Пра старое і новае…

Мысленне стэрэатыпамі – спрошчанымі вобразамі тых ці іншых бакоў рэчаіснасці, заснаванымі на частковых або нават фальшывых ведах пра яе – стварае сур’ёзную праблему для ўзаемнага разумення, таму што не прадугледжвае ўсяго багацця навакольнага свету і замыкае на іншыя погляды, якія не маюць рацыі ў існаванні. Характэрнымі рысамі такога шаблоннага падыходу з’яўляюцца празмернае абагульненне, своеасаблівае наклейванне этыкетак на пэўныя групы людзей, прафесіі, нацыянальнасці і г. д. (“усе мужыкі – казлы”, “усе бабы – сцервы”, “усе цыгане – злодзеі”, “усе артысты – распуснікі” і г. д.) Злоўжыванне паняццямі “заўсёды”, “ніколі” і г.д. (“усё новае заўсёды добрае” і адпаведна – “усё старое заўсёды дрэннае”, ці “выбар ёсць заўсёды”).

А на самай справе, ці сапраўды “выбар ёсць заўсёды”? Цяжка запярэчыць факту, што бацькоў, братоў, сясцёр, месца і час нараджэння мы проста не ў стане выбраць. На выбарах у Савецкім Саюзе на самай справе нікога не выбіралі, а ў штодзённым жыцці таксама выбар зводзіцца да таго, што або прымаеш тое, што існуе ў адным экзэмпляры, або не, згаджаешся на зло, ці не. Сапраўды, ці можна выбраць ежу, калі маеш толькі адзін нейкі прадукт? Ці можна выбраць вопратку на дажджлівае надвор’е, калі маеш толькі адзіны плашч? Нарэшце, ці можна выбраць, у які касцёл і на якую Імшу пайсці ў нядзелю, калі даступны толькі адзін касцёл з адной Імшой? Можна, рызыкуючы здароўем цела або душы, застацца галодным, змокнуць пад дажджом і ўвогуле не прысутнічаць на нядзельнай Святой Імшы. Але ці можна назваць сапраўдным выбарам сітуацыю, калі трэба вырашаць і парушаць закон (Божы, маральны, грамадскі) ці не, ісці насуперак сумленню ці не, згадзіцца на зло ці не?.. Бо тыя, хто тлумачыць свае ўчынкі адсутнасцю выбару, часцей за ўсё якраз імкнуцца пазбегнуць нейкага рэальнага ці ўяўнага зла, але неадпаведнымі сродкамі. А калі замест таго, каб атрымаць добрую параду, як лепш вырашыць складаную сітуацыю, чуюць часта толькі сухую фразу – “выбар ёсць заўсёды”, каторая гучыць як асуджэнне і, нібы сякера, адсякае магчымасць далейшага дыялогу.

У рэчаіснасці вельмі часта наяўнасць выбару азначае толькі тое, што няма прымусу выбіраць дабро, а не тое, што сапраўды кожная справа мае шмат вырашэнняў. Часам так, а часам не. Ёсць жа памяшканні толькі з аднымі дзвярыма, і тыя часам замкнёныя… Як кажа адна польская прымаўка: “Калі не маеш таго, што любіш, любіш тое, што маеш.” Вось такі выбар.

Падобна выглядае справа адносна думкі, што ўсё новае – заўсёды добрае або лепшае, чым старое. Аднак народная расійская мудрасць сцвярджае, што “стары сябра лепшы, чым два новыя…” А які вопытны пілігрым вырушыць у шлях у новым абутку? Яшчэ невядома, як ён сябе праявіць, і, можа, сатрэ ногі або парвецца на другі ці трэці дзень… Можа і не, але гэта трэба спачатку праверыць на малых адлегласцях, а не падчас вялікага падарожжа. Але тады абутак ужо не будзе новым…

Так, усё старое некалі было новым, але яго вартасць у тым, што яно вытрымала выпрабаванне часам і захавала свае асноўныя якасці, бо тое, што не вытрымала, даўно натуральным чынам адышло ў нябыт. Лацінскае слова “novus” азначае не толькі “свежы”, “якога не было дагэтуль”, але і “апошні”. “Novissimus locus” – самае апошняе месца сам Пан Езус узгадвае як “найгоршае”. Новы – не сінонім “добрага” або “лепшага”.

Не сакрэт, што ў апошнія дзесяцігоддзі ў Касцёле існуе вельмі прыкрая спрэчка паміж прыхільнікамі старой пабожнасці і адэптамі новых формаў. Паўсталі ўзаемныя стэрэатыпы: “традыцыяналісты – значыць, фармалісты, крывадушнікі, бездухоўныя нявольнікі аджылых формаў, рэтраграды, замкнутыя на жыццё, ворагі духоўнага адраджэння і г. д.” – з боку тых, хто лічыць сябе носьбітам сапраўднай жывой духоўнасці, адпаведнай сучаснаму чалавеку. У адказ чуюць: “мадэрністы – здраднікі здаровай хрысціянскай навукі і шматвяковай Традыцыі Касцёла, ваўкі ў авечых шкурах, анархісты, для якіх няма нічога святога”. І, што дзіўна, і адны, і другія абвінавачваюць іншы бок у адсутнасці духоўнай глыбіні, у празмернай пачуццёвасці, тэатральнасці, знешніх эфектах… Дзе тут праўда, як ва ўсім разабрацца?

Па-першае, катэгарычна нельга наклейваць ярлыкі на падставе таго, што хтосьці аддае перавагу літургіі старой або новай. Хоць, аб’ектыўна кажучы, прыхільнікі літургічных формаў, якія прайшлі праверку стагоддзямі і вялікай колькасці хрысціян плённа дапамаглі ў імкненні да святасці, маюць большае права сумнявацца ў падобнай эфектыўнасці новых літургічных тэндэнцый, асабліва беручы пад увагу факт, што за апошнія дзесяцігоддзі, насуперак чаканаму адраджэнню веры, у свеце назіраецца масавы адыход ад хрысціянскіх каранёў і каштоўнасцяў. Якая роля ў гэтым нядаўна праведзеных літургічных рэформаў? Як бы свет выглядаў, калі б Касцёл задаволіўся рэформай 1962 г.? Толькі Бог ведае. Але зараз ці трэба тое высвятляць? Бо да Бога нікога гэта не наблізіць, а свет больш пабожным не стане, толькі наадварот: гледзячы на спрэчкі паміж прадстаўнікамі адной і той жа канфесіі, яшчэ больш знеахвоціцца да хрысціянства. Усе слабыя людзі: хтосьці абмежаваны асяроддзем, жыццёвым вопытам, культурным узроўнем, у кагосьці нервы здаюць ад пастаянных пераследаў, абцяжарванняў, недаверу. Трэба з Божай дапамогай пазбягаць шаблонаў, асуджэнняў, імкнуцца разумець іншага, ставячы сябе на яго месца. Пры гэтым памятаць: нельга спісваць на сметнік гісторыі як непрыдатную рэч тое, што яшчэ хоць камусьці дапамагае падтрымліваць сувязь з Богам. І зважаць на тое, каб новыя формы пабожнасці не нагадвалі тых сучасных рэчаў, якія наўмысна робяць нізкаякаснымі, каб іх часцей мянялі, прыносячы прыбытак вытворцам.

Новае павінна прайсці праверку часам, а не навязвацца штучна, коштам бяздушнага адкідвання ўсяго, што старое, праз нейкую схаваную боязь, каб старое часам не аказалася больш якасным.

Трэба, каб у вернікаў быў сапраўдны выбар, але яго крытэрыямі павінна быць не адпаведнасць сучаснай модзе і стэрэатыпам, а вернасць Хрыстовай навуцы, якая актуальная ва ўсе часы для ўсіх народаў.

Айцец Міхал Ермашкевіч ОР

для друку для друку