Перажыць інфаркт мозга, адчуць дапамогу Маці Божай і стаць студэнткай у 45. Гісторыя Надзеі Кавецкай

Ёсць жанчыны, якія прыцягваюць да сябе ўвагу. Падаецца, што яны зіхацяць знутры. Гэтыя асобы надзеленыя незвычайным хараством. Яго нельга стварыць дэкаратыўнай касметыкай, модным адзеннем або касметалагічнымі працэдурамі. Такую прыгажосць можа даць толькі чысціня душы і дабрыня сэрца.

Месяц таму я пазнаёмілася з незвычайнай жанчынай, якая з першых хвілін прывабіла мяне менавіта такім хараством. Надзея Кавецкая ў той дзень прыйшла здаваць іспыты, каб паступіць у Мінскі тэалагічны каледж святога Яна Хрысціцеля. Разам з ёй прыйшла і яе старэйшая дачка Настасся. І Надзея, і Настасся адчувальна хваляваліся, стараліся прыгадаць пэўныя пункты з катэхізіса. У выніку абедзве сталі навучэнкамі вышэй названай навучальнай установы.

У рэлігійным жыцці Надзеі Кавецкай былі розныя перыяды. Яна выхоўвалася ў хрысціянскай сям’і, бацькі прыходзілі ў храм па вялікіх святах. Аднак штодзённай рэлігійнай практыкі не было. Вялікі ўплыў у духоўным станаўленні дзяўчынкі адыграла яе бабуля. Яна была праваслаўнай. Сваім жыццём жанчына паказвала ўнучцы важнасць добрых хрысціянскіх паводзінаў. Надзею ў дзяцінстве ахрысцілі ў касцёле вёскі Краснае. Да дваццаці гадоў яе адносіны з Богам былі на некаторай дыстанцыі. Як і ўсе дзяўчаты, яна жыла звычайнымі клопатамі: думала пра паступленне, будавала адносіны з супрацьлеглым полам. Многае ў жыцці Надзеі змяніла сустрэча з будучым мужам Аляксандрам, які паходзіў з каталіцкай сям’і, што практыкавала веру. Надзея і сёння прыгадвае бабулю свайго нарачонага – сціплую жанчыну, якая не выпускала ружанца з рук. Дзяўчына з захапленнем глядзела на бабулю. Менавіта тады ў яе сэрцы сталі зараджацца зернейкі глыбіннай веры.

Ішоў час. Надзея і Аляксандр вырашылі ажаніцца. Бацькі з абодвух бакоў хацелі, каб іх дзеці ўзялі шлюб і пачалі сумеснае жыццё з Богам. Перад гэтым Надзея пачала рыхтавацца да Першай Камуніі. Вялікае ўздзеянне на яе аказаў вішнеўскі ксёндз Уладзіслаў Чарняўскі, які простымі словамі распавядаў пра Бога. У той час дваццацігадовая Надзея пачала ўспрымаць Хрыста як добрага сябра, жыццёвага дарадцу, галоўнага правадніка па жыцці. Праз тыдзень пасля прыняцця Першай Камуніі пара закаханых пабралася шлюбам у касцёле святога Юзафа, што ў Маладзечне. Перад тронам Усемагутнага закаханыя шлюбавалі любоў, вернасць і адданасць адно аднаму.

З цягам часу маладая сям’я атрымала кватэру ў Маладзечне. Муж і жонка сталі наведваць парафію святога Юзафа, у якой служыў ксёндз-пралат Эдмунд Даўгіловіч-Навіцкі. Асоба святара аказалася прыцягальнай для маладой сям’і. Надзея і Аляксандр пачалі жыць актыўным хрысціянскім жыццём, сталі ўдзельнікамі рухаў “Хатні касцёл” і “Назарэт”.

Дзякуючы супольнасцям муж і жонка глыбей пазнавалі Бога, вучыліся бачыць глыбінныя рэчы.

У сужэнстве нарадзілася трое дзяцей – Настасся, Станіслаў і Вераніка. Некалькі гадоў таму Надзея вырашыла стаць удзельніцай “Школы сямейнага жыцця”. Пайсці вучыцца разам з мамай выказала жаданне і старэйшая дачка – Настасся. Першапачаткова Надзея скептычна адрэагавала на гэтае жаданне, бо ў той час дзяўчына вучылася на факультэце рамана-германскай філалогіі. Маме думалася, што сумяшчаць навучанне будзе складана. Але, бачачы жывое жаданне дачкі, яна згадзілася. Так Надзея і Настасся  распачалі навучанне ў “Школе сямейнага жыцця”. Аднак маме так і не давялося давучыцца…

Шаснаццатага кастрычніка 2023 года адбылася падзея, якая цалкам змяніла яе адносіны да жыцця. У жанчыны здарыўся інфаркт мозгу. Ранейшае актыўнае жыццё цалкам змянілася. Надзея была прыкаваная да ложка і цалкам залежала ад догляду медыцынскага персаналу. Яна не магла самастойна маліцца. Першапачаткова такі стан прыводзіў яе ў жах. Да гэтай падзеі жанчына працавала кансультантам у банку, падарожнічала і жыла актыўным жыццём. У адзін момант усё змянілася. Сям’я Кавецкіх была ў роспачы. Аляксандр адразу звярнуўся да святара па малітоўную падтрымку і дапамогу. Не толькі святар, але і супольнасці “Хатняга касцёла” і “Назарэта” далучыліся да няспыннай малітвы за хворую. Акрамя таго, малітоўнай падтрымкай хворую атулялі знаёмыя і сябры Кавецкіх. Ахвяравала малітвы ў гэтай інтэнцыі і сям’я. Вечарамі бацька разам з дзецьмі станавіўся на калені і маліўся на ружанцы аб здароўі жонкі і мамы.

Дні ў шпіталі былі пакутлівымі і доўгімі. Надзея штодня імкнулася прымаць свой стан з пакорай і дзіцячым даверам. Аднойчы яна пачула размову дзвюх супрацоўніц, якія расказвалі пра тое, што жанчына прыносіла свайму хвораму мужу святую ваду, змочвала сурвэтку і прыкладала да хворага месца. Яе малітва і дзіцячы давер у хуткім часе зрабілі цуд – хворы пайшоў на папраўку. Пачуўшы гэтую размову, Надзея яшчэ больш умацавалася ў веры. Яна прыгадала, што дома ёсць некалькі бутэлечак вады, прывезеных з касцёла ў Барунах. Тады хворая папрасіла свайго мужа разліць ваду ў маленькія бутэлечкі для зручнасці і прынесці ёй у лякарню.

Штодня жанчына малілася да Божай Маці і прасіла яе пра цуд аздараўлення. З вялікім даверам яна ўзносіла просьбы да Багародзіцы.

І паступова яе стан пачаў паляпшацца. Пакрысе жанчына пачала больш актыўна рухацца, як дзіця, радавалася кожнай чарговай перамозе над хваробай. Аднойчы ўрач, зайшоўшы ў палату, моцна здзівіўся, што яна так хутка папраўляецца. Надзея ведала, што ў гэтым заслуга Нябеснай Матулі, Якая яе ўмацоўвае.

Штодня ў палаце гучала Божае Слова ў аўдыёфармаце. Калі Аляксандр пытаўся, што прынесці ў лякарню, Надзея прасіла кветкі. Кожны дзень на падаконніку з’яўляўся новы букет, а пакой напаўняўся прыемным водарам. Медыцынскія сёстры часта заходзілі да Надзеі, каб паглядзець, якія кветкі ўпрыгожылі палату сёння. Душа жанчыны патрабавала каштоўнага і прыгожага. Здаецца, Божае Слова, штодзённая малітва і кветкі лячылі хворую не горш за мікстуры і кропельніцы. У дзень выпіскі скончылася апошняя бутэлечка барунскай вады. Жанчына ад усяго сэрца падзякавала Маці Божай за клопат і апеку. З бальніцы яна выходзіла іншым чалавекам. На развітанне ўрачам, медыцынскім сёстрам і санітаркам Надзея падрыхтавала кветкі і духмяны торт.

На наступны дзень яе чакала рэабілітацыя. У ляжачым становішчы муж адвёз жанчыну ў рэабілітацыйны цэнтр. Аднак прабыла там Надзея толькі адзін дзень. Яна зразумела, што галоўныя лекі для яе цяпер – гэта дзеці, муж, касцельная супольнасць. Назаўтра яна напісала заяву, у якой адмовілася ад далейшай рэабілітацыі. Дома маму сустракалі Насця, Вераніка і Станіслаў. З вялікай радасцю яны абдымалі самага дарагога і любімага чалавека.

Цяпер жанчына па-іншаму глядзіць на жыццё. Яна разумее, што дабрабыт, здароўе – гэта не шараговыя рэчы, а вялікі дар Бога. Кожны дзень Усемагутны Айцец абуджае сваіх дзяцей, аберагае іх на працягу дня ад розных небяспечных сітуацый і смерці. У Яго руках – лёс і здароўе кожнага чалавека.

Сёння Надзея адчувае сябе значна лепш, хоць наступствы хваробы яшчэ нагадваюць пра сябе. Яна вырашыла, што з гэтага часу будзе аддаваць Нябеснаму Айцу свае здольнасці і таленты, не баяцца Божых натхненняў. Калі жанчыне прыйшла думка паступіць у Мінскі тэалагічны каледж, яна не стала яе адсоўваць, а цалкам паддалася волі Айца. Паглыбіць і ўмацаваць свае веды вырашыла і старэйшая дачка – Настасся. Дачка і мама з даверам уваходзяць у новы навучальны год і спадзяюцца на бясконцую Божую міласэрнасць.

З моманту хваробы Надзеі прайшоў амаль год. Яна часта наведвае хворых у лякарні. Прыходзячы да іх, жанчына заўсёды прыносіць ім бутэлечку вады з касцёла ў Барунах, бо верыць, што Нябесная Мама можа дапамагчы хворым нават у самай складанай сітуацыі.

Дванаццатага кастрычніка цудадзейны абраз Маці Божай Барунскай будзе каранаваны. Надзея спадзяецца наведаць санктуарый у Барунах, каб падзякаваць Суцяшальніцы засмучаных за цуд і папрасіць далейшай дапамогі.

Марта Венславовіч

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі