Пост можа здавацца чымсьці архаічным нават вернікам, тым больш што сучасныя модныя плыні прапануюць альтэрнатыву таго, што нагадвае пост, бярэ з яго пачатак, і хоць дае рэальныя эфекты, постам не з’яўляецца. Варта задумацца над тым, якое месца займае пост у нашым духоўным жыцці. Магчыма, нешта нам цяжка даецца таму, што мы да канца не разумеем мэты. Ведаем, што трэба пасціць. Заахвочвае нас на гэтага літургічны перыяд Вялікага Посту, але чаму служыць гэтая духоўная практыка, да канца можам сабе не ўсведамляць. З гэтага бярэцца параза ўсіх нашых добрых пастановаў. Памятаючы яшчэ з катехезы, можам сказаць, што пост – гэта адзін з найважнейшых хрысціянскіх учынкаў. Але спроба вытлумачыць, як ён дапамагае нам у духоўным развіцці, магла б напаткаць перашкоды.
Парады св. Тамаша Аквінскага
На шчасце, мы жывём у супольнасці Касцёла, дзе не мусім заставацца самі з нашымі клопатамі і сумненнямі. Заўсёды можам звярнуцца з пытаннем да іншага. І не толькі да таго, хто жыве цяпер, у нашыя часы. Мы можам чэрпаць з духоўнай крыніцы мудрасці тых, чый аўтарытэт пацверджаны Касцёлам і вытрымаў выпрабаванне часам. Адным з такіх аўтарытэтаў, да якога варта звяртацца, ёсць святы Тамаш Аквінскі. Ён хоць і жыў у ХІІІ стагоддзі, але дзякуючы сваёй шматбаковай цікаўнасці пакінуў пасля сябе працы, якія могуць, з невялікай папраўкай на стан актуальных ведаў, быць прыдатнымі ў нашым жыцці. І хоць навука ў галіне ведаў пра чалавека зрабіла вялікі крок, а некаторыя выказванні святога з Аквіну могуць нам здавацца незразумелымі і наіўнымі, чытаючы яго творы, толькі дзіву даешся, як тонка і мудра людзі разумелі рэчаіснасць, у якой жылі, як добра разумелі істоту чалавека, абапіраючыся толькі на свае назіранні і веды тых, хто разважаў у канкрэтным кірунку перад імі. Няхай гэты святы дапаможа нам па-новаму зірнуць на такую добра знаёмую практыку посту, якая можа дапамагчы нам упарадкаваць нашае жыццё.
Пра пост святы Тамаш Аквінскі разважае ў пытанні 147, у другой частцы сваёй шматтомнай працы “Сумы тэалогіі”. Трэба адразу адзначыць, што святы разважае пра пост у сэнсе ўстрымання ад ежы. Хаця і не выключае пераноснага значэння гэтага слова, якое азначае ўстрыманне ад усяго дрэннага, ад таго, што з’яўляецца прычынай граху. У сваёй асаблівай манеры ўпарадкавання ведаў святы Тамаш даследуе, ці пост увогуле ёсць чымсьці добрым, г. зн. ці з’яўляецца цнатлівым дзеяннем, якое дапамагае ўзрастаць нам у добрым. Адказаць на гэтае пытанне важна для адрознення посту ад, напрыклад, звычайнага голаду праз беднасць альбо ў нашыя часы ад дыетаў. Святы з Аквіну піша, што пост дапамагае нам дасягнуць патройнай мэты.
Тры мэты посту
Па-першае, упарадкаваць і ўсмірыць прагненні цела. Не трэба шмат пераконваць нас у тым, што кожны патрабуе панавання над сваімі часта супярэчнымі прагненнямі, якія перашкаджаюць у выкананні абавязкаў і планаў. Са з’явай адкладвання таго, што маем зрабіць, многія з нас знаёмыя не толькі ў тэорыі. Пост дапамагае загартаваць нашую волю, каб усё ж такі нашыя добрыя памкненні маглі ажыццявіцца.
Па-другое, пост мае служыць лепшаму сузіранню рэчаіснасці найвышэйшага ўзроўню. Не забывайма, што наша цела ўплывае на стан нашай душы і наадварот. Мы можам гэта ігнараваць, але чалавек створаны як цэласнасць душы і цела. Таму праз практыку посту можам дапамагчы нашай душы быць больш успрымальнай да духоўнай рэчаіснасці.
Нездарма гаворыцца пра спалучэнне посту з малітвай і міласцінай. Хто з нас у цяперашнія часы перад прыняццем нейкага важнага жыццёвага рашэння пачынае пасціць, каб больш дакладна ўбачыць, што трэба рабіць? Але мы маем добрыя ўзоры такога посту ў Святым Пісанні. Дастаткова ўзгадаць Даніэля, каралеву Эстэру, а ў Евангеллі – калі Езус ідзе ў пустыню ў пачатку свайго служэння, каб там пасціць.
Нарэшце, па-трэцяе, пост з’яўляецца пакутнай практыкай, якая мае кампенсаваць шкоду за ўчыненыя грахі. І гэта з’яўляецца момантам, якім не можам ахарактарызаваць мэту дыеты ці абмежавання ежы ў іншых нехрысціянскіх рэлігіях. Гэта дапамагае нам адрозніць іх ад сапраўднага посту.
Разумнасць посту
Святы Тамаш падкрэслівае, што пост мае быць згодны з розумам, гэта значыць, не можна назваць постам такога стану, калі чалавек становіцца няздольным выконваць сваю працу ці абавязкі. Крытэрыем таго, што пост з’яўляецца ўчынкам цноты, з’яўляецца разумовая пастанова чалавека пра ўстрыманне ад ежы, а значыць, усякі знешні прымус пазбаўляе пост яго значэння.
Пост, паводле святога Тамаша, належыць да цноты ўстрымання. Пытанне ў тым, ці мы хочам развіваць у сабе праз пост дзеянне гэтай ці нейкай іншай цноты. Пра такое прагненне ўжо была гаворка на старонках нашай газеты (гл. №7, 2022). Цнота ўстрымання можа дапамагчы нам рухацца ў нашым жыцці вызначаным курсам, як карабель, якім капітан упэўнена кіруе, нягледзячы на зменлівасць ветру і надвор’я ўвогуле. Гэтая цнота найбольш актуальная ў цяперашнім моры інфармацыі і магчымасцяў, якія нам прапаноўваюцца.
Разважаючы над пытаннем, ці ўсе мусяць практыкаваць пост, святы Тамаш з Аквіну тлумачыць, што ён патрэбны толькі як сродак да дасягнення вышэйзгаданых мэтаў і не можа сам па сабе быць мэтай. Пост як лек, каторы чалавек разумна ўжывае, адкрыўшы такую патрэбу, альбо робіць гэта па рэкамендацыі іншага, хто раіць пост як сродак для паляпшэння духоўнага стану.
Варта звярнуць увагу, што святы Тамаш піша пра пост у кантэксце тагачаснай хрысціянскай культуры, якая не брала пад увагу посту для здароўя альбо прыгажосці, адмаўлення ад ежы, пазбаўленага духоўнага сэнсу. Ён узгадвае, што пост, аднак, ёсць нечым цяжкім у перажыванні, таму не з’яўляецца тым, што можна рэкамендаваць усім. Касцельныя ўлады акрэсліваюць час і спосаб пашчэння для дабра вернікаў, які ўсё ж такі патрабуе гэтага сродку як лякарства ад сваёй грэшнасці. У наш час гэта сфармулявана адным з пяці касцельных наказаў. Прычым варта падкрэсліць, што пост не робіць нас нявольнікамі нейкага наказу, а наадварот, служыць нашаму вызваленню з няволі граху.
У разважаннях над тым, хто можа быць звольнены ад посту, з часоў Сярэднявечча адбыліся некаторыя змены. Цяпер пункт 1252 Кодэксу Кананічнага Права Каталіцкага Касцёла акрэслівае, каго датычацца практыка посту, але так, як і святы Тамаш, заахвочвае да павольнага прызвычайвання да пакутных практык усіх, незалежна ад узросту. Цікавая, але не зусім актуальная заўвага пра тое, што не маюць абавязку посту тыя, хто знаходзіцца ў падарожжы альбо цяжка працуе. Параўноўваючы тагачасныя і сучасныя сродкі транспарту і ўмовы працы, скажам, што яна страціла сваю моц.
Святы Тамаш даследуе таксама, ці адпаведны час выбраны для практыкавання посту як падрыхтоўку да святкавання Пасхі. І зноў жа мэта, якой пост мае служыць, з’яўляецца адказам на пытанне. Гаворачы канкрэтна пра форму посту, святы называе постам адзін дзённы прыём ежы, бо такім чынам мы можам пасціць без шкоды для здароўя. І ён вызначае адпаведны час для посту – каля трэцяй гадзіны пасля поўдня, каб злучыць сваю невыгоду з мукай Хрыста, Які канае, паводле Евангелля, у гэты час.
На заканчэнне разважанняў пра пост святы Тамаш Аквінскі адказвае на пытанне, ад якой канкрэтна ежы трэба ўстрымацца падчас посту. Ён пералічвае мяса, яйкі і малочныя прадукты як тое, што найбольш карыснае, прыемнае ў спажыванні і з’яўляецца ежай, каторая спрыяе з’яўленню ў нашым целе неўладкаваных прагненняў. Аднак ён звяртае ўвагу, што хоць паўсюдным з’яўляецца ўстрыманне ад мяса ў час посту, але абмежаванне іншых прадуктаў залежыць ад звычаяў краіны, у якой мы прабываем. І гэтым зноў жа падкрэслівае, што пост мае вартасць у залежнасці ад мэты, якой дапамагае дасягнуць, а не сам у сабе.
Шмат мудрасці мы можам зачэрпнуць з твораў святога Тамаша з Аквіну, які пісаў, дакладней, дыктаваў, каб іншыя людзі маглі карыстацца тым, што ён адкрыў дзякуючы Божаму дару – розуму. Варта сягаць па гэтыя скарбы, якія прапануе Касцёл.
“Шчаслівы чалавек, які здабыў мудрасць, і чалавек, які набыў розум, таму што іх набыванне лепшае за набыццё срэбра, і карысці ад іх больш, чым ад золата: яны даражэйшыя за каштоўныя камяні. Ніякае зло не можа супраціўляцца мудрасці. Яна добра вядомая ўсім, хто набліжаецца да яе, і нішто з жаданага табою не зраўняецца з ёй” (Прып 3, 13-15).
Айцец Павел Мажэйка ОР, Віцебск
для друку