Перэгрынацыя Цудоўнага медаліка ў Верхнядзвінску

13 лістапада парафію Найсвяцейшай Панны Марыі ў Верхнядзвінску наведалі сёстры з Кангрэгацыі Дачок Міласэрнасці святога Вінцэнта дэ Поля (шарыткі) разам з прадстаўнікамі Вінцэнтскай Марыйнай моладзі (Дзеці Марыі), каб расказаць вернікам пра Цудоўны медалік.

Сустрэча адбылася ў рамках падрыхтоўкі да 200-годдзя аб’яўлення Найсвяцейшай Панны Марыі святой Кацярыне Лябурэ, якое будзе адзначацца ў 2030 годзе. Па ініцыятыве Місіянераў святога Вінцэнта дэ Поля і сясцёр Кангрэгацыі Дачок Міласэрнасці 27 лістапада 2021 года ў Польшчы распачалася дзевяцігадовая Навэнна да Маці Божай Цудоўнага медаліка (медаліка Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі). 31 мая 2022 года Каталіцкія Біскупы Беларусі блаславілі сясцёр Кангрэгацыі Дачок Міласэрнасці і Ксяндзоў Місіянераў на правядзенне Навэнны «Цудоўны медалік: знак з Неба і ўказальнік шляху да Неба», у рамках якой запланавана перэгрынацыі медаліка па парафіях Беларусі, распачалася яна 4 верасня з Пінскай дыяцэзіі.

У Віцебскай дыяцэзіі ў гэтым годзе медалік наведае тры парафіі. 16 кастрычніка сёстры шарыткі пабывалі ў Браславе, цяпер — Верхнядзвінск, а 27 лістапада Цудоўны медалік сустрэнуць у парафіі Святой Барбары ў Віцебску.

Каб расказаць пра Цудоўны медалік і аб’яўленні маці Божай у Верхнядзвінск прыехалі с. Ірына Грыгаровіч Fdlc з Шуміліна і с. Валянціна Гацкевіч Fdlc з Мінска. Пасля святой Імшы с. Ірына распавяла гісторыю аб’яўленняў Маці Божай св. Кацярыне Лябурэ, засяродзіўшы асаблівую ўвагу на надзвычайнай моцы Цудоўнага медаліка для тых, хто яго носіць з пашанай. Сястра заклікала маліцца да Маці Божай Цудоўнага медаліка аб неабходных ласках для сябе і сваіх блізкіх, а асабліва для тых, хто адыйшоў ад Бога, аб іх навяртанні.

Пасля Ірына і Ульяна, дзяўчаты якія прыехалі разам з сёстрамі з Мінска і з’яўляюцца прадстаўнікамі Вінцэнтскай Марыйнай моладзі, раздалі ўсім прысутным невялікія буклеты «Дар Марыі» з гісторыяй і сутнасцю аб’яўленняў Маці Божай.

Затым усе разам памаліліся Навэннай да Маці Божай, якая аб’явіла Цудоўны медалік, просячы аб Божых ласках для кожнага з прысутных, нашай краіны і ўсяго свету. На заканчэнне сустрэчы сёстры разам з моладдзю ўручылі ўсім жадаючым медалікі. Дарэчы, тэкст малітвы на медаліках выгравіраваны на беларускай мове.

Kascelmery.by

для друку для друку