Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ўзнагародзіў 49 замежнікаў дзяржаўнымі ўзнагародамі за іх падтрымку Украіны і дабрачынную дзейнасць. Сярод узнагароджаных — кардынал Конрад Краеўскі, Папскі элемазінарый і прэфект Ватыканскай дыкастэрыі па справах міласэрнасці, які атрымаў ордэн «За заслугі» трэцяй ступені.
Указ аб узнагароджанні быў апублікаваны на сайце Прэзідэнта Украіны. Узнагароды былі ўручаны за значны асабісты ўклад ва ўмацаванне міждзяржаўнага супрацоўніцтва, падтрымку суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны, дабрачынную дзейнасць і папулярызацыю ўкраінскай дзяржавы ў свеце.
Замежнікі атрымалі ордэны: князя Яраслава Мудрага другой ступені, «За заслугі» другой і трэцяй ступені, княгіні Вольгі першай, другой і трэцяй ступені, а таксама прэзідэнцкі ордэн «Залатое сэрца Украіны».
Прэзідэнт Украіны ўзнагародзіў кардынала Конрада Краеўскага, прэфекта Ватыканскай дыкастэрыі па справах міласэрнасці, ордэнам «За заслугі» трэцяй ступені. Папскі элемазінарый аказвае падтрымку Украіне з пачатку вайны. Ён аказваў гуманітарную дапамогу ад імя Святога Пасаду як мінімум дзесяць разоў, дастаўляючы прадукты харчавання, генератары і машыны хуткай дапамогі.
Акрамя таго, Прэзідэнт Украіны ўзнагародзіў адзнакай «Залатое сэрца» двух італьянскіх святароў: айца Лупа Фелічэ, пробашча парафіі Найсвяцейшай Марыі Панны Народаў у Палерма і айца Паталано Рыкарда, пробашча парафій Сан-Савіна, Сан-Бернардзіна і Санта-Марыя-ін-Лапідэ ў Мантэгала.
Паводле niedziela.pl
Пераклад Марыны Ткач
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!