Пра алкагалізм, Божы дар і незалежнасць

У жніўні Каталіцкі Касцёл у Беларусі моліцца ў інтэнцыі цвярозасці. Праблема алкагалізму датычыць значнай часткі грамадства, каб зразумець чаму, не заўсёды трэба зазіраць у статыстыку. Многім беларусам дастаткова прысесці са сваякамi за стол ці раніцай прайсці каля невялікай крамы. Разам з ростам хваробы алкагалізму павялічваецца і колькасць сузалежных асоб. Часцей за ўсё гэта жонкі і маці, таксама дзеці.

Муж гэтай жанчыны ужо 22 гады з’яўляецца цвярозым алкаголікам і дапамагае іншым залежным людзям. Яна адкажа на пытанні пра свой шлях як сузалежнай асобы, пра аспект вернасці, пра захаванне сябе.

– Азіраючыся на ўласнае сямейнае жыццё – да сутыкнення з залежнасцю і пасля, – як бы Вы апісалі свой шлях?

– Алкаголь як праблема для мяне адсутнічаў. Калі я глядзела на людзей пад магазінам, мне здавалася, што яны проста слабавольныя і не могуць прымусіць сябе адмовіцца.

Мой тата, ваенны урач, відавочна, ведаў праблему алкагалізму і вельмі рупліва працаваў над дзецьмі, асабліва над старэйшым сынам. У нас заўсёды была інфармацыя, што алкаголь – гэта шкода, таму ў сям’і залежнасцей не было. Я вельмі ўдзячна бацькам, што вырасла ў здаровай, цвярозай атмасферы.

Калі выйшла замуж, мы хадзілі на розныя мерапрыемствы, сустракаліся з сябрамі, было весела, цікава. У прынцыпе, усё было больш-менш нармальна, пакуль я не заўважыла, што пасля кожнага свята мужу хочацца працягу. Раніцай ён трымаўся, не дазваляў сабе, але вечарам ужо шукаў кампанію, цягнуў мяне да сяброў, і ўсё расцягвалася на некалькі дзён. Так за прыблізна пятнаццаць гадоў актыўнага ўжывання маім мужам алкаголю я зразумела, што ён залежны. Потым даведалася пра яго мінулае і ўсвядоміла, што папала. Шмат было думак. Хацелася ўсё кінуць і адысці. Але стрымлівала тое, што мы павянчаліся, што прагучала абяцанне быць разам у радасці і ў горы, у бядзе і ў хваробе.

Прыйшоў нейкі момант, калі ён сам сказаў: “Я алкаголік”. Канешне, мне стала яшчэ горш. Я пачала шукаць разнастайных урачоў, звярталася за дапамогай у Мінск да вядомых нарколагаў – грошы знікалі, а выніку не было.

Тут хачу зрабіць націск на тым, што хвароба прагрэсіравала, і з майго боку прысутнічала пэўнае памылковае мысленне. Калі муж выходзіў з запою, прасіў прабачэння, абяцаў. Здараліся месяцы, калі ўсё было добра. Я супакойвалася, спадзявалася, што, нарэшце, так яно і будзе. Аднак дзесьці ў глыбіні сэрца ўсё ж чакала, калі зноў пачнецца. І пачыналася, і працягвалася ўсё даўжэй, усё цяжэй. Ён ужо не мог сам выходзіць з запою, патрэбна была медыцынская дапамога, капельніцы, бальніца. Я настолькі апусціла рукі, што чакала, калі ўсё гэта скончыцца. Ведала шмат выпадкаў з сем’яў маіх сяброў, знаёмых і бачыла, што заканчваецца ва ўсіх аднолькава.
З 2000 года пачалася актыўная фаза выздараўлення мужа. Мы лічым, што гэта быў Божы дар. Тады мой муж упершыню прыйшоў на сустрэчу групы ананімных алкаголікаў, і Гасподзь вёў яго. Затым уцёк адтуль, але Гасподзь прывёў яго назад. Дзякаваць Богу, 22 гады прайшло. Ён такі чалавек, які, атрымаўшы дар, тут жа павінен быў ім дзяліцца. Таму пачынаючы з 2000 года, ён гэта робіць.

Тыя метады, якія мы папярэдне выкарыстоўвалі – між іншым, падшыванне, кадзіраванне, – не дапамагалі. Чалавек заставаўся цвярозым, але неверагодна агрэсіўным і проста чакаў моманту, калі можна будзе далей працягваць піць. Мы жылі з вялізнымі складанасцямі і псіхалагічнага, і матэрыяльнага характару. Дар, які атрымалі ў 2000 годзе, цалкам перавярнуў наша жыццё. Муж пачаў вучыцца, як жыць цвярозым, без медыкаментознай альбо наркалагічнай дапамогі звонку.

Адметным момантам у нашай сям’і з’яўляецца таксама тое, што не я прывяла мужа да цвярозасці, а ён прыйшоў да яе самастойна і прывёў мяне да разумення алкагалізму. Я атрымала шмат інфармацыі пра тое, што гэта за хвароба, як з ёю жыць. Пасля таго, як першы раз трапіла ў групу Ал-Анон, калі прачытала літаратуру пра сузалежных людзей, я зразумела, што тое, чым жыла вось гэтыя 14-15 гадоў, было грубейшай памылкай: і патакаць, і выліваць гарэлку ці наадварот прынесці яму, каб замаўчаў, і мець пачуццё віны, якое залежны чалавек пастаянна гадуе ў сузалежным. Гадуе і робіць яго вельмі моцным: “Я п’ю, таму што ты дрэнная”.

Хвароба мужа навучыла мяне быць незалежнай. Я, перш за ўсё, даведалася, што я чалавек і што ні ў чым не вінаватая, што гэта яго хвароба, а не мая. Я ж, будзем казаць так, сапраўды сузалежная, іду паралельнай дарогай. Раз я побач з ім, то выбрала гэты шлях. Іду і стараюся быць незалежнай, стараюся мець і маю свае інтарэсы, свае хобі, захапленні, а таксама штодзённа малюся аб цвярозасці і для мужа, і для ўсёй роднай краіны.

– Улічваючы момант вернасці чалавеку да канца і аспект клопату пра сваё здароўе ды бяспеку, як прыняць правільнае рашэнне: застацца ці адысці?

– Гэты момант вельмі індывідуальны, і жанчына сама павінна вырашыць. Кожны алкаголік п’е па-рознаму. Ёсць людзі, якія выпіваюць і буяняць. Гэта вельмі страшна, і тут нават святар кажа, што калі муж пагражае табе і дзецям, то трэба адысці. Маецца не ўвазе не развод, а сепарацыя. У маім выпадку такога не было. Муж ніколі не біўся.

– Як лічаце, ці магчыма без удзелу ў групе для сузалежных асоб, самастойна прыйсці да ўсведамлення сваёй незалежнасці?

– Магчыма, але трэба, каб нехта расказаў табе пра гэта, трэба мець гэтую ўсвядомленасць. Сузалежны чалавек павінен ведаць, што ні ў чым не вінаваты, што не мае ніякага ўплыву на ўжыванне, што калі залежны п’е, то не таму, што ты вінаваты, а таму што ён алкаголік.

Я лічу, што сузалежны чалавек павінен знайсці сваё “я” і развіваць яго ў сабе. Вельмі часта залежны мужчына п’е ўжо шмат гадоў і нічога ў яго не адбываецца, а сузалежная жанчына адыходзіць з жыцця, таму што ўсё прысвяціла яму, увесь час займалася яго праблемамі, а сабой – не. Ёсць такое паняцце, як жорсткая любоў, то-бок: “Я цябе люблю, але ты жыві сваім жыццём, калі хочаш піць – пі, а мяне гэта не датычыць”. Важна ўсвядоміць, што ты не можаш змяніць алкаголіка. Часам гавораць: “Вось такая жанчына! Яна яго ўратавала”. Магчыма, яна садзейнічала гэтаму, але выратаваць сябе можа толькі сам залежны чалавек. Таксама важнай з’яўляецца павага адзін да аднаго. Ты ведаеш, што ён мае такія ці іншыя звычкі – трэба іх паважаць. Зразумела, што, калі ён мае нешта, што яму падабаецца, няхай ён гэта развівае. Калі яму падабаецца штосьці чытаць ці глядзець, напрыклад, хакей, футбол, або ездзіць на рыбалку, няхай ён гэта робіць, калі такія моманты не прыносяць шкоды для сям’і. То-бок, трэба паважаць яго звычкі, мець свае і такім чынам жыць. Без ідэалаў, таму што ідэалаў няма.

Паводле: Слова Жыцця

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі