Увечары, 25 кастрычніка 2025 года, вуліцамі Гнезна (Польшча) прайшла малітва Экстрэмальнага Ружанцовага шляху — ініцыятывы, створанай па прыкладзе Экстрэмальнага Крыжовага шляху. Удзельнікі ахвяравалі свае малітвы і пройдзены шлях за мір — у сваіх сэрцах, у сваіх сем’ях і ва ўсім свеце, у тым ліку ва Украіне.
Гэта незвычайная падзея пачалася са святой Імшы ў Гнезненскай катэдры, якую ўзначаліў айцец Пшэмыслаў Квяткоўскі. Каментуючы евангельскае чытанне, святар падкрэсліў ролю малітвы ў жыцці чалавека, у прыватнасці Ружанца, успомніўшы прыказку: «Як молішся, так і жывеш».
Пасля св. Імшы арганізатары нагадалі ўсім удзельнікам правілы дарожнага руху, заклікалі іх ісці ў цішыні і клапаціцца пра сваю бяспеку. Гэтага было дастаткова, каб усё мерапрыемства прайшло ў атмасферы роздуму, малітвы і ўзаемнай павагі. Каля ста ўдзельнікаў адправіліся ў 10-кіламетровы малітоўны маршрут пры святле ліхтароў.
У гэтую групу ўваходзілі не толькі парафіяне з Гнезна, але і вернікі з іншых парафій архідыяцэзіі — пенсіянеры і моладзь, бацькі з дзецьмі, кансэкраваныя асобы — сёстры і браты розных ордэнаў, а таксама святары. Яны ішлі паасобку або невялікімі групамі, даючы сведчанне малітвы і настойлівасці.
Па дарозе ўдзельнікі маліліся чатырма часткамі Ружанца, разважаючы над 20 таямніцамі з жыцця Езуса і Марыі. Яны ахвяравалі свае малітвы і цяжкасці начной дарогі — за мір. Час ішоў, вулічны шум і гукі машын знікалі — пакуль, нарэшце, не наступіла цішыня, малітва і рытм крокаў. Выгляд людзей, якія ўважліва моляцца, глыбока кранаў. Цішыня і прыгажосць восені яшчэ больш адкрывалі сэрцы для малітвы. Ружанцовыя разважанні заклікалі давяраць Бога, спадзявацца на Яго надзею і знаходзіць мір у паўсядзённых справах.
Былі прадстаўлены нарысы 20 людзей, якія жывуць з надзеяй — людзей, якія, нягледзячы на нязгоды, змаглі даверыцца Богу ў сваім паўсядзённым жыцці. Іх прыклад натхніў перакананнем, што сапраўдная сіла паходзіць з веры і малітвы. Экстрэмальная дарога Ружанца была не толькі духоўным выклікам, але і прыгожым сведчаннем веры і супольнасці — знакам таго, што, нягледзячы на стомленасць і цемру ночы, святло малітвы заўсёды вядзе да Бога.
credo.pro
Пераклад Марыны Ткач
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!