Гэты фільм быў зняты год таму, у сакавіку 2018 года, ён называецца “Знакамітая святыня Пастаўшчыны”.
Камайскі касцёл з’яўляецца самыя старым храмам Віцебскай дыяцэзіі, пабудаваны ён яшчэ ў самым пачатку XVII стагоддзя. Праз паўстагоддзя святыня моцна пацярпела ад пажару. Пасля абудовы храм быў паўторна асвечаны ў 1673 годзе.
У 1778 годзе да касцёла была прыбудаваная вялікая прамавугольная ў плане капліца з крыптай, якая захавалася да нашых дзён.
Ёсць здагадка, што роспіс храма выканаў мастак Альфрэд Ромер. Яго сядзіба знаходзілася ў некалькіх кіламетрах адсюль у вёсцы Каралінова. Незадоўга да смерці мастак падарыў касцёлу свой твор “Ісус Хрыстос і сірата”.
Касцёл у Камаях. Здымак 1917 года.
Наогул, з касцёлам у Камаях звязаны лёс шмат каго са знакамітых людзей, аб чым сведчаць усталяваныя тут мемарыяльныя дошкі. Гэта і паэт-святар Казімір Сваяк, музыкі Браніслаў Руткоўскі і Станіслаў Казура, святар Анджэй Булька… Ды і наогул усе камайскія парафіяне заслужылі ўшанавання памяці за тое, што збераглі святыню. Дарэчы, у гонар іх таксама ўсталяваная памятная шыльда.
У касцёле захоўваецца крыж, які служыў у якасці сімвалічнага ключа. З дапамогай яго ўрачыста адчыняліся шмат якія храмы ў Беларусі ў гады адраджэння веры падчас перабудовы. Гэты крыж перадаў парафіі кс. Ян Шуткевіч, які таксама пэўны час апекаваўся камайскай святыняй.
Непадалёк ад касцёла стаіць каменны крыж, які высечаны з маналітнага валуна. Частка валуна пацярпела ад вандалаў – яго намагаліся ўзарваць.
Асобна трэба сказаць пра пробашча парафіі кс. Яцэка Хутмана. Ён шмат зрабіў і робіць як для адраджэння духоўнага жыцця ў парафіі, так і для захавання матэрыяльных здабыткаў. Святар не толькі спрыяе захаванню гістарычнай спадчыны, але і ўносіць вялікі асабісты ўклад у добраўпарадкаванне касцёла і прыкасцельнай тэрыторыі.
Опубликовано Алесей Гиль Суббота, 12 января 2019 г.
Фільм быў зняты на замову Пастаўскага раённага грамадскага аб’яднання “Экаагратур”.
Зміцер Лупач, Леанід Юрык
