18 снежня ў касцёле Найсвяцейшага Сэрца Езуса ў Наваполацку адбылася перад Божым Нараджэннем сустрэча святароў, якія служаць на тэрыторыі Віцебскай дыяцэзіі. Духавенства сабралася, каб памаліцца разам са сваім ардынарыем і скласці ўзаемныя пажаданні з надыходзячымі Калядамі.
Перад святой Імшой, якую цэлебраваў пастыр Віцебскай дыяцэзіі біскуп Алег Буткевіч, была супольная малітва брэвіярыя і асабістая ў цішыні ў прысутнасці Езуса ў Найсвяцейшым Сакраманце.
Як і падчас лістападаўскай сустрэчы ў Мёрах, адметнай рысай стала святая Імша на лацінскай мове — мове Касцёла.
Спачатку Яго Эксцэленцыя прывітаў усіх і зазначыў, што гэтая сустрэча яднае прысутных. “Маем добрую нагоду сустрэцца разам, каб павіншаваць адзін аднаго і перажыць самім. Каб не толькі рыхтаваць і дапамагаць людзям перажываць святы, але і самім адчуць гэтую блізкасць і радасць Божага Нараджэння. Каб у нашым служэнні для людзей, асабліва ў гэты перыяд, мы перад усім гэтую ласку шукалі і прасілі аб ёй для нас саміх, не занядбоўваючы ўласнае збаўленне душы і сэрца”, — зазначыў біскуп Алег.
Пасля Імшы, падчас арганізацыйнай сустрэчы былі прадстаўлены бліжэйшыя запланаваныя мерапрыемствы ў дыяцэзіі:
- 25-28 снежня – жывая батлейка каля касцёла ў Удзеле (час наведвання 10.00-20.00)
- 27 снежня – Прэзентацыя кнігі пра кс. Ёзаса Бульку з нагоды 100-годдзя з дня яго нараджэння (касцёл св. Ганны ў Мосары, 10.30 – прэзентацыя, 12.00 – св. Імша)
- 28 снежня — Абрад закрыцця юбілейнага года ў Віцебскай катэдры Езуса Міласэрнага
- 29 снежня — Дыяцэзіяльны Фестываль батлеек у Віцебску (10.30, дом культуры Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны, вул. 1-я Даватара 7/11)
- 3 студзеня 2026г. – Фестываль каляднай песні “Зорка Бэтлеема” у Мёрах (10.00, раённы Цэнтр культуры і народнай творчасці, пл. Леніна, 14).
Не абышлася сустрэча і без віншаванняў юбіляраў: 50 год з дня нараджэння 16 снежня адзначыў кс. Віталь Галец, 25 год святарства 12 лістапада адзначылі кс. канонік Валерый Орсік, кс. Алег Півавар і кс. Славамір Самковіч.
Радасным момантам гэтага спаткання ў Наваполацку стала дзяленне сімвалам еднасці — аплаткам. Біскуп, святары і кансэкраваныя асобы абмяняліся святочнымі пажаданнямі на Божае Нараджэнне, пасля чаго перайшлі да смачнага пачастунку і неафіцыйных размоў.
Марына Сінкевіч, тэкст
Леанід Юрык, фота
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!






























