Першы святар з Пагошчы. Ксёндз Андрэй Януль цэлебраваў прыміцыйную Імшу ў роднай парафіі

3 мая ў касцёле Божай Міласэрнасці ў Пагошчы (Браслаўскі дэканат) ксёндз Андрэй Януль цэлебраваў сваю першую святую Імшу. 2 мая ён атрымаў прэзбітэрскае пасвячэнне з рук біскупа Віцебскага Алега Буткевіча.

Прыміцыя маладога святара распачалася з блаславення матулі. Пасля святары, дыяканы, семінарысты, родныя, сябры, дзяўчаты ў белых сукенках, якія трымалі вянок, урачыста правялі яго ў касцёл. І хоць ярка свяціла сонейка, але яшчэ ярчэй ззяла ўсмешка на твары ксяндза Андрэя.

У гэты святочны дзень у святыні не было вольных месцаў. Шмат парафіянаў і прыезджых вернікаў сабраліся, каб разам адзначыць значную падзею ў жыцці парафіяльнай супольнасці і памаліцца за новага святара.

На пачатку святой Імшы пробашч парафіі Славамір Самковіч прывітаў новапрэзбітара як брата ў святарскай супольнасці, а таксама ўсіх прысутных.

Ксёндз Андрэй выказаў падзяку Пану Богу за дар паклікання і цэлебраваў святую Імшу ў інтэнцыі памерлага таты Вацлава.

Казанне прамовіў ксёндз Андрэй Хмылко, які з духоўным настаўленнем звярнуўся да новапрэзбітэра і  падкрэсліў, што Езус – Праўда, Дарога і Жыццё.  Гэта праграма жыцця для кожнага хрысціяніна, а асабліва для святара, які павінен браць верніка за руку і весці яго да Бога. Святар дапамагае вернікам знаходзіць сваё месца ў супольнасці Касцёла, яднаць, служыць людзям. Служыць Словам і малітвай. Самая важная задача для святара – абвяшчэнне Евангелля. Ксёндз Алег пажадаў прыміцыянту, каб у ім людзі бачылі Хрыста, а прысутных заахвоціў падтрымліваць святара малітвай.

 

Падчас працэсіі дароў да алтара былі прынесены свечка – сімвал любові, якую Пан Бог запаліў у сэрцах, стула – сімвал улады і святарскай паслугі, келіх – начынне, у якім звычайнае віно становіцца Кроўю Збавіцеля, брэвіярый – сімвал малітвы, хлеб і віно, якія пераўтвараюцца ў Цела і Кроў Хрыста.

Урачыстая святая Імша была ўпрыгожана цудоўным спевам семінарыстаў.

Ксёндз Андрэй выказаў сардэчныя словы падзякі сваёй матулі –  сапраўднай гераіні, якая нарадзіла і выхавала дзесяць дзяцей, уручыў ёй кветкі. Таксама малады святар падзякаваў святарам за падтрымку ў святарскай фармацыі, сёстрам законным, дыяканам, семінарыстам, усім родным, блізкім, парафіянам.

Са словамі віншавання да ксяндза Андрэя звярнуліся парафіяне, родныя, прадстаўніцы супольнасці «Маці ў малітве».

Урачыстасць закончылася прыміцыйным блаславеннем, якое малады святар удзяліў родным, святарам, дыяканам, кансэкраваным асобам, семінарыстам і прысутным вернікам.  Традыцыйна ўсе атрымалі памятныя абразкі, на якіх выява Езуса Міласэрнага.

Гэта было сапраўднае свята радасці і падзякі Пану Богу за новага працаўніка на ніве Пана.

Ксёндз Андрэй Януль атрымаў прызначэнне на служэнне вікарыем у парафіі Святой Тройцы ў Глыбокім.

Алена Пажога, тэкст
Леанід Юрык, фота

для друку для друку