Пра каханне і блізкасць

Сёння пра каханне. Асабліва незразумела, што гэта такое… Гармоны, “ружовыя акуляры” і кузуркі, якія лётаюць у раёне страўніка? Гэта няясна… Тое, што называецца закаханасцю? У беларускай мове ўвогуле добра падзеленыя падобныя паняцці: закаханасць, каханне, любоў.

З любоўю ўвогуле разабрацца нескладана. Можна любіць Бога, Радзіму, бацькоў, сяброў, катлеты, ката свайго, зрэшты, ды па вуліцах шпацыраваць. А вось што з каханнем? З паняццем, якое характарызуе адносіны менавіта мужчыны і жанчыны як пары? Тэма непростая і выклікае шмат пытанняў. Бо ў каханні заўжды будуць эмоцыі. Цэлы вір эмоцый, а часам процілеглых: ад закаханасці, захаплення, цікавасці, жарсці праз крыўды, непаразуменні, халоднасць, рэўнасць да цяпла, клопату, прыняцця. Ці да процілеглага – незадаволенасці, гневу, нянавісці.

Складана сказаць, чаму менавіта так. Думаю, што паколькі няма двух аднолькавых людзей на зямлі, то і пары, створаныя намі, усе будуць адрознівацца сваімі стасункамі. І ўсе мы ў выніку будзем будаваць нешта сваё.

Але нельга не заўважаць і асобныя тэндэнцыі ў адносінах. Прынесеная з казак, фільмаў і нашых мараў вера ў міфічную другую палову, якая, безумоўна, ёсць і якую абавязкова трэба знайсці. Як яна мусіць выглядаць і па якіх крытэрыях яе распазнаць – казкі не кажуць, таму круцімся як можам: шукаем поўнага ўзаемаразумення, прыняцця, клопату з боку нашага партнёра. Ствараем цэлы спіс характарыстык і прымяраем іх на чалавека, які спадабаўся. Калі падыходзіць, то цудоўна, калі не – то патрываем!

Але ўсё ж ‘ружовыя акуляры’ калісьці спадаюць, хрустальны абутак цісне, і трэба сустрэцца з рэальным чалавекам, з яго слабасцямі і асаблівасцямі. І без усялякіх фантазій, якія мы ўжо паспелі яму прычапіць. І вось тут пытанне выбару: а што рабіць далей? Кідацца шукаць іншую другую палову (бо гэта бракаваная) ці паспрабаваць нанова пазнаёміцца з рэальнай асобай, якая побач з намі?

Псіхолагі ніякіх канкрэтных адказаў не даюць, яны ўвогуле паняцце ‘каханне’ не любяць. Бо працаваць з ім няпроста: у каго не спытай, кожны з нас укладзе ў гэта слова рознае, сваё. А пасля будзем смяротна мучыцца, што ён казаў “кахаю”, а зусім не так робіць і не тое. Дэшыфроўка не адбываецца, вынік слязлівы, і цяпер “каханне толькі ў фільмах”.

На кансультацыях мы часцей за ўсё выкарыстоўваем слова “блізкасць”, каб абазначыць цяпло, цікавасць, клопат, эмпатыю, радасць (спіс можам працягваць) ад кантакту дваіх. А блізкасць – яна як канцы гумкі. Часам зусім побач, часам нацягваецца – адчуваем аддаленне. І гэтыя расцягванні-сцісканні могуць нават за адзін дзень адбыцца. Не варта палохацца, крыўдзіцца, збіраць валізы і дзяліць ката. Проста так бывае. Проста ніхто не можа быць намі. Проста блізкасць таму і каштоўная, што яна падарунак, а не штодзённая дадзенасць.

Жадаю вам, дарагія чытачы, адчуваць сапраўдную блізкасць і не баяцца цяжкасцяў!

Дзякуй за ўвагу!

Таццяна Палхоўская, псіхолаг

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі