Простыя словы «Добры дзень!» могуць евангелізаваць

Нашы самыя звычайныя словы, жэсты, адносіны, паводзіны з’яўляюцца альбо пачаткам евангелізацыі, альбо антыевангелізацыяй для людзей вакол нас.

«Марыя ўвайшла ў дом Захарыі і прывітала Альжбету. Калі Альжбета пачула прывітанне Марыі, узварухнулася дзіцятка ва ўлонні яе, і напоўнілася Альжбета Духам Святым.» (Лк 1, 40-41)

Цікава, як гучала прывітанне Марыі, якое прамовіла да Альжбеты, бо яно мела такі эфект. Евангеліст не запісаў для нас свой тэкст, але, відаць, справа не ў самім тэксце. Крыху раней Марыя разважала над тым, што азначае прывітанне, якое Бог паслаў ёй праз анёла. Цяпер яна сама вітае Альжбету. Яна аддае тое, што атрымала. Пераказвае тое, што прыняла. Гэта логіка кожнай евангелізацыі — не толькі ў строгім «рэлігійным» ці «канфесійным» ключы, але таксама як Добрая Навіна пра чалавека і для чалавека на самым экзістэнцыяльным узроўні.

Гэта відаць і ў рэакцыі Альжбеты, якую апісвае Лука: «Калі яна пачула прывітанне Марыі, узварухнулася дзіцятка ва ўлонні яе, і Альжбета напоўнілася Духам Святым». Марыя прамаўляе сваё прывітанне, а Альжбета спачатку ўспрымае яго на ўзроўні чалавечай, жаночай эмацыйнасці. І гэта настолькі моцнае і важнае перажыванне, што нават выклікае рэакцыю ў яе арганізме і дзіцяці, якое яна носіць пад сэрцам. Толькі як бы ў другую чаргу яна адчувае напаўненне Духам Святым, з натхнення якога адразу ж адказвае Марыі.

Святы Дух аб’яўляецца ў вялікай пакоры ў гэтай евангельскай падзеі, якую мы называем “наведваннем”. У пэўным сэнсе ён аддае перавагу таму, што чалавечае, потым дзейнічае бачным чынам.

Гэта таксама пра тое, наколькі важна, як мы ставімся адзін да аднаго ў паўсядзённым жыцці. Пра тое, што нашы самыя звычайныя словы, жэсты, адносіны, паводзіны з’яўляюцца альбо пачаткам евангелізацыі, альбо антыевангелізацыяй для людзей вакол нас.

Тэкст з кнігі «Я шукаў ноччу. Марыйныя рэкалекцыі – рабі (не) сам”, кс. Міхал Любавіцкі
niedziela.pl

для друку для друку