Размова з суддзёю суда Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі кс. Кірылам Бардонавым.
— Ксёндз Кірыл, якім чынам Божая справядлівасць праяўляецца ў жыцці чалавека?
— Кожны ўчынак і кожны выбар чалавека мае наступствы. Калі чалавек выбірае зло, ён сутыкаецца з наступствамі зла, якія заўсёды будуць негатыўнымі. У Бібліі мы чытаем, што Бог помсціць за ўчыненае зло. Гэта можна разумець так, што Бог не стварае зла, але дазваляе яму праявіцца ў свеце. Бог паважае выбар чалавека, таму, калі чалавек робіць выбар на карысць зла, Бог дапускае яго. Выбар чалавекам зла ўжо з’яўляецца пакараннем для яго. Можна сказаць, што чалавек сам карае сябе, а Бог паважае свабоду выбару чалавека. Калі б чалавек не меў свабоды выбару, ён не змог бы любіць, бо любіць можа толькі той, хто можа выбіраць.
— А што мы можам рэальна рабіць для перамогі справядлівасці?
— Многае залежыць ад канкрэтнай сітуацыі. Ёсць сітуацыі, на якія мы маем уплыў, і тыя, на якія мы ўплыву не маем. Калі мы маем уплыў, мы можам спрабаваць вяршыць справядлівасць або старацца, каб справядлівасць была ўзноўлена. У дзяржаве ёсць інстытуты, якія абараняюць справядлівасць. Законы створаныя для таго, каб абараняць справядлівасць і акрэсліваць межы, выходзячы за якія, чалавек і яго ўчынкі будуць небяспечныя для грамадства. Дзяржаўныя інстытуты надзеленыя правам абараняць справядлівасць у грамадстве. Пакаранне за дрэнныя ўчынкі становіцца навукаю для іншых грамадзянаў. Такім чынам гэтыя дзяржаўныя інстытуты маюць права вяршыць справядлівасць, калі яны самі не парушаюць правы чалавека.
— Што можа зрабіць чалавек, які не належыць да такіх дзяржаўных інстытутаў?
— Кожны чалавек мае права патрабаваць справядлівасці, але да пэўных межаў. Часам цяжка заўважыць, як патрабаванне справядлівасці перарастае ў помсту, якая выходзіць за рамкі справядлівасці. Помста — гэта жаданне не столькі абараніць сябе, колькі праявіць сваю вышэйшасць і пакараць крыўдзіцеля не суразмерна яго дрэннаму ўчынку.
Простая формула справядлівасці «зуб за зуб, вока за вока» прагучала яшчэ ў Старым Запавеце, яна існавала не толькі ў ізраэльскай культуры, але і ў суседніх народаў Міжрэчча. Безумоўна, цяжка вымерыць свой адказ у формуле «зуб за зуб». Мне падабаюцца словы Махатмы Гандзі пра тое, што калі б людзі прытрымліваліся такой формулы, то ўсе засталіся б без вачэй. Можа, ён якраз меў на ўвазе, што нам цяжка адчуць, у які момант трэба спыніцца.
Пісанне, як Божае Аб’яўленне, мае розныя этапы, паступова раскрываючы нам Бога. У Новым Запавеце Езус вучыць нас міласэрнасці, але міласэрнасць — гэта не антыпод справядлівасці. У пэўным сэнсе міласэрнасць вырастае са справядлівасці. Гэта думка складаная для разумення. Калі мы гаворым пра справядлівасць, мы часцей за ўсё маем на ўвазе раздзяляльную або дыстрыбутыўную справядлівасць, паводле якой належыць даваць кожнаму аднолькава, але ў грамадстве гэтае простае правіла не функцыянуе. Напрыклад, у грамадстве ўсе працуюць аднолькава, але атрымліваюць розныя заробкі, бо хтосьці працуе ў небяспечных для жыцця ўмовах, хтосьці маламабільны, і таму можа працаваць менш і зарабляць толькі неабходны мінімум, а жанчына, якая нарадзіла дзіця, увогуле не ходзіць на працу, але атрымлівае грошы. У гэтых сітуацыях мы бачым, што не працуе правіла «ўсім пароўну». І гэта праява міласэрнасці з боку грамадства. Ад жывёльнага свету чалавек адрозніваецца яшчэ і тым, што жыве не паводле прынцыпу «выжывае мацнейшы», але «выжывае кожны». Грамадства мае абавязак забяспечыць кожнаму мінімум для годнага жыцця, а гэта міласэрнасць, якая вынікае са справядлівасці.
— Ксёндз Кірыл, што рабіць хрысціяніну, калі ў дзяржаве не заўсёды працуе сістэма справядлівасці?
— Чалавек заўсёды мае права абараняць сябе і ўплываць на дзяржаву такім чынам, каб сістэма правасуддзя была аздароўленая, каб яна абараняла чалавека і каб не запанавала анархія. Гісторыя ведае мноства прыкладаў такога ўплыву. Можна ўзгадаць гісторыю маўклівага супрацьстаяння Махатмы Гандзі, якая прынесла плён. Калі супраціўленне не гвалтоўнае, то да ўлады прыходзяць людзі, якія выбіраюць негвалтоўныя метады кіравання. Калі ж у грамадстве будзе досвед пераменаў з-за гвалту, ён прывядзе да сітуацыі, у якой пры кожным праяўленні незадавальнення будзе панаваць гвалт, які вельмі цяжка спыніць. Пасля гэтага можа спрацаваць механізм помсты.
— Калі чалавек сутыкаецца з несправядлівасцю, ён адчувае бяссілле і як адзіны «сродак» у такой сітуацыі ўжывае слоўныя абразы або нават жадае смерці таму, ад каго церпіць несправядлівасць. Як у падобнай сітуацыі паводзіць сябе хрысціяніну?
— Абразы могуць прывесці да таго, што чалавек маленькімі крокамі будзе ісці да большага зла. Звычайна да вялікіх памылак мы ідзём паступова. На самым пачатку гэтага шляху мы можам не адчуваць, да чаго ён нас вядзе. За несур’ёзнай абразаю можа быць сур’ёзная, а пасля можа ўзнікнуць і жаданне фізічнай расправы.
Няма ўніверсальнага адказу, які б падыходзіў да ўсіх сітуацый. Важна не выйсці за межы Божага закону. Божыя запаведзі — гэта «агароджа», унутры якой мы можам шукаць розныя шляхі, і Бог заўсёды дае нам свабоду і крэатыўнасць. Напрыклад, гумар, баналізацыя пагрозаў, дэвальвацыя дзеянняў нейкай асобы ў сваіх вачах і ўсяго свету можа мець вялікае ўздзеянне. Найлепш, калі выбух зла згасае на самым пачатку. Зло трыумфуе там, дзе добрыя людзі нічога не робяць. Яго павінны спыніць людзі, якія адэкватна ацэньваюць рэчаіснасць і заўважаюць, што яно пачынае набіраць сілу. Чалавек, які чыніць зло, рэдка ўсведамляе гэта або, пачынаючы ўсведамляць, паступова заглушае ў сабе голас сумлення. Некаторыя людзі думаюць, што іх учынкі не пярэчаць іх сумленню, якое насамрэч дэфармавана, і гэта прыводзіць да таго, што чалавек прывыкае рабіць зло. Неабходна, каб людзі, у якіх добра сфармаванае сумленне, спынялі зло на самым пачатку. Зло ніколі не будзе трыумфаваць, але трэба мець надзею і не апусціць рукі.
Не трэба жадаць камусьці смерці, трэба жадаць узнаўлення справядлівасці. У маральнай тэалогіі ёсць такое паняцце як дзеянне з двайным вынікам. Напрыклад, калі дзеянні чалавека, на якога нападае злачынца, былі выключна з мэтаю абараніць сябе, аднак прывялі да смерці гэтага злачынцы, то першым вынікам будзе лічыцца абарона свайго жыцця, а другім — смерць іншага чалавека. Такая сітуацыя ў тэалогіі разглядаецца як дзеянне з двайным вынікам і расцэньваецца як жаданне абараніць сябе. Такіх прыкладаў шмат. Калі чалавек памірае з голаду, і ніхто не хоча яму дапамагчы, і ён узяў ежу, што належыць іншаму чалавеку, то гэта не расцэньваецца як грэх. Галоўнай мэтаю гэтага чалавека было ўратаваць сябе ад голаду, а ўжо другім вынікам — прысваенне чужога. Іншая справа, калі хтосьці мэтанакіравана і з асалодаю жадае смерці іншаму чалавеку. Мне здаецца, што па-хрысціянску было б жадаць, каб чалавек, небяспечны для грамадства, быў ізаляваны ад яго. Таму Касцёл выступае супраць смяротнага пакарання ў сітуацыях, калі чалавека можна ізаляваць, а ў мірны час у грамадстве, якое дасягнула сярэдняга ўзроўню развіцця, заўсёды ёсць такая магчымасць. Ізаляцыя можа спрыяць таму, што чалавек зразумее памылковасць сваіх учынкаў і дасягне ўзроўню чалавечнасці, які страціў.
— Апошнім часам у нашай краіне людзі спрабуюць высветліць тых асобаў, якія хаваюць свае твары пад маскамі або балаклавамі і крыўдзяць, зневажаюць, б’юць на вуліцах нашых гарадоў безабаронных грамадзянаў. З’явіліся розныя чаты ў інтэрнэце, дзе распаўсюджваюцца асабістыя дадзеныя, і праграма, створаная з мэтаю паказаць твар чалавека без балаклавы. У сувязі з гэтым існуюць два процілеглыя меркаванні: першае, што падобныя дзеянні могуць выклікаць хвалю гвалту ў адносінах да гэтых людзей; і другое, што ідэнтыфікацыя гэтых людзей, магчыма, узбудзіць у іх адказнасць за сацыяльна недапушчальныя дзеянні. Што Вы думаеце пра гэта?
— Гэта пытанне, у якім трэба ўлічваць розныя фактары. Першая мая інтуітыўная рэакцыя, што гэта небяспечна і людзі могуць своечасова не спыніцца. Мне здаецца, што гэта можа справакаваць гвалт. Магчыма, калі б людзі маглі спыніцца своечасова, гэта дапамагло б чалавеку асабіста перажыць учыненае зло і ў псіхалагічным сэнсе яму было б прасцей спыніцца. Аднак тут яшчэ трэба ўлічваць магчымыя памылкі камп’ютарнай праграмы. Заўсёды ёсць частка людзей, якія неадэкватна рэагуюць на такія рэчы, таму ўзнікае пытанне, як яны будуць паводзіць сябе ў такой сітуацыі. Гвалт небяспечны ў тым сэнсе, што ён правакуе яшчэ большы гвалт. Ізноў жа ў старазапаветным правіле «вока за вока, зуб за зуб» цяжка спыніцца і цяжка вызначыць, калі настане кампенсацыя за ўчыненае зло.
— Вядома, што хрысціянін павінен прабачаць, аднак што рабіць у сітуацыях, калі наш крыўдзіцель не пакаяўся і не папрасіў прабачэння? Ці ёсць у такім выпадку абавязак прабачаць?
— У сваіх прамовах пра людскія грахі Езус не лічыць цялесныя грахі галоўнымі, хоць яны могуць быць цяжкімі. Ён папракае фарысеяў, звяртаючы іх увагу на тое, што яны жывуць выключна думкаю пра сваё збаўленне і самадастатковасць, а Бог і рэлігійныя рытуалы для іх толькі дадатак. Іншая ж група «нецялесных» грахоў, пра якія гаворыць Езус, звязаная з непрабачэннем. Сапраўды, крыўдзіцель можа не папрасіць у нас прабачэння, але гэта яго выбар, за які ён нясе адказнасць. Прабачыць — гэта не значыць забыць. Прабачэнне, як гаварыў Аляксандр Мень, «гэта не стан бязвольнай жывёлы». Напрыклад, жанчына, якая жыла з мужам тыранам, можа аддзяліцца ад яго, каб даць яму сігнал, што яму трэба выправіцца. Гэта будзе для яе спосабам прабачэння і ўплыву на яго.
Прабачаючы, варта падумаць, што крыўдзіцель ужо і так пакрыўджаны сваімі ж дзеяннямі, бо яны зневажаюць таксама і яго асобу. Магчыма, ён выйшаў з асяроддзя, якое дэфармавала яго, таму ён не ўсё разумее або не валодае сабою, крыўдзячы іншых. Нармальныя людзі не атрымліваюць задавальнення ад таго, што яны кагосьці пакрыўдзілі. Трэба прабачаць у любым выпадку, бо, не прабачыўшы, мы самі можам трапіць у небяспечны псіхалагічны стан і дэфармаваць саміх сябе. Нездарма ў беларускай мове словы «прабачыць» і «дараваць» з’яўляюцца сінонімамі. Дараванне — гэта дар, і ён даецца бясплатна нават таму, хто аб ім не просіць, хто не можа нічога даць узамен і нават не можа яго ацаніць. Я прыношу свой дар прабачэння, аднак не забываю, што была такая крыўда, каб у будучыні ні я, ні іншыя не паўтаралі падобных памылак.
— Ксёндз Кірыл, дзякуй Вам вялікі за цікавую размову!
Размаўляла Кацярына Дурко
Фота: Аляксандра Шчыглінская