейку ёсць надпіс у памяць пра ягоную жонку Схаластыку, якая памёрла 9 красавіка 1827 года і, як кажа надпіс, “пахавана ў склепавых катакомбах сітцаўскай святыні”. У час смерці Схаластыкі Дамейка царква ў Сітцах яшчэ была грэка-каталіцкай. Таму нічога не перашкаджала пахаваць яе пад царквой. Праз дванаццаць гадоў, у 1839 годзе, Унія была скасаваная пад ціскам царскага ўраду, а грэка-католікаў далучылі да праваслаўнай царквы.
Самым вядомым чалавекам з роду Дамейкаў быў Ігнат Дамейка (1802-1889). У юнацтве яго арыштоўвалі царскія ўлады за ўдзел у дзейнасці таемнага “Таварыства Філаматаў” (“аматараў навукі”), якое мела на мэце самаадукацыю і практыкаванні ў літаратуры. У 1830-1831 гг. Ігнат Дамейка падтрымаў паўстанне, і пасля яго разгрому быў вымушаны эміграваць. У Чылі, у Паўднёвай Амерыцы, ён стаў выдатным навукоўцам і грамадскім дзеячам, рэктарам універсітэта ў Сант’яга. Быў вернікам, штодня ўдзельнічаў у святой Імшы. Адзін з яго сыноў, Герман, стаў святаром.
Пахаваны ў Рапяхах Тадэвуш Дамейка быў дзядзькам Ігната. Брат Тадэвуша, Леон Дамейка, у 1822 годзе пабудаваў касцёл у Дзеркаўшчыне. Аляксандр Дамейка даводзіўся Ігнату стрыечным братам і перапісваўся з ім. Але цалкам верагодна, што Ігнат Дамейка меў значна бліжэйшае дачыненне да нашага рэгіёна. Вядома, што ягоная сям’я тут пастаянна не жыла, яны мелі маёнтак у Мядзвядцы ў Карэліцкім раёне. У той жа час польскі даследчык генеалогіі Адам Банецкі, аўтар 16-томнага “Польскага Гербоўніка”, які друкаваўся ў 1899-1909 гг., пісаў, што Ігнат быў ахрышчаны ў 1802 годзе ў Параф’янаве. Аўтар, відаць, карыстаўся нейкімі крыніцамі, якія сёння нам недаступныя. Калі Банецкі не памыляецца, то не выключана, што сям’я Дамейкаў у час яго нараджэння знаходзілася ў сваякоў у Сітцах або з нейкай іншай прычыны было вырашана правесці хрост у Параф’янаве.
Калі Ігната Дамейку сапраўды ахрысцілі ў Параф’янаве, то хрост адбываўся ў драўляным касцёле, пабудаваным у 1675 годзе, які падчас будаўніцтва новага ў 1899-1908 гг. адсунулі, перанеслі ўбок, а канчаткова разабралі ў 20-я гады ХХ стагоддзя. Дарэчы, у камітэт будаўніцтва новага касцёла ўваходзіў Вацлаў Дамейка, які быў унукам Тадэвуша і пляменнікам Аляксандра, а ўладальнікам Сітцаў стаў, бо Аляксандр не меў дзяцей. Маючы вялікія даходы з маёнтка, Вацлаў быў адным з найбольшых ахвярадаўцаў пры будаўніцтве параф’янаўскага касцёла. У 20-я гады Дамейка ахвяраваў зямельны ўчастак у вёсцы Заборцы на будаўніцтва школы. Таксама Вацлаў Дамейка быў адным з фундатараў вядомага гатычнага касцёла ў Гервятах (Астравецкі раён) і каля яго ў 1935 годзе быў пахаваны.

Касцёл у Параф’янаве. Злева ад новага бачны драўляны касцёл, у якім, магчыма, хрысцілі Ігната Дамейку. Фота з тыднёвіка «życie illustrowane», 1909 год.
Кастусь Шыталь
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!

