Польшча і аборты: як іх дазвалялі, абмяжоўвалі і што будзе далей

Заканадаўства Польшчы ў справе абортаў з’яўляецца адным з самых жорсткіх у Еўропе. Кампанію ёй складаюць толькі пяць іншых каталіцкіх краін, праўда, значна меншых па памерах: Андора, Ватыкан, Ліхтэнштэйн, Мальта і Манака. Сёння мы тлумачым, у чым асаблівасці польскага заканадаўства і як так атрымалася.

Упершыню аборты ў Польшчы былі часткова легалізаваныя яшчэ ў 1932 годзе.

Тады перапыненне цяжарнасці было дазволенае па строгіх медыцынскіх паказаннях, а таксама ў выпадках згвалтавання, інцэсту або стасункаў з непаўналетнім ва ўзросце да 15 гадоў. Гэта было самае ліберальнае заканадаўства ў Еўропе на той момант пасля СССР. Але безумоўная легалізацыя абортаў мела месца ў Польшчы толькі ў часы нацысцкай акупацыі ў 1943-1945 гадах. Менавіта тады полькі мелі права зрабіць аборт на сваё жаданне. Гэтак Адольф Гітлер змагаўся з ростам насельніцтва на акупаваных славянскіх землях.

У камуністычнай Польшчы лібералізацыя абартыўнага заканадаўства пачалася ў 1950 годзе. І ў 1956-м была прынятая пастанова, што дазваляла прыпыненне цяжарнасці па медыцынскіх паказчыках, калі яна наступіла ў выпадку згвалтавання, або з прычыны цяжкіх жыццёвых умоваў. Апошні пункт хоць фармальна і не дазваляў шырокае правядзенне абортаў, актыўна выкарыстоўваўся для гэтага. Як вынік у 1960 годзе ў Польшчы было зарэгістравана 230 тысяч абортаў.

Пры гэтым перыядычна ўзнікалі ініцыятывы з мэтай абмежавання абортаў, як, напрыклад, гэта зрабіў у 1987 годзе Клуб каталіцкай інтэлігенцыі са Шчэціна, каторы звярнуўся з адмысловым зваротам у Сейм.

Змены ж у заканадаўстве наступілі неўзабаве пасля падзення камуністычных уладаў: 7 студзеня 1993 года Сейм прыняў закон “Аб планаванні сям’і, ахове чалавечага плоду і ўмовы дапушчальнасці перапынення цяжарнасці”. Тады было вырашана, што цяжарнасць можна перапыняць толькі ў трох выпадках: 1) пагрозы жыццю або здароўю цяжарнай (без абмежаванняў па ўзросце плода); 2) высокай верагоднасці цяжкіх і незваротных парушэнняў развіцця плода або невылечнай хваробы, якая пагражае яго жыццю (пакуль плод не зможа жыць самастойна па-за арганізмам цяжарнай); 3) пры абгрунтаваным падазрэнні, што цяжарнасць наступіла ў выніку забароненых дзеянняў (да 12 тыдняў ад зачацця). Названыя пагрозы і падазрэнні павінны пацвердзіць адпаведна лекары і пракурор. Менавіта гэтыя правілы і дзейнічаюць у Польшчы ўжо больш як 30 гадоў.

У 1996 годзе была прынятая папраўка да закону, што дазваляла перапыненне цяжарнасці таксама пры знаходжанні цяжарнай жанчыны ў цяжкіх жыццёвых умовах або цяжкай асабістай сітуацыі. Пры гэтым цяжарная мусіла прайсці абавязковыя кансультацыі і перыяд цішыні. Аднак 28 мая 1997 года Канстытуцыйны Суд заявіў пра неадпаведнасць гэтай папраўкі Канстытуцыі, якая пацвярджае “прававую ахову жыцця чалавека”.

З таго часу ў Польшчы неаднаразова паўставалі разнастайныя ініцыятывы, якія прапаноўвалі як прапісаць у Канстытуцыі абарону жыцця ад моманту зачацця, гэтак і дазволіць аборты. На сваю падтрымку яны збіралі сотні тысяч подпісаў. Перыядычна таксама праходзяць пратэсты як праціўнікаў, так і прыхільнікаў легалізацыі абортаў. Апошнія з 2016 года ладзяць “Чорныя маршы жанчын”.

У выніку зменаў 1993-1997 гадоў колькасць абортаў у Польшчы ўпала больш чым у сотню разоў: са 137 950 у 1980 годзе да 1076 у 2020-м. З апошняй лічбы 98% абортаў было зроблена на падставе эмбрыяпаталагічных прычынаў, г.зн. у выніку высокай верагоднасці цяжкага або незваротнага парушэння развіцця плода або захворвання, якое пагражае яго жыццю.

22 кастрычніка 2020 года Канстытуцыйны Суд Польшчы пасля звароту кіроўнай партыі “Права і справядлівасць” прызнаў, што такі від абортаў супярэчыць асноўнаму закону краіны. Пры гэтым суд заявіў, што ўлады абавязаныя гарантаваць маці да і пасля нараджэння дзіцяці адмысловую дапамогу, бо нельга ўскладаць цяжар выхавання цяжкіх інвалідаў або невылечна хворых дзяцей толькі на маці, паколькі дзяржаўныя органы і грамадства мусяць клапаціцца пра людзей, што апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі. Тым не менш, рашэнне Суда выклікала новыя пратэсты прыхільнікаў легалізацыі абортаў.

Тым часам колькасць абортаў зноў істотна знізілася: з 1076 выпадкаў у 2020-м да 107 і 161 у 2021 і 2022 гадах адпаведна. Аднак у Польшчы застаецца праблема нелегальных абортаў і абартыўнага “турызму” полек у іншыя краіны. Што праўда, маштаб гэтай з’явы адрозніваецца ў залежнасці ад таго, хто пра іх кажа. Прычым даволі моцна. Прыхільнікі легалізацыі абортаў заяўляюць, што ад 80 да 200 тысяч полек штогод вырашаюцца на аборт, праціўнікі – што такіх толькі ад 7 да 14 тысяч.

Пры гэтым меркаванне палякаў у пытанні легалізацыі абортаў змяняецца. І даволі моцна. Гэтак у 1990 годзе за поўную легалізацыю абортаў выступала 18% палякаў, а 23% былі за поўную забарону. У 2010 годзе забарону падтрымлівала ўжо 50% грамадзянаў Польшчы, а супраць яе было 45%. Але ў 2020 годзе 66% апытаных выказвалася за легалізацыю абортаў да 12 дня, а супраць – толькі 26%. Прычым вельмі моцна доля прыхільнікаў дазволу перапынення цяжарнасці вырасла сярод моладзі 18-29 гадоў.

Пытанне абортаў на выбарах у Сейм

Пытанне абортаў адыгрывае важную ролю і перад парламенцкімі выбарамі ў Польшчы ў 2023г. І хоць польскія партыі ў гэтым пытанні падзяліліся, некаторыя з іх не маюць выразнага адказу, што ж рабіць з абортамі.

Сярод буйных партыяў супраць абортаў выступае кіроўная “Права і справядлівасць”. Напрыклад, у 2016 годзе старшыня ПіС Яраслаў Качыньскі казаў пра неабходнасць таго, каб нават выпадкі, “калі дзіця асуджанае на смерць, моцна дэфармаванае, заканчваліся родамі, каб дзіця магло быць ахрышчаным і пахаваным, мела імя».

Таксама і ўльтраправая “Канфедэрацыя” яшчэ ў 2019 годзе называла адным са сваіх прыярытэтаў увядзенне “поўнай абароны жыцця”. Як адзначаюць польскія медыі, у партыі няма нікога, хто б выступаў за легалізацыю абортаў. А некаторыя яе прадстаўнікі нават выступалі за забарону перапынення цяжарнасці з прычыны згвалтавання ці за ўвядзенне пакарання для жанчын і лекараў, якія вырашацца рабіць аборт.

Кампрамісную пазіцыю займае кааліцыя “Трэці шлях”, што аб’ядноўвае Польскую народную партыю (ПНП) і партыю “Польшча 2050”. У ёй праціўнікам абортаў з’яўляецца нават старшыня ПНП Уладыслаў Касіняк-Камыш, прынамсі раней такіх самых поглядаў прытрымліваўся і лідар “Польшчы 2050” Шыман Галоўня. Супраць легалізацыі абортаў галасавалі і дэпутаты ад абедзвюх партый. Тым не менш, у сваёй выбарчай праграме “Трэці шлях” абяцае ў першыя сто дзён пасля перамогі вярнуць разгляд пытання ў Канстытуцыйны Суд і правесці адпаведны рэферэндум.

Найбуйнейшая апазіцыйная сіла – “Грамадзянская платформа” – выступае за паслабленне абартыўнага заканадаўства, але ў пэўных межах. У сваім праграмным дакуменце на гэты конт у 2021 годзе яна падтрымлівала легалізацыю абортаў да 12 тыдняў, але толькі для жанчын у цяжкай сітуацыі і пасля кансультацыі з лекарам і псіхолагам. Аднак у 2022 годзе лідар “Платформы” Дональд Туск заяўляў, што партыя легалізуе аборты на жаданне жанчын да 12 тыдня. Пры гэтым ён казаў, што ў выбарчыя спісы не ўвойдуць тыя палітыкі, хто не падтрымлівае аборты. А такія дэпутаты, прынамсі ў дзейным складзе Сейма, сярод чальцоў “Платформы” былі. Дый на гэтых выбарах партыя ўжо пазбавілася ад кандыдаткі ў дэпутаты, якая выступала за аборты на любым тэрміне цяжарнасці, палічыўшы такія заявы правакацыйнымі.

Прынялі ж яе ў спіс кандыдатаў ад сацыялістычнай кааліцыі “Лявіца”, якая выступае за легалізацыю абортаў да 12 тыдняў і пасля 12 тыдняў у выпадку пагрозы жыцця жанчыне ці цяжкіх праблемаў плода. У 2022 годзе “Лявіца” актыўна падтрымлівала праект “Легальны аборт без кампрамісаў”, які тым не менш не быў рэалізаваны.

А як у Беларусі?

Аборты ў Савецкай Беларусі былі дазволеныя яшчэ ў 1920 годзе, але ў 1936 годзе іх забараніў Іосіф Сталін.

Забарона дзейнічала да 1955 года. Піку аборты дасягнулі ў СССР у 1960-я гады, калі ва ўсім Савецкім Саюзе іх рабілі штогод каля сямі мільёнаў.

У сённяшняй Беларусі ўмовы правядзення абортаў значна больш вольныя, чым у Польшчы. Але і ў нас іх зрабілі больш жорсткімі дзесяць гадоў таму, калі пастановай Савета Міністраў былі скасаваныя некаторыя сацыяльныя паказчыкі для перапынення цяжарнасці.

Тым не менш, і цяпер у Беларусі аборт да 12 тыдняў цяжарнасці з’яўляецца абсалютна дасяжным для жанчын. Паводле сайту адной з мінскіх бальніц, для грамадзянкі нашай краіны ён каштуе 85 рублёў 43 капейкі. Прыязджаюць у Беларусь рабіць аборт і замежніцы. Паводле адпаведных сайтаў, гэтая аперацыя для іх будзе каштаваць 400 долараў за 1-2 дні знаходжання ў стацыянары.

Таксама робяцца аборты па медыцынскіх паказчыках і на больш позніх тэрмінах чым 12 тыдняў. Прычым спіс гэтых паказчыкаў, зацверджаны ў 2014 годзе, даволі шырокі і ўключае ў тым ліку псіхічныя захворванні маці.

Таксама ёсць і два сацыяльныя паказчыкі для перапынення цяжарнасці ў прамежку паміж 12 і 22 тыднямі: цяжарнасць у выніку згвалтавання і цяжарнасць асобы, якую суд ужо пазбавіў бацькоўскіх правоў. У суседняй Расіі з 2012 года застаўся толькі адзін сацыяльны паказчык – згвалтаванне.

Паводле статыстыкі Міністэрства аховы здароўя, у Беларусі за апошнія гады вельмі моцна скарацілася колькасць абортаў.

Калі ў 2000 годзе іх было 121 900, то ў 2022-м – толькі 16 696. Тым не менш, гэта ў 103 разы болей, чым за той жа перыяд у Польшчы. Пры тым, што насельніцтва Польшчы ў чатыры разы большае за насельніцтва Беларусі.

Мечыслаў Гапановіч

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі